
Аўтарамі працы, вынікам якой гэта стала магчыма, з’яўляюцца настаўнік гісторыі Аляксандр Валер’евіч ПЯСЕЦКІ і вучаніца 9 класа Анастасія КРЭЎЧЫК. На рэспубліканскай навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі ў Жлобіне работа была высока ацэнена кампетэнтным журы і ўвойдзе ў зборнік па яе выніках. Яна мае прыкладное значэнне і можа быць выкарыстана пры правядзенні ўрокаў гісторыі Беларусі, экскурсій у школьным музеі, правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў, стварэнні турыстычных даведнікаў.
Мы папрасілі даследчыкаў пазнаёміць нашых чытачоў са сваімі знаходкамі.
– Насця, што падштурхнула цябе да вывучэння гэтай тэмы?
– Мяне зацікавіла гэта тэма, па-першае, таму, што займацца гісторыяй свайго роднага краю, як мне здаецца, павінны не толькі даследчыкі гісторыі. Цікавіцца мінулым патрэбна ўсім, хто лічыць сябе грамадзянамі сваёй Радзімы і проста цывілізаванымі людзьмі. Гістарычнае бяспамяцтва можна разглядаць зараз як прыклад непаўнацэннасці. Па-другое, я з’яўляюся членам савета музея школы, дзе адказваю за экспазіцыю, прысвечаную зараджэнню адукацыі на Свіслаччыне.
– Але ж мы і так дастаткова шмат ведаем пра настаўнікаў і вучняў Свіслацкай гімназіі. Што новага ты хацела сказаць сваім даследаваннем?
– Існаванне Свіслацкай гімназіі – гэта адна з найбольш яскравых старонак у гісторыі нашага краю. Заснаваная ў 1804 годзе як Гродзенская губернская акадэмічная гімназія для навучання моладзі з Брэсцкага, Пружанскага, Кобрынскага, Ваўкавыскага, Слонімскага і Гродзенскага паветаў і адкрытая ў 1805 годзе, яна дала Беларусі шмат знакамітых асоб. Гэта рэвалюцыянеры Віктар Гельтман і Канстанцін Каліноўскі, вучоныя Восіп Кавалеўскі і Томаш Аўгусціновіч, мастак і кампазітар Напалеон Орда.
Мэта майго даследавання – вывучэнне навуковых даследаванняў выкладчыкаў і выхаванцаў Свіслацкай гімназіі.
Зыходзячы з мэты я паставіла задачы вызначыць прычыны высокага ўзроўню выкладання прадметаў у гімназіі; даследаваць жыццё і дзейнасць вучоных-выкладчыкаў і выхаванцаў Свіслацкай гімназіі; папоўніць новымі экспанатамі школьны музей адукацыі Свіслацкага раёна; стварыць электронны рэсурс для правядзення экскурсій па школьным музеі.
У аснову майго даследавання пакладзена гіпотэза: у Свіслацкай гімназіі быў высокі ўзровень выкладання. Сабраным матэрыялам я імкнулася пацвердзіць гэтую гіпотэзу.
– Пэўна ж, прыйшлося вывучыць шмат літаратуры па тэме, каб прывесці доказы?
– У сваім даследаванні я выкарыстала мемуары Леана Зяньковіча і графа Леана Патоцкага, выпускнікоў Свіслацкай гімназіі, навуковыя працы яе выкладчыкаў і выпускнікоў Восіпа Кавалеўскага, Томаша Аўгусціновіча, кнігу «Зямля Ваўкавыская» даследчыка Вітальда Карпызы, матэрыялы школьнага музея гісторыі адукацыі Свіслацкага раёна.
– Якімі знаходкамі ты парадавала школьны музей?
– У сваёй працы я расказала пра настаўнікаў гімназіі Леана Бароўскага, які выкладаў рыторыку, паэзію, граматыку, Максіміліяна Якубовіча – настаўніка латыні, грэчаскай мовы, старажытнай літаратуры, Казіміра Храмінскага – даследчыка гісторыі польскай літаратуры.
Свіслацкую гімназію скончылі заснавальнік манголазнаўства, выдатны расійскі і польскі даследчык Усходу Восіп Кавалеўскі, батанік-фалькларыст і энтамолаг Станіслаў Батыс Горскі, які быў першым польскім даследчыкам флоры ў Белавежскай пушчы, вучоны-батанік Томаш Аўгусціновіч.
