banner

Найбольшае шчасце – гэта мір

03 Марта’14
2143
Найбольшае шчасце – гэта мірВера Іванаўна Юзэфовіч. Добрая, адкрытая, шчырая бабулька. За плячыма дзевяць дзесяцігоддзяў. Гэта нямала. І жыццё не было салодкім. А якім яно яшчэ можа быць ва ўдавы? Чорную хустку ёй завязала жыццё ў далёкім 45-м. Акурат напярэдадні вялікага Дня Перамогі. Так, яе мужа Івана скасіла варожая куля за чатыры дні да канца вайны. Ён знайшоў свой апошні прытулак на чужыне, ва Усходняй Прусіі. І ў Веры Іванаўны не было магчымасці нават паплакаць на магіле, палажыць на бугорчык букецік палявых кветачак з родных палеткаў.
Даўно высахлі слёзы ад страты дарагога чалавека, зарубцавалася рана, а вось памяць, памяць жыве, яна не мае тэрміну даўнасці. 
– Мы з Іванам пабраліся ў 43-м, – пачала свой аповед Вера Іванаўна. – Вакол бушавала вайна, а жыццё працягвалася. Людзі жаніліся, выходзілі замуж, нараджалі дзетак. Вось і мы вырашылі жыць разам.
І ўсё здавалася было добра, а тут солтыса нячыстая сіла прынесла. Махаў нейкімі паперкамі і патрабаваў, каб я ехала ў Германію. А я толькі што зацяжарыла, страшна было ехаць, гэта ж на згубу, не іначай.
Але што было рабіць. Паплакала, пагаравала ды ў дарогу сабралася. Завезлі спачатку ў Ваўкавыск, затым у Гродна, а адтуль у Германію. Выкінулі пасярод вялікай плошчы, і мы там стаялі, тулячыся адзін да аднаго. А тут "купцы” наехалі. Пачалі выбіраць сабе работнікаў. І мяне таксама выбралі.
Паехала я на хутар да немкі. Працы было шмат. Даіла кароў, агарод садзіла, палола, цяжка было. А тут і дзіцятка маё пачало штурхаць ножкамі, яму, відаць, таксама было нялёгка. Вядома ж, я і недаядала, і недасыпала. І працавала ад зары да зары. 
Калі ўжо падыходзіў тэрмін родаў, я пачала прасіцца ў гаспадыні, каб адпусціла мяне дадому дзіцятка нарадзіць, а яна не хацела спачатку, але я неяк вымаліла. Не магла я дапусціць, каб маё дзіця на чужыне прыйшло на свет, хацелася, каб у роднай старонцы, каб каля мужа, каля мамы.
Вось прывезла мяне гаспадыня на чыгуначную станцыю. А там акурат цягнік адпраўляецца. І поўныя вагоны немцаў. Яны на фронт ехалі. Не схацела я тым цягніком ехаць, нейкае прадчуванне было нядобрае. Паехала пазней, праз некалькі гадзін. А як прыехала, то даведалася, што той цягнік з немцамі партызаны падарвалі, і ўсе немцы загінулі. Вось мяне Бог уратаваў, а каб паехала… Не было б ні мяне, ні дзіцяці…
Вярнулася я дадому, нарадзіла сваю дачушку Леначку. А тут зноў солтыс прыйшоў, каб я ў Германію вярталася, а дзіця з мужам пакінула. А я ж не хачу, як мне такую маленькую пакінуць, яе ж карміць трэба грудзямі. Адмовілася я. Праз некаторы час ён зноў прыйшоў патрабаваць, как я ехала, а я зноў адмовілася. Тады яны схапілі майго мужа і яго замест мяне ў Нямеччыну павезлі. Дачушцы нашай толькі тры месячыкі споўнілася. Колькі я плакала, нібы адчувала, што больш яго не пабачу. Так і сталася. Пасля таго, як нашы прыйшлі ў Германію і ўсіх палонных вызвалілі, майго Івана на фронт забралі. І ён загінуў.  
Ды і мы з дачушкай мала не загінулі. Гэта перад самым вызваленнем, у ліпені 44-га. Немцы адступалі. Яны ж, як раз’юшаныя звяры, былі. Памятаю, мы беглі хавацца, бо страляніна страшэнная была, выбухі. Я бягу з Леначкай на руках, а тут немец. Наставіў на мяне аўтамат, а ў вачах такая нянавісць. Я ўжо з жыццём развіталася, толькі мацней да сябе дзіцятка прыціснула, каб ад адной кулі ўпасці разам. А тут другі немец падбег, нешта прагаргітаў, і яны кудысь пабеглі. Бог нас ізноў уратаваў. Вось як было, не дай Божа такое яшчэ каму перажыць. Найбольшае шчасце – гэта мір на зямлі. Вы мне, старой, паверце.
Мы верым вам, Вера Іванаўна. Кожнаму слову вашаму верым. І вельмі хочам, каб ніхто больш не зведаў таго, што давялося зведаць вам. Няхай растуць у міры і шчасці дзеці, унукі і праўнукі, няхай ніколі не засцеле чорная хмара бяды чысты блакіт неба, няхай ззяе сонца, саграючы сваімі гарачымі промнямі ўсіх нас.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ (тэкст і фота).

Предыдущая статья

Профсоюзы района скоординировали работу