banner

А памяць вяртае ў мінулае

09 Апреля’14
1745
А памяць вяртае ў мінулаеКалі адпраўлялася на сустрэчу да Надзеі Іванаўны Катлінскай, то ўяўляла яе сабе нямоглай бабулькай, якая мала што памятае, бо гады, яны заўсёды бяруць сваё, а калі пераваліць за дзевяноста, то і наогул слаба што трымаецца ў памяці. Але я памылілася. Хоць наўмысна не званіла і не папярэджвала, што прыеду, каб бабулька заранёў не хвалявалася, чакаючы карэспандэнта. Я ўбачыла перад сабой элегантную сталую жанчыну з прыгожа зачэсанымі валасамі і мілай усмешкай. 
– Праходзьце, калі ласка, мама тут, у пакоі, сядзіць каля вакенца, – ветліва сустрэла мяне дачка Надзеі Іванаўны Катлінскай Святлана Мікалаеўна. 
І вось я сяджу насупраць мілай бабулькі, кавалера ордэнаў Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны і, затаіўшы дыханне, слухаю аповед яе жыцця.
Яна нарадзілася ў 1919 годзе ў вёсцы Веркалы, што на Случчыне. Дзяцей у сям’і было восем, але трое ў малым узросце памерлі. Засталося пяцёра. Калі Надзейка яшчэ невялічкай была, тата завербаваўся ў Амерыку. Думаў, што грошай заробіць, але ж хутка вярнуўся ні з чым, толькі хусткаў прыгожых прывёз. А людзі думалі, што з грашыма прыехаў, пазайздросцілі. І аднойчы, калі ўсе спалі, запалала хата агнём. Цудам удалося ўратавацца. Выбеглі ў чым спалі на вуліцу, а маці паспела з агню выхапіць толькі абраз і… кактус. Невядома, навошта ён ёй спатрэбіўся ў такую гарачую хвіліну, можа, проста пад рукі трапіў, а яна ў разгубленасці яго схапіла. Дзякуй Богу ў хляве карова стаяла сцельная, яшчэ сякая-такая жыўнасць. Пабралі, што маглі, і пайшлі да бабулі. Мама з самай маленькай дачушкай засталася там, а дзецям торбачкі пашыла, і пайшлі яны жабраваць. Хадзілі па вёсках ад хаты да хаты з працягнутай рукою, прасілі міласціну. Хто шкадаваў і кідаў сёе-тое ў торбу, а былі і такія, што гналі са двара. Усяляк было. Але неяк выжылі, Бог уратаваў ад згубы. Карова ацялілася, на шчасце, двое цялят прывяла, стала трошкі лягчэй. 
Потым сям’я перасялілася ў невялічкі закінуты дом на хутары. Маці з бацькам,  Надзея з братамі ад зары да зары працавалі, ды і малодшыя таксама без работы не сядзелі. Паціху падняліся на ногі, сталі жыць лепш, нават зноў зайздросціць людзі пачалі. Неяк бацьку выклікалі ў сельскі Савет, сказалі, што вывязуць у Сібір, як кулакоў. Крыўдна было вельмі, бо ўсё, што мелі, уласнымі мазалямі зарабілі, нічога дарэмна не далося. 
Параспрадаваў тады гаспадар, што мог, і купілі яны маленькую хату ў вёсцы Вераб’ёва. Яна, можна сказаць, сярод лесу стаяла. З усіх бакоў высокімі соснамі ды елкамі была акружана. 
Старэйшы сын на тую пару ваенным лётчыкам быў, а другі ў войску служыў танкістам. 
Надзея ў школу хадзіла за шмат кіламетраў, а потым брат паклікаў да сябе. Яна працавала ў сталовай пры ваенным аэрадроме. 
21 чэрвеня напярэдадні вайны брат прыйшоў і загадаў Надзі хуценька збірацца і ісці дадому. Але яна не хацела, упіралася, бо акурат субота была, і вечарам меліся быць у клубе танцы. Не пайшла яна дадому, а раніцай бамбёжка пачалася. Тады бягом праз лес бегла, а кругом выбухі, страх, не выказаць. Неяк удалося вярнуцца ў вёску. А там перапалох, маці галосіць, людзі панікуюць. 
Праз пару дзён і немцы былі ў вёсцы. Пачалі маладых хлопцаў у паліцыю заганяць. Выбар у іх быў такі: альбо ў Германію, альбо ў паліцаі, а то і застрэліць маглі. Вось і вымушаныя былі ісці юнакі ў паліцыю, бо страшна было вельмі, не хацелася ехаць на чужыну, ды і жыць усім хацелася. А Надзею з такімі, як яна, дзяўчатамі пагналі працаваць на шасэйную дарогу Мінск – Слуцк. На тую пару Надзя ўжо з партызанамі была звязана. Яны часам прыходзілі ноччу, маці есці давала. І вось дзяўчына перадавала ім звесткі аб тым, куды і ў якой колькасці накіроўваліся нямецкія ваенныя машыны. А потым пачала лістоўкі насіць. У яе была на зайздрасць прыгожая доўгая каса, дык яна ў валасы лістоўкі закручвала, а зверху хустачку павязвала. Так і насіла. Ішла смела, усміхалася, вось і праносіла, ніхто яе не чапаў. Чым магла дапамагала партызанам, а душа балела за тых хлопцаў, каторых у паліцаі загналі. Пачала яна размаўляць з імі, лістоўкі прыносіла, агітавала ў партызаны. Рызыка была вялікая, але ж дзяўчына ведала гэтых юнакоў, раслі разам, на вячоркі хадзілі. І не дарэмнай была рызыка. Чатырнаццаць паліцаяў разам са зброяй перайшлі ў партызанскі атрад «За Радзіму» брыгады імя Чапаева. Як цешыліся хлопцы, як дзякавалі, што больш не прыйдзецца прыслужваць немцам, як рваліся выконваць заданні, хацелі даказаць, апраўдаць давер. 
