banner

Майстэрства рук чароўных

07 Февраля’14
1819
Яркай і самабытнай старонкай у гісторыі беларускай культуры, неад’емнай часткай духоўнасці нашага народа з’яўляецца народная творчасць.  Вельмі радуе тое, што не страчваюцца народныя таленты, не перавяліся яшчэ ў нашай краіне і, у прыватнасці, на свіслацкай зямлі, народныя ўмельцы, якія працягваюць справу продкаў. Іх працы ўражваюць сваёй непаўторнасцю і прыгажосцю і сведчаць аб тым, што і сёння існуе непарыўная сувязь пакаленняў, дзякуючы якой жывуць гістарычныя традыцыі нашых прадзедаў.
Стала добрай традыцыяй з мэтай папулярызацыі творчасці мясцовых  майстроў  у чытальнай зале Свіслацкай цэнтральнай  бібліятэкі арганізоўваць выставы-экспазіцыі пад агульнай назвай  «Майстэрства рук чароўных», якія перыядычна змяняюцца і абнаўляюцца.
На выставе народнага побыту «Як жылі нашы продкі» былі прадстаўлены вырабы свіслацкіх майстроў з фонду раённага дома рамёстваў: бойка, лапці, калаўродак, ручнік, ступа і таўкач, керамічны посуд. Выстава-экспазіцыя  «Жыцця адвечныя матывы» пазнаёміла з самабытнай творчасцю свіслацкага майстра  Надзеі Георгіеўны Пракаповіч. На выставе былі прадстаўлены ручнікі, сурвэткі, абрус, фартух і кашуля, выкананыя ў стылі традыцыйнай вышыўкі, характэрнай менавіта для Свіслаччыны.
Сёння ў бібліятэцы дзейнічае выстава «Ад прадзедаў спакон вякоў…» На ёй прадстаўлены вырабы, якія засталіся ў спадчыну ад матуль і бабуль нашым чытачам. Гэта саматканыя дываны,  вышываныя крыжыкам карціны, ручнікі, сурвэткі, расшытыя рознымі ўзорамі.
Вабяць вока дываны, вытканыя Людмілай Міхайлаўнай Навасад з вёскі Кулявічы. З маладых гадоў яна праяўляла цікавасць да ткацтва. Гэтаму майстэрству яе навучыла мама Таццяна Антонаўна Пабудзей. Людміла Міхайлаўна ўспамінае, з якім захапленнем яна з сяброўкамі Зінаідай Сцяпанаўнай Карніловіч і Ядвігай Іванаўнай Насевіч здымалі ўзоры ўпадабаных імі дываноў. А так як узоры былі вялікімі і складанымі, для таго, каб перанесці іх на паперу, прыходзілася склейваць па некалькі лістоў з вучнёўскага сшытка. За прыгожымі і незвычайнымі ўзорамі хадзілі таксама ў суседнія вёскі Мінічы і Зарэчані.
Вышытыя крыжыкам карціны «Папугай», «Іспанка», «Украінка», «Памочніца» – свіслачанкі  Дануты Казіміраўны Фалькоўскай. Вышыўка заўсёды  была яе спадарожніцай. Вышывала яна дзяўчынай, не пакінула  гэты занятак і стаўшы замужняй жанчынай. Яна заўжды выбірала сучасныя матывы, а з густам падабраны колер нітак рабіў карціны прыгожымі і непаўторнымі.
На выставе прадстаўлены тры карціны («Вінаград», «Букет», «Папугай») – Ніны Мікалаеўны Нікіцік з вёскі Пуцкі. Ім больш за 70 гадоў. Вышываліся яны зімовымі вечарамі пры газавай лямпе. Калі ў хаце была зроблена асноўная праца і дагледжана сям’я, Ніна Мікалаеўна з асалодай магла аддацца любімаму занятку. За сваё жыццё яна вышыла шмат карцін, якімі і сёння дзівяцца ўнукі  і праўнукі. Некаторыя з іх робяць спробу прадоўжыць бабуліна майстэрства.
Шмат прыгожых самаробных вырабаў захоўваецца ў свіслачанкі Ганны Пятроўны Піваварчык. Вабяць вока ручнік, абрус і сурвэтка, дзе на беласнежнай тканіне размясціліся яркія гронкі вінаграду, маляўнічыя ўзоры з розных па форме і памерах кветак.
Імкліва бяжыць час. А майстэрства, створанае таленавітымі рукамі нашых родных і блізкіх, жыве і чаруе сваёй прыгажосцю. Прыцягвае ўвагу, кранае арыгінальнасцю вышыўка Антаніны Фёдараўны Хамчук з вёскі Пуцкі. Усё яна аставіла ў спадчыну сваёй дачцэ. Рознакаляровыя ружы, блакітныя незабудкі, гарэзлівыя  браткі нібы сышлі з кветніка, каб радаваць людзей сваёй красой.
Дапаўняюць гэтую выставу вязаныя лялькі ў нацыянальным беларускім  адзенні,  зробленыя супрацоўнікамі Свіслацкай дзіцячай бібліятэкі  Інай Віктараўнай Янушкевіч, Наталляй Міхайлаўнай Шваб  разам з удзельнікамі клуба «Вясёлка»,  што дзейнічаў пры  бібліятэцы.
Філосафы кажуць, што нельга нешта набыць не страціўшы. Мінулае стагоддзе прынесла з сабою бурны навукова-тэхнічны прагрэс, які падараваў чалавецтву мноства выгод (тое, што сёння называецца ёмістым словазлучэннем «узровень жыцця»), пазбавіў ад многіх жыццёвых клопатаў. Але ў выніку чалавек жыве сярод рэчаў, зробленых машынамі, – беззаганных, але і бяздушных. Таму мы, супрацоўнікі бібліятэкі, з прыемнасцю назіраем за тым, як нашы наведвальнікі зацікаўлена ставяцца да непаўторных і своеасаблівых твораў традыцыйнага народнага мастацтва, твораў, якія памятаюць цеплыню рук майстра і ўносяць частку гэтай цеплыні ў наш уніфікаваны быт.
Алена РАБЧАНКА,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Свіслацкай цэнтральнай раённай бібліятэкі

Предыдущая статья

О тех, кто в детстве читал нужные книги