banner

Бог падарыў шчаслівы доўгі век

26 Ноября’13
1783
Бог падарыў  шчаслівы  доўгі векПрызнаюся, першы раз была ў вёсцы Сідаркі, але наслухалася пра яе жыхароў столькі, што дзіву даюся. Хоць, шчыра кажучы, ехала туды зусім не для таго, каб слухаць аповеды пра вяскоўцаў, а на сустрэчу з доўгажыхаркай, паважанай у вёсцы асобай – Лідзіяй Несцераўнай Гаўрылік. Гэтая мілая, добрая, мудрая бабулька заўтра адзначае сваё 90-годдзе. А сёння з такой нагоды ў Ваўкавыскім рэстаране збіраецца амаль 60 чалавек, каб павіншаваць дарагога чалавека з юбілеем, зрабіць матулі, бабулі і прабабулі прыемныя падарункі і пажадаць ёй моцнага здароўя яшчэ не на адно дзесяцігоддзе. 
Сказаць па праўдзе, бабуля на свае гады не выглядае, нават нягледзячы на глыбокія маршчынкі на твары і на дату нараджэння ў паспарце. Гэта вельмі энергічная, жывая, гаваркая, вясёлая бабулька. Усё лета яна прападае ў лесе: спачатку па ягады ходзіць, а потым па грыбы. Лісічкі збірае, не кожны малады столькі збярэ. Да таго ж у бабулі Ліды агарод, які трэба своечасова прапалоць, даглядзець, ураджай сабраць. Работы хапае, што там казаць, але звітная бабулька ўсюды паспявае. Акрамя ўсяго, яна вось ужо больш за 50 гадоў спявае ў царкоўным хоры. Можа, таму  Бог ёй і падарыў такі доўгі і шчаслівы век. Менавіта так думае і сама Лідзія Несцераўна.
Родам яна з гэтай жа вёскі. Тут расла, тут атрымала ад бацькоў першыя ўрокі працы. З 9 гадкоў кароў чужых пасвіла, вучылася прасці, ткаць, вязаць, шыць, вышываць. Разумнаю расла, прыгожай дзяўчынаю, і хлопец пачаў хадзіць, які па душы быў маладой Лідзе. А потым грымнула вайна. Нібы чорным пакрывалам накрыла ўсіх, зруйнавала лёсы, пакалечыла жыцці. 
Лідзе яшчэ і васямнаццаці не было. Маладзенькая зусім. А тут такіх, як яна, у Германію пачалі забіраць. Страшна, каму хочацца на чужыну ехаць з роднага дому. А на другім канцы сяла хлопец жыў, Пятро. Прозвішча было такое, як і ў Ліды, – Гаўрылік. Вось сасваталі іх бацькі хуценька, ды і пажанілі. Якое там каханне, ведалі адно аднаго з маленства, ды і таго хопіць. Як прыйшла Ліда да свякроўкі жыць, там усіх разам адзінаццаць чалавек было. А хата маленькая, цесная, маладым на прыпечку спаць прыходзілася. Але жылі дружна, адзін аднаго не крыўдзілі, маленькім кусочкам дзяліліся. У 43-м нарадзіўся ў Ліды з Пятром першы сыночак Валодзя. Цешыліся бацька і маці гледзячы на дзіцятка, а сэрца ад страху сціскалася, таму што вораг лютаваў, па пятах смерць хадзіла. На вачах у Ліды расстралялі цэлую сям’ю з вёскі: жонку з мужам і дваіх хлопчыкаў. Усю вёску сабралі на гэтае страшнае відовішча глядзець, і Ліда з маленькім сыночкам на руках таксама там была. 
Але прыйшоў час вызвалення, дыхаць стала лягчэй. Муж працаваў на чыгунцы, яго ў армію не ўзялі. Нарадзілася яшчэ трое дзетак: сыночак Ваня і дзве дачушкі – Марыя і Валя. 
Калі арганізаваўся саўгас «Гарнастаевічы», Лідзія Несцераўна пайшла ў паляводства. Шчыравала да самай пенсіі. 
Пабудавалі з мужам дом, пераехалі ўсе разам у новае жыллё. Пачалі абжывацца. На жаль, век у мужа быў кароткі, ужо больш за сорак гадоў Лідзія Несцераўна жыве без яго. Але якіх добрых дзетак яны выгадавалі. Ні за аднаго не сорамна. 
Старэйшы Уладзімір найбліжэй жыве – у Гарнастаевічах, ужо на заслужаным адпачынку. Выгадаваў тры дачушкі, а тыя падарылі шасцёра ўнукаў. 
На жаль, няма ўжо на свеце Івана, але жыве ён у памяці дваіх дзяцей і чатырох унукаў.
Марыя абсталявалася ў Пінску, выгадавала трое дзяцей і мае пяцёра ўнукаў. Малодшанькая – Валянціна таксама недалёка – у Ваўкавыску. У яе двое дзяцей і пакуль яшчэ толькі адзін унучак.
Усяго разам у Лідзіі Несцераўны шэсць унучак, чатыры ўнукі і 16 праўнукаў. Вось якая багатая бабуля! 
Ва ўсіх добрыя сем’і, жывуць дружна, адзін аднаго падтрымліваюць, дапамагаюць, як і павінна быць. А бабулька Ліда для іх, як сонейка ў небе. Летам тут гасцююць усе ўнукі і праўнукі, нават з сябрамі прыязджаюць. У садзе ставяць палаткі, начуюць на сенавале, хто дзе можа. А стол таксама ў садзе стаіць, каб усе змясціліся. 
Не было таго дня нараджэння ў каго-небудзь з родных, каб Лідзія Несцераўна забылася пра яго. І не толькі патэлефануе і павіншуе, а абавязкова падарунак прыгатуе. Усю зіму, пакуль не трэба хадзіць у лес, ды палоць агарод, яна вяжа шкарпэткі. Яны такія прыгожыя ў яе атрымоўваюцца, такія цёпленькія, што ўнукі ды праўнукі