banner

Аднавяскоўцы. Сабалькі

05 Марта’14
1887
Паміж Ружанскай і Белавежскай пушчамі ў жывапісным кутку Свіслаччыны размясцілася невялікая вёска з гучнай назвай Сабалькі. У 1987 годзе яна ўваходзіла ў склад Лыскаўскай вобласці, налічвала 63 падворкі, 440 жыхароў. Меўся збожжавы магазін. З 15 студзеня 1940 года – вёска ў складзе Кукліцкага сельсавета Поразаўскага раёна Брэсцкай вобласці, а ў 1944-м адносілася ўжо да Гродзенскай вобласці. Зараз Сабалькі ўваходзяць у склад Ханявіцкага сельсавета. 
Да нядаўніх часоў гэта была шумлівая шматлюдная вёска. Дзеткі наведвалі мясцовую пачатковую школу (была зачынена напрыканцы 60-х гадоў). Не толькі сваіх кавалераў і дзяўчат, але і жыхароў суседніх вёсак запрашаў на танцы і пасядзелкі гасцінны сельскі клуб. 
Яшчэ ў 1983 годзе Сабалькі налічвалі  85 падворкаў, 234 жыхары (з іх больш паловы – працаздольныя).  Сёння засталося 35 жылых падворкаў, 54 жыхары, усе ў асноўным пенсіянеры. 