Маё даследаванне – аб іх. Усе яны пакінулі аб сабе след у навуцы. Асабліва значнай і найбольш вядомай у свеце сярод іх з’яўляецца асоба Восіпа Кавалеўскага. Леан Бароўскі вядомы як настаўнік Адама Міцкевіча і прадказальнік яго геніяльнасці. Максіміліян Якубовіч напісаў «Граматыку польскай мовы». Сферай літаратурных інтарэсаў Храмінскага быў час праўлення караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта II, якому было прысвечана даследаванне «Трактат пра караля Жыгімонта і яго праўленне». Станіслаў Горскі быў дырэктарам батанічнага саду Віленскага ўніверсітэта. Яго першая праца звязана з Белавежскай пушчай. Малады даследчык наведваў пушчу два разы. Знайшоў расліны, якія зубры часцей за ўсе выкарыстоўваюць у ежу, апісаў 40 відаў траў і раслін.
Томаш Аўгусціновіч напісаў вучэбны дапаможнік для студэнтаў «Хірургічныя інструменты», трактат «Аб дзікарослых лекавых раслінах Палтаўскай губерні», артыкул «Жыццё рускіх і іншанародцаў на востраве Сахалін». Аўгусціновіч быў першым вучоным-батанікам, які пранік у Сібір. Вынікам яго навуковай працы стаў гербарый з 40 тысяч відаў сібірскіх раслін. У нарысе «Тры гады ў Паўночна-Усходняй Сібіры за Палярным кругам» Аўгусціновіч апісаў суровае жыццё золаташукальнікаў на Лене і Віціме. Ён пакінуў апісанне характару народнасцяў, якія насялялі сібірскія землі: юкагіраў, чуванцаў, амокаў, эвенкаў.
Апошнюю сваю паездку наш зямляк ажыццявіў у 1880 годзе, праплыўшы параходам з Адэсы праз Індыйскі і Ціхі акіян на Сахалін. У час падарожжа ён сабраў шмат узораў раслін, рыб, паўзуноў, насякомых. Гэту калекцыю Томаш Аўгусціновіч перадаў у Пецярбург – у Галоўны батанічны сад і Батанічны сад Акадэміі навук.
Пяру Томаша Мацвеевіча належаць таксама артыкулы «Вытрымкі з пуцявых запісак знаходжання на востраве Сахалін» і «Нататкі аб востраве Сахалін». Калекцыі нашага земляка склалі аснову для вывучэння расліннага свету паўночна-усходняй Азіі. Яны не страцілі навуковай каштоўнасці і ў наш час. На працы Томаша Аўгусціновіча спасылаўся рускі пісьменнік Антон Чэхаў у сваёй кнізе «Востраў Сахалін». У яго гонар названы адзін з відаў асакі – Cavex Augustynowiczii Meinsh.
– Аляксандр Валер’евіч, а якімі экспанатамі ў выніку навуковай работы папоўніўся школьны музей? Як гэта наогул адбываецца, як знаходзяць экспанаты?
– Вывучаючы літаратурныя крыніцы, мы атрымалі шмат спасылак на іншых аўтараў. Звяртаючыся да новых крыніц, адшуквалі альбо назвы прац, альбо фотаздымкі, якіх да гэтага часу не мелі. І такім чынам «разжыліся» творамі Леана Патоцкага «Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану», «Мангольскай хрэстаматыяй» і «Мангола-руска-французскім слоўнікам»Восіпа Кавалеўскага, даследаваннем Томаша Аўгусціновіча «Жыццё рускіх і інародцаў. Востраў Сахалін». Ёсць зараз у музеі кнігі Леана Зяньковіча «Публічны курс «Палітычныя даследаванні польскай літаратуры» і «Альбом Пшонкі», кніга Караля Нямцэвіча «Успаміны».
Да работы над гэтай навуковай працай у нас не было здымкаў Станіслава Горскага, Люцыяна Крашэўскага, Караля Нямцэвіча, Леана Патоцкага. Мяркую, што некаторыя з іх былі невядомы да гэтага і нашым мясцовым краязнаўцам. Дзякуючы пошукам і створанаму электроннаму рэсурсу зараз наведвальнікі музея школы могуць з імі пазнаёміцца.
– Аляксандр Валер’евіч, калі ўжо вы стварылі электронную версію вашага даследавання, то трэба яе, як зараз гаворыцца, прасоўваць. Ці мяркуеце вы распаўсюджваць свае знаходкі?
– З гэтай мэтай яны і адшукваліся. Зараз уся гэта інфармацыя знаходзіцца ў музеі школы, але мы плануем данесці яе як да мага большага кола зацікаўленых і былі б удзячны рэдакцыі, каб размясціць яе на сайце "Свіслацкай газеты». Ведаю, што вы станоўча да гэтага адносіцеся.
Ядвіга КУРЫЛА.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.