Вось ужо 10 гадоў працуе Свіслацкі раённы Дом рамёстваў, які з’яўляецца дзяржаўнай культурна-асветніцкай установай. Дзейнасць яго накіравана на захаванне, зберажэнне i прапаганду лепшых здабыткаў народных рамёстваў.
Аб тым, чым сёння жыве гэта ўстанова мы гутарым з яе дырэктарам А. М. Васілька.
– Аксана Мікалаеўна, з якой мэтай быў створаны Дом рамёстваў?
– З даўніх часоў наша Свіслаччына славіцца cвaiмi майстрамі. Каб адрадзіць усё, што, на жаль, было страчана, каб заахвоціць моладзь і дзяцей пераняць ад самабытных майстроў іх справу, каб развіваць таленты маладых, і быў створаны наш Дом рамёстваў.
– Так, што датычыць таленавітых людзей, то імі наша Свіслаччына заўсёды славілася. А як гэта выглядае сёння?
– У раёне налічваецца больш за 60 дзейнічаючых майстроў. З усімі наладжаны кантакт і супрацоўніцтва. З мэтай аб’яднаць іх на базе раённага Дома рамёстваў быў створаны аматарскі клуб «Таямніцы бабуліных куфраў». На пасяджэннях клуба праходзяць цікавыя сустрэчы i забаўляльныя мерапрыемствы, тэматычныя дыспуты, абмяркоўваюцца існуючыя праблемы i магчымасці ix вырашэння, плануецца сумесная творчая дзейнасць. Майстры раёна – актыўныя ўдзельнікі выставаў народнай творчасці, якія праходзяць у межах раённых, абласных, рэспубліканскіх i міжнародных мерапрыемстваў.
– Я ведаю, што практыкуюцца таксама і персанальныя выставы.
– Так, гэта адна з папулярных форм работы з майстрамі: магчымасць паказаць гледачам i першыя пробныя работы, i майстарскія, сур’ёзныя. Усё гэта з’яўляецца моцным стымулам на будучым творчым шляху.
– А якая работа вядзецца з дзецьмі?
– З мэтай развіцця творчых здольнасцей дзяцей i моладзі i арганізацыі ix вольнага часу працуюць rypткі «Плеценыя цуды», «Жар-птушка», «Ласкуток», «Рукатворныя мелодыі», «Чароўная гліна», «Традыцыйны беларускі pocпic». Гурткі створаны на платнай аснове (20 тысяч рублёў у месяц). Уciмi неабходнымі матэрыяламі i прыладамі для працы навучэнцаў забяспечвае Дом рамёстваў. Свае прыгожыя вырабы ўдзельнікі гурткоў зaбipaюць у сваю хатнюю калекцыю.
– Не сакрэт, што супрацоўнікі Дома рамёстваў шмат увагі ўдзяляюць маладым людзям з абмежаванымі магчымасцямі.
– Для работы з маладымі інвалідамі ва узросце 18–35 гадоў было створана аматарскае аб’яднанне «Палёт душы». Раз у тыдзень хлопцы і дзяўчаты наведваюць творчую майстэрню, дзе не толькі асвойваюць розныя віды i тэхніку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але i вучацца адаптавацца да жыцця ў грамадстве.
– Якія яшчэ формы работы выкарыстоўвае Дом рамёстваў?
– У сваёй рабоце мы практыкуем выставы-продажы, экскурсіі, лекторыі, майстар-класы. Апошнія, дарэчы, з’яўляюцца самымі папулярнымі. Яны ўяўляюць сабой абмежаваны ў часе занятак з майстрам па авалодванні рознымі відамі рамёстваў i дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (кошт за індывідуальны майстар-клас складае 30 тысяч рублёў, групавы – 70 тысяч).
Дом рамёстваў актыўна супрацоўнічае з арганізацыямі горада i раёна, аказвае метадычную i практычную дапамогу ў афармленні прафесійных выстаў, падрыхтоўцы да творчых конкурсаў і г.д. Супрацоўнічаем мы і з уладальнікамі агра-эка-сядзібаў, дапамагаем рэалізацыі нацыянальнага рэгіянальнага сувеніра далёка за межамі раёна.
З пачатку 2012 года ў выставачнай зале Дома рамёстваў дзейнічае выстава-продаж рамесных вырабаў i вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. З’яўляючыся прыхільнікамі адраджэння культуры традыцыйнага прыродавыкарыстання, у якасці сыравіны для вырабу прадметаў быту i сувенірнай прадукцыі майстры раённага Дома рамёстваў выкарыстоўваюць натуральныя матэрыялы: гліну, лазу, салому, ільняное валакно, лыка і іншую сыравіну.
Дзверы нашага Дома рамёстваў шырока адчынены для прыхільнікаў народнай i аматараў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Гурткі i аматарскія аб’яднанні чакаюць новых удзельнікаў, новых сумесных творчых ідэй i цікавых сустрэч.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.