Аднавяскоўцы. СабалькіПартызанская гасцініца
У гады Вялікай Айчыннай вайны невялікая вёска Сабалькі апынулася ў віры барацьбы з ворагам. З першых дзён акупацыі сабальчане ратавалі ад варожага палону і смерці раненых байцоў і камандзіраў. Яны пабудавалі ў лесе зямлянкі і там хавалі, лячылі народнымі сродкамі, кармілі, апраналі, узбройвалі і адпраўлялі ваеннаслужачых далей на ўсход на ўз’яднанне з Чырвонай Арміяй. Яшчэ ў ліпені 1941 года жыхары Сабалькоў стварылі першую ў раёне антыфашысцкую арганізацыю, а потым – Поразаўскі падпольны камітэт. Арганізатарам партызанскага руху быў сабальчанін Вікенцій Вікенцьевіч Янушка. У жніўні ён стварыў і ўзначаліў партызанскую групу, якая ў верасні гэтага ж года перарасла ў атрад імя Паддубнага (па падпольнай мянушцы камандзіра). Ядром атрада сталі члены антыфашысцкага камітэта, былыя члены КПЗБ, аднавяскоўцы А. С. Саўко, С. К. Куцько, Ц. М. Янушка, а таксама група савецкіх ваеннаслужачых. Да іх далучыліся і жыхары суседніх вёсак Куклічы, Рудня, Новы Двор. 
Партызанскі атрад Паддубнага, а затым імя Кірава, іншыя атрады імя Панамарэнкі Брэсцкага партызанскага злучэння, якія дыслацыраваліся ў пушчы, пастаянна адчувалі дапамогу жыхароў Сабалькоў. Многія жыхары з’яўляліся разведчыкамі. Для збору матэрыялаў аб праціўніку яны хадзілі ў фашысцкія гарнізоны і на чыгуначныя станцыі Ваўкавыска, Свіслачы, Поразава, Падароска.
За гасціннасць і ветлівасць, з якімі нягледзячы на смяротную небяспеку сустракалі сабальчане партызан, апошнія называлі Сабалькі "партызанскай гасцініцай”.
Побач з В. В. Янушкам са зброяй у руках змагаліся з ворагам і іншыя жыхары вёскі. Актыўнымі сувязнымі атрада сталі В. С. Янушка, Ф. В. Янушка, дочкі Вікенція Вікенцьевіча Янушкі – Глафіра, Яўгенія, Марыя.
Былы член КПЗБ Цімафей Міхайлавіч Янушка з першых дзён вайны змагаўся з акупантамі. Немцы расстралялі ўсю яго сям’ю, і толькі цудам выратаваўся маленькі сын Павел, які пасля доўгіх блуканняў па лесе адшукаў партызан і бацьку, расказаў яму аб сямейнай трагедыі і застаўся ў атрадзе. Пасля вайны Павел Цімафеевіч вучыўся ў мясцовай школе, служыў у Савецкай Арміі, працаваў у Поразаўскім РК ЛКСМБ, затым настаўнікам Кукліцкай сямігодкі і працягваў завочнае навучанне ў педагагічным інстытуце, выкладаў гісторыю на Смаленшчыне.
У дзевятнаццаць гадоў пайшоў у партызаны сабальчанін Аляксей Сцяпанавіч Шабат. Даведаўшыся, што Аляксей у партызанах, немцы расстралялі яго маці і сястру, а другую сястру вывезлі на катаргу ў Германію. Гора яшчэ больш загартавала камсамольца, ён стаў членам падпольнай арганізацыі вёскі Сабалькі. Са стварэннем у верасні 1943 года Поразаўскага падпольнага райкама камсамола ўдзельнічаў у яго рабоце, а пасля гібелі сакратара А. Ф. Шымановіча змяніў яго на гэтай пасадзе.
Актыўным членам гэтага ж райкама камсамола быў аднавясковец Сцяпан Іванавіч Янушка.
Сапраўдны подзвіг здзейсніў Павел Міхайлавіч Васіліца, які да вайны працаваў сакратаром Кукліцкага сельсавета. Змагар, рызыкуючы асабістым жыццём і жыццём усіх членаў сям’і, захаваў пераходны Чырвоны сцяг Поразаўскага райкама КП(б)Б, які ў 1940 годзе за поспехі ў сацыялістычным будаўніцтве быў уручаны Кукліцкаму сельсавету. Гэты сцяг, як адна з надзвычайных рэліквій, знаходзіцца на пачэсным месцы ў экспазіцыі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.
Разам з узброенай барацьбой патрыёты распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, падпольныя газеты "Беластоцкая праўда”, "Свислочская правда”, "Малады партызан”, заклікалі насельніцтва да актыўнай барацьбы з ворагам.
15 ліпеня 1944 года Сабалькі былі вызвалены ад нямецка-фашысцкай акупацыі.
Савецкі ўрад высока ацаніў подзвіг жыхароў вёскі. В. В. Янушка, Ц. М. Янушка, А. С. Шабат, Л. С. Янушка ўзнагароджаны ордэнамі і шматлікімі медалямі. Медалёў "Партызану Вялікай Айчыннай вайны”, "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.” удастоены былыя партызанскія сувязныя і разведчыкі. Сярод іх В. С. Янушка, Ф. В. Янушка. Ф. В. Анісеня, П. В. Янушка і іншыя.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Аднавяскоўцы. СабалькіВызначаны лёс
– Дзеткі, праходзьце хутчэй у хату, лютуе мароз у лютым, – сустрэла на парозе прыземістай драўлянай хаты гаспадыня Ніна Васільеўна Янушка.
 Невялікая хатка, акружаная старым яблыневым садам, студня перад сенцамі, склеп падаліся мне мініяцюрнымі на занесеным снегам бялюткім падворку. Праз сенцы і кухню праходзім у светлы пакой. Канапа, шафа, прыбраны ложак, стол, крэслы, абраз пад вышытым рушніком у "чырвоным куце”, фотаздымкі шанаваных бацькоў і сваякоў у рамках на сцяне – усё як у звычайнай вясковай хаце. Маю ўвагу прыцягвае стос свежых нумароў газет і часопісаў. Пазней даведалася, што Ніна Васільеўна вельмі любіць чытаць, асабліва  цікавіцца апошнімі падзеямі, што адбываюцца ў краіне і свеце, навінамі раёна. Пошту бабулі пастаўляе дачка брата, якая жыве ў Ханявічах.
Размаўляю з гаспадыняй. Добрыя смяшлівыя вочы на светлым твары, шчырая ўсмешка…
– Калі той век праляцеў, і не заўважыла, як быццам толькі і ступіла ад печы да парога, – гучным голасам пачынае распавядаць пра свой лёс Ніна Васільеўна. – Нават і замужам не паспела пабываць. Нарадзілася ў трыццаць восьмым годзе. Скончыла мясцовую пачатковую школу. 
Вайну амаль не памятаю, была малая. Маці расказвала, калі вёску акупіравалі немцы, бацька стаў сувязным партызанскага атрада. Фашысты расстрэльвалі жыхароў вёскі за сувязь з партызанамі, таму маці з дзецьмі таксама вымушана была ўкрывацца ў лесе.
У нашай сям’і гадавалася чацвёра дзяцей. Бацькі з малых гадоў прызвычаілі нас да працы. Любы сялянскі клопат ніколі не быў мне ў цяжар. Усё жыццё працавала ў калгасе. З лёгкасцю бралася за ўсё, – Ніна Васільеўна з гонарам працягвае мне стары агульны сшытак у акуратнай вокладцы. – Гэта МАЯ КНІГА, у якой запісаны наканаваны мне лёс.
Асцярожна перагортваю старонкі, чытаю старанна выведзеныя радкі: "Январь. 3-го числа: солому грузила… 24-го: навоз кидала, собирала опилки… 27-го: ветки рубила, перебирала картофель…” І так радок за радком, год за годам – жыццё памерам з гістарычную эпоху. У канцы кожнай старонкі падлічана колькасць адпрацаваных працадзён, у канцы кожнага месяца – колькасць працоўных дзён і дзён адпачынку. 
За высокія дасягненні ў сацыялістычным спаборніцтве і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ў 1979 годзе Ніна Васільеўна ўзнагароджана Ганаровай граматай.
Я глядзела на гэтую сталую рухавую жанчыну, на яе спрацаваныя рукі і думала аб тым, што цяжкія ваенныя абставіны, першыя дзіцячыя ўражанні, прыклад бацькоў узрасцілі ў душы маленькай Ніны магутны дух грамадскай свядомасці, адказнасці, напоўнілі пэўным сэнсам яе жыццё.
– Найбольш я любіла поле, – працягвае свой расказ Ніна Васільеўна. –  Як вясной першае цяпло прыпарыць зямлю, зазвіняць жаўрукі ў небе, глеба быццам дыхае. Люблю яшчэ, калі жыта красуе, наліваецца колас. А як хораша глядзець на спелую збажыну! За дзень напрацуешся ў калгасе, але ж як увечары пачуеш музыку ў клубе, то дзе тая стома і дзенецца. Гулялі на танцах да ночы. А ранкам – зноў у калгас. У гарачы час спалі па некалькі гадзін у суткі, інакш праспіш поспех у працы. Зямля  ляноту адчувае.  
Цяпер чакаю цёплых дзён, калі ўсё абуджаецца і кожная кветачка цягнецца галоўкай да сонечных промняў, калі ўсё на вачах мяняецца. Гэта мой самы любімы і радасны час.

