
Гэтая ўстанова была заснавана ў Ашмянах у 1952 годзе. У 2000-м музей атрымаў гістарычны будынак у цэнтры горада. Яго рэканструкцыя завяршылася ў 2009-м. І, ведаеце, калі некаму падалося, што час у дзевяць гадоў занадта доўгі для рэканструкцыі адносна невялікага будынка, то будзе мець рацыю: былі на гэта ўсё тыя ж фінансавыя прычыны. Затое зараз горад мае, пэўна, адзіную сярод раённых музеяў экспазіцыю такога сучаснага ўзроўню.
Калі з ёй знаёмішся, не пакідае думка, што працавалі над ёй з вялікай любоўю, творча і вельмі разумна.
...Мне падалося дзіўным, што наша экскурсавод, яна ж дырэктар музея, падчас экспазіцыі кінулася адвешваць ралеты на вокнах. Усё стала на свае месцы, калі ля экспазіцыі пра касцёл, выява якога на празрыстым стэндзе, яна запрасіла паглядзець у акно за стэндам. А там – гэты ж храм толькі ў сучасным выглядзе. Гэтак жа і з астатнімі архітэктурнымі пабудовамі цэнтра Ашмян.
Згадзіцеся, вельмі арыгінальная ідэя так арганічна ўпісаць экспазіцыю ў сучасны жывы горад.
Тэма першай залы, якая выходзіць вокнамі на цэнтральную гарадскую плошчу, расказвае пра Ашмяны ад старажытнасці да ХХІ стагоддзя. Мастацка-вобразнае рашэнне экспазіцыі суадносіцца з архітэктурнай прасторай музея, выкарыстоўвае яго канструктыўныя асаблівасці. Адна з іх, пра якую ўжо згадвалася, вялікія вокны, якія даюць выдатныя панарамы гістарычнага цэнтра Ашмян. У зале размешчаны макеты горада ХІV, XVIII і XIX стагоддзяў. У вітрынах – цікавыя артэфакты – сведчанні часоў Вялікага Княства Літоўскага, перыядаў, калі Ашмяншчына ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі, міжваеннай Польшчы і савецкай Беларусі.

Трэцяя зала новай экспазіцыі расказвае пра ваеннае ліхалецце, аднаўленне жыцця пасля Вялікай Айчыннай. Дзякуючы мастацкаму рашэнню ў невялічкім пакойчыку досыць вобразна праз сімволіку, рэчы гэтага перыду паказана наша гісторыя.
Завяршае экспазіцыю ансамблевы комплекс-куточак, прысвечаны паэту, вядомаму грамадскаму дзеячу, пачынальніку новай беларускай літаратуры Францішку Багушэвічу (1840 – 1900), імя якога носіць музей. Складзены з мемарыяльнай мэблі, якая калісьці стаяла ў доме паэта, гэты куточак нібы пераносіць наведвальнікаў у тыя часы, калі ён жыў і пісаў свае творы.

Музей аформлены з вялікім мастацкім густам. Тут нічога няма выпадковага, кожная дэталь напоўнена канкрэтным зместам. Аб’ядноўваюць усе тры залы радкі са знакамітага верша Ф. Багушэвіча "Мая дудка”. Яны рэфрэнам паўтараюцца нібы бягучым радком на сценах памяшканняў.
Пазнаёміўшыся з усім гэтым, мне захацелася прачытаць усе даведнікі і кнігі, якія нам падарылі сябры з Ашмян, каб болей даведацца пра гэты самабытны край.
Ядвіга КУРЫЛА.