І аднаго разу рашылі яны разам з Надзяй зрабіць вялікую справу – вынесці зброю са склада нямецкага гарнізона. Спачатку папярэдзілі ўсіх родных, каб пакінулі вёску, і аднойчы ноччу падкраліся, знялі ахоўнікаў і вынеслі, колькі далі рады, зброі. Беглі па балоце, па лесе, пагубілі адно аднаго, але ўрэшце ўсе разам сустрэліся ў партызанскім атрадзе. За гэты ўчынак смелая дзяўчына Надзея Катлінская была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі.  
Ішоў час. Надзя па-ранейшаму працавала на дарозе. А аднойчы, калі яна была на працы, нехта прыбег і сказаў: «Бяжы дадому, вёска гарыць». 
Яна бегла праз лес, падала, уставала,  зноў бегла. Здалёк убачыла чорны дым, які падымаўся да неба. Сэрца калацілася, нібы нехта трос яго з усёй сілы. І вось яна ў вёсцы. Першыя хаты ўжо гараць, гарыць і суседскі дом. А каля хат ляжаць мёртвыя целы людзей. Быў такі смурод, што не даваў дыхаць, і страшэнны крык стаяў над вёскаю. Немцы выводзілі людзей з хаты, расстрэльвалі, а хату падпальвалі. Тое сталася і з суседзямі, толькі дзве дзяўчынкі, якія былі на двары разам з Надзінай малодшай сястрычкай, уцалелі. Калі немцы ўбачылі дзяцей, хацелі і іх схапіць, каб расстраляць. Надзя, што было сілы закрычала, засланяючы сабою дзяцей: «Яны мае, мае сёстры. Я працую на дарозе, у мяне пасведчанне ёсць», – і паказала немцам маленькую картку, якую ёй выдалі пры паступленні на працу. 
Так яна ўратавала сваю сям’ю і тых няшчасных дзяўчынак. Усіх, хто меў такія пасведчанні, немцы разам з сем’ямі вывезлі ў Буда-Кашалёў. Вёску спалілі датла.
На новым месцы дзяўчына не траціла сувязь з партызанамі. Хадзіла на заданні, па-ранейшаму насіла лістоўкі. 
– Я ніколі не забуду тых дзён, – гаворыць Надзея Іванаўна, – як цяжка было. Холадна, голадна. Мужчыны, калі есці хацелі моцна, то ўсё курылі, а мы проста цярпелі, куды дзенешся. Ведаеце, калі паказваюць кіно пра вайну, мне пачынае здавацца, што чую смурод дыму спаленых чалавечых целаў. Гэта так страшна, да сёння не магу забыцца, ды і ніхто не дасць рады такое забыць, хто прайшоў праз вайну, праз вялікія страты, голад, холад... – Жанчына замаўкае і доўга глядзіць у акно, я разумею – памяць вяртае былую партызанку ў мінулае, у тыя гады, калі ёй было трошкі больш за дваццаць…
Вайна працягвалася. Партызаны пачалі пераходзіць з-пад Мінска ў Белавежскую пушчу. Сярод партызанаў быў і самы дарагі сэрцу чалавек – Мікола. Яны пакахалі адзін аднаго і пасля вайны меліся пабрацца. Але не паспелі... 
Ужо сустрэлі Перамогу, і на той час лёс закінуў іх ў Бераставіцкі раён (яшчэ з партызанскім атрадам перабіраліся з-пад Мінска да Белавежскай пушчы). Мікола працаваў у ваенкамаце, а вакол дзейнічалі банды… 
На ўсё астатняе жыццё стане чорнай для Надзеі дата 18 чэрвеня 1945 года. У гэты дзень Мікалай у саставе атрада па знішчэнні бандаў паехалі іх дапільноўваць, ды самі папалі ў пастку. Іх знайшлі застрэленымі, раздзетымі і разбутымі, прывезлі на возе ў вёску. Рвала на сабе валасы, галасіла Надзея над забітым каханым. А праз няпоўны месяц нарадзілася ў яе дачушка Святлана. І стала яна адзінай уцехай для Надзеі ў той нялёгкі час. 
Міналі дні. Падрастала дачушка. Паціху загойвалася рана ад страты любага чалавека. І ў жыцці Надзеі з’явіўся другі чалавек, які стаў для Святланы бацькам, хоць і вельмі суровым. Нарадзілася другая дачушка, Раіса. Надзея Іванаўна шмат гадоў працы аддала грамадскаму харчаванню, была дырэктарам рэстарана. Адтуль пайшла на заслужаны адпачынак.
Калі тыя гады праляцелі. Даўно паразляталіся дзеці, звілі свае гнёзды, пацешыўшы маці добрымі ўнукамі. Валасы пабяліў снег сівізны, але вочы па-ранейшаму такія жывыя і погляд цёплы-цёплы, нібы сонейка вясною. 
Надзея Іванаўна вось ужо больш за восем гадоў жыве ў Вердамічах з дачкою Святланай. Паміж імі такія шчырыя, такія трапяткія адносіны, ну проста дзіва. Старэнькая атулена клопатам, пяшчотай і любоўю, таму зусім не дзіва, што гады яе доўжацца.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота автора.

Предыдущая статья

Все для предупреждения пожаров