Аднавяскоўцы. СабалькіШчасце ў далонях
Наведалася да доўгажыхаркі Сабалькоў Ніны Сцяпанаўны Ярмолік. 
У вялікім прыбраным пакоі – суквецце рознакаляровых дываноў, стольнікаў, рушнікоў, тканых  ходнікаў. 
– З малых гадоў маці вучыла прасці кудзелю, ткаць не толькі дываны, але і адзенне, я ж з трыццаць першага года, – заўважыла маё здзіўленне тканаму хараству гаспадыня. – Грошай на вопратку не было, ды і зручней было ўвіхацца па гаспадарцы ў даматканым адзенні.
– Наша вёска невялікая, жыццё кожнага жыхара навідавоку, – распавядае Ніна Сцяпанаўна. – Зараз вельмі балюча глядзець на забітыя вокны хат, на пахіленыя парканы і забітыя студні. Тут жа вякамі жылі нашы дзяды! Зямелька карміла, пушча ды балоты ўкрывалі ад ворагаў, ратавалі ў галодныя гады. Калі ўсё згадаць і параўнаць, больш за ўсё помніцца вайна. Лета, жыта красавала, бульба на полі цвіла – і тут раптам у нашу вёску на матацыклах нямецкія салдаты ўварваліся. Памятаю, як спачатку ўцякалі ад фашыстаў у балоты, у лес, хаваліся ў кароўніку. Бацька быў партызанскім сувязным, а мы з маці насілі, хаваючы ў валасах, і распаўсюджвалі сярод сабальчан лістоўкі, зводкі апошніх ваенных падзей. Стараліся менш трапляць немцам на вочы.
Бацькоў вельмі паважалі на вёсцы: бацька працаваў сакратаром сельсавета, а маці была адной з лепшых калгасніц. Я скончыла два класы мясцовай школы. У калгас "Рассвет” пайшла працаваць паляводам. Акучвалі з жанчынамі бульбу, палолі лён, жніўным часам да позняй ночы ўвіхаліся на збожжатаку, дзе бесперапынна ляскаталі малацілкі, збожжасушылкі. Нарыхтоўвалі сена. Гэта цяпер навакольныя балоты асушаны, а ў тыя часы вада стаяла на сенажаці нават у спякоту, таму скошаную траву выносілі на грудок і там сушылі. Не адставалі ад старэйшых, да сёмага поту шчыравалі, каб было чым зімой жывёлу карміць. Праца была рознай, і ніякай я не цуралася. Працаваць была ахвота, хаця, колькі мы тады зараблялі. Па жменьцы збожжа на працадзень. А атрымлівалі толькі ў канцы года. Але неяк жылі, радаваліся кожнаму новаму дню.
Бацькі навучылі мяне жыць сумленна, у вялікае не ўбівацца. Я ніколі нікому не зайздросціла. У гэтай хаціне ўвесь свой век і пражыла. 
Галоўнае багацце чалавека – здароўе. Яго ні за якія грошы не купіш.
А шчасце чалавек трымае ў сваіх працавітых далонях…
Кацярына ДУДКО.
Фота автора.


Предыдущая статья

Завершилось первенство района по настольному теннису