
Урачыстаць разгарнулася ля магазіна. Менавіта ў гэтым месцы часцей за ўсё сустракаюцца аднавяскоўцы, дзеляцца сваімі радаснымі навінамі і набалелым, успамінаюць былы час, калі сяло гаманіла, жыло. 10 жніўня тут было шматлюдна, як ніколі. Сабраліся заслужаныя механізатары, жывёлаводы, паляводы, настаўнікі, работнікі паштовай сувязі, гандлю, лесу, нарыхтоўшчыкі. У ліку ўдзельнікаў свята і старшыня Навадворскага сельскага Савета У. В. Здановіч. Ён падзякаваў сяльчанам за працу і адзначыў іх уклад у развіццё гаспадаркі і вёскі каштоўнымі падарункамі.
Сярод узнагароджаных – заслужаны жывёлавод С. П. Ярашук. Працоўную дзейнасць Станіславы Пятроўны нельга ўявіць без былой малочнатаварнай фермы «Шурычы». Як і іншыя жывёлаводы, старалася, працавала, даглядала кароў і цялят. Яе старанні і добрасумленныя адносіны да працы былі адзначаны бронзавым медалём Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Станіслава Пятроўна не сядзіць на месцы: завіхаецца па гаспадарцы, дапамагае гадаваць унукаў.

Працоўны стаж былога механізатара А. Ф. Дзямянчыка налічвае дзясяткі гадоў. За працоўныя поспехі ўзнагароджаны медалём. Прыкладам у працы ён служыў не толькі для калег-механізатараў, але і для суседзяў. Заўсёды прыемна было зайсці на прыбраны падворак і ва ўтульны дом Антона Францавіча і Агрыпіны Яўгенаўны. Усё па-гаспадарску, з толкам. Хапала ім часу і на дзяцей: выгадавалі і выхавалі пяцёра памочнікаў. Вось толькі зараз сумна Антону Францавічу без другой палавінкі. Добра, што дзеці, унукі і праўнукі не забываюць, адведваюць. Памятае пра такіх руплівых працаўнікоў і ўдастойвае іх падарункаў кіраўніцтва гаспадаркі.
Былі адзначаны на свяце і мясцовыя майстрыхі – А. К. Ярашук і Д. Ф. Славецкая. Іх квяцістымі дыванамі-шэдэўрамі была прыбрана святочная пляцоўка. Добрыя словы прагучалі і ў адрас самай сталай жыхаркі вёскі С. М. Адашчык, якая перакрочыла 90-гадовы юбілей. Яна, як і большасць вясковых жанчын, усё жыццё працавала ў саўгасе. «Калі жанчына па стану здароўя не змагла наведаць свята, дык гэта не значыць, што мы не павінны адведаць яе», – адзначыў старшыня сельсавета Уладзімір Васільевіч. Падарунак атрымала і самая маленькая жыхарка вёскі – Карына Лобач.

Перад святам сярод жыхароў вёскі сельвыканкамам быў аб’яўлены конкурс на лепшы падворак. І перамагла ў ім Г. М. Лобач. Трэба адзначыць, што не без удзелу дзяцей і ўнукаў, якія вельмі часта наведваюцца да Ганны Міхайлаўны.
Заўсёды ў руху, за справамі, асабістымі і грамадскімі, можна сустрэць у вёсцы старасту В. Б. Крупу. Змераць артэрыяльны ціск, даставіць лекі, выканаць іншыя даручэнні аднавяскоўцаў – гэта ўжо як абавязак для Веранікі Баляславаўны. Былая бібліятэкар на працягу многіх год збірае цікавыя вершы і запісвае іх у сшытак ці на дыктафон мабільнага тэлефона. Шмат там вершаў пра маці. Адзін яна зачытала на свяце як зварот да маладога пакалення.
Вельмі шчыра і цёпла выказаліся аб роднай вёсцы былыя суседкі А. І. Адашчык і М. Г. Качко:
– Шурычы былі самай вясёлай вёскай. Столькі многа дзяцей падрастала! Усе былі дружныя, дапамагалі адзін другому. Самыя цікавыя гады жыцця прайшлі менавіта ў Шурычах. Таму мы любім сваю вёсачку, ганарымся ёю, будзем заўсёды сюды прыязджаць і даглядаць яе. Хочацца павіншаваць сваіх землякоў са святам вёскі, пажадаць ім здароўя і даўгалецця.
Усе жыхары Шурычаў засталіся задаволеныя святам і выказалі шчырыя словы падзякі арагнізатарам мерапрыемства – сельсавету і УСП «Новы Двор-Агра».
Скончылася ўрачыстасць, і па заведзенай нядзельнай традыцыі ўсе жыхары вёскі паспяшаліся ў каплічку, дзе ў сваіх малітвах падзякавалі Богу за жыццё, папрасілі ў яго здароўя і сіл.
...Праз некаторы час у вёску вярнулася цішыня. Толькі ў памяці сяльчан яшчэ доўга будуць усплываць хвалюючыя моманты свята.
P.S. Рэпартаж са свята вёскі можна паслухаць на хвалях раённага радыё на частаце 105,9 МГЦ у панядзелак, у 6 гадзін 25 хвілін.
На снимках: Удзельнікі свята ў добрым настроі; У цэнтры ўвагі – юбіляры; Падарунак за лепшы двор Г. М. Лобач уручае старшыня сельсавета У. В. Здановіч.
Алена КЕДЗІК (тэкст і фота).