banner

Словы білі, нібы кулі

18 Января’14
3504
Словы білі, нібы куліУпэўнены: СМІ ў інтэрнэце ніколі не змогуць замяніць друкаваныя выданні. Больш таго: напрыклад,  асаблівы гонар адчуваеш, калі ў Нацыянальнай бібліятэцы гартаеш пажоўклыя ад часу газеты Вялікай Айчыннай вайны. Да цябе, нібы праз рукі, прыходзіць святое пачуццё памяці і ўдзячнасці нашым дзядулям і бацькам, што змагаліся за наш сённяшні шчаслівы дзень. 
Адразу заўважу, што ў Айчынную вайну на часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі выходзіла больш за 160 газет падпольных партыйных органаў і партызанскіх фарміраванняў. А ў варожы тыл досыць  актыўна  засылаліся газеты: "Савецкая Беларусь”, "За Савецкую Беларусь”. "За свабодную Беларусь”. Асаблівым поспехам карысталіся газета-плакат "Раздавім фашысцкую гадзіну” і сатырычны лісток "Партызанская дубінка”.
Ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму газеты дапамагалі глыбока патрыятычным  словам змагацца з ненавіснымі захопнікамі. Ужо з канца 1941 года падпольшчыкі выпускалі лістоўкі і бюлетэні – пераважна на пішучых машынках ці самаробных друкарскіх станках. А ў снежні 1941 г. Мінскі падпольны гаркам КП(б)Б стварыў першую ў сталіцы нелегальную друкарню, якая выпускала перыядычны лісток "Вестник Родины”. На пішучай машынцы і гектографе з красавіка 1942 г. Магілёўская падпольная арганізацыя "Камітэт садзейнічання Чырвонай Арміі” выдавала газету "За Родину”. У маі надзвычай цяжкага 1942 г. выйшаў першы нумар газеты "Звязда” – орган Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б, у якім былі змешчаны перадавы артыкул "Шырэй партызанскую барацьбу!”, заклік  Якуба Коласа да беларускага народа. У прыфрантавой паласе з чэрвеня 1942 г. выдавалася газета "Віцебскі рабочы”.
15 снежня 1942 г. ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне стварыць у снежні 1942 – студзені 1943 г. 10 абласных і 50 раённых падпольных друкарняў. У Маскве быў наладжаны выпуск партатыўных друкарскіх машын, якія па заданні ЦК сканструяваў механік фабрыкі "Палесдрук” Ф. Пільціенка. І ў ліку першых пачалі выходзіць клічаўскі "Голас партызана”, "Бобруйский партизан”, "Большевистская правда” – орган  партызанскай брыгады "Дзядзькі Колі” Мінскай вобласці. Трэба адзначыць, што ў 1942–1943 гг. быў наладжаны выпуск ажно 134 газет.
У тыле ворага выдаваліся газеты "Чырвоная змена”, баранавіцкая "Чырвоная звязда”, брэсцкая "Заря”, "Гомельская праўда”, магілёўская "За Радзіму”. Мазырская "Бальшавік Палесся”, пінская "Палеская праўда”, сенненская "Бальшавіцкая трыбуна”, брэсцкая "За родину”, слонімская "Барацьба”.  У ваенных СМІ  змяшчаліся творы Янкі Купалы ("Беларускім партызанам”, "Зноў будзем шчасце мець і волю”), Якуба Коласа "Адпомсцім”, "На абарону”, "Душою і сэрцам мы з вамі, героі”, "Фашысцкім бандытам”), П. Броўкі, К. Крапівы, А. Куляшова, П. Панчанкі, А. Астрэйкі, П. Глебкі  і іншых аўтараў.  Цэлы зборнік вершаў А. Астрэйкі  "Слуцкі пояс” у 1943 г. быў выдадзены ў друкарні слуцкай газеты " Народны мсцівец”. Актыўна змяшчаліся ў газетах ваеннага часу партызанскія песні, прыпеўкі, фельетоны, сцэнарыі партызанскай мастацкай самадзейнасці, малюнкі баявых эпізодаў і даваеннага жыцця, партрэты народных мсціўцаў.
А першы беларускі часопіс "Народный мститель” быў выдадзены 208-м партызанскім атрадам імя І.В.Сталіна яшчэ ў лютым 1942 г. Сярод найбольш працяглых выданняў можна  адзначыць:  кіраўскі "Кіравец”, гомельскі "Альманах партизанского творчества”, бешанковіцкую газету  "За Савецкую Беларусь”, бярэзінскую – "Путь партизана”.
Сатырычнае выданне "Раздавім фашысцкую гадзіну” выходзіла  на беларускай мове ў Гомелі, Навабеліцы, Мінску з сакавіка 1942 да мая 1945 г. (да студзеня 1942 г. на рускай мове). Выдавалася  і як агітплакат, і як газета-плакат, і як сатырычны часопіс. Рэдактарамі выдання былі  М. Чавускі (1941–1943) і К.Крапіва (1943–1945). І менавіта гэтае сатырычнае выданне стала бацькам рэспубліканскага часопіса "Вожык”, які пачаў выдавацца ў Мінску са жніўня 1945 г.
Чытаючы ваенныя СМІ, адчуваеш і напружанае гучанне друкаванага радка, і тонкі сплаў палымянай публіцыстычнасці, грамадзянскай страснасці і спавядальнасці аўтараў матэрыялаў. Мы  яскрава бачым, што ўвесь свой талент аўтары скіроўвалі на тое, каб паказаць жорсткасць і бесчалавечнасць ворага, натхніць салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, партызан на рашучую барацьбу, уславіць мужнасць, адвагу, самаахвярнасць, асудзіць маладушнасць і здраду. А галоўнае – умацаваць веру людзей ў непазбежную перамогу над фашызмам – чумой не толькі ХХ стагоддзя, але і нават сучаснага жыцця.
Канстанцін КАРНЯЛЮК.

Предыдущая статья

17 миллионов рублей поступило на счет акции "Наши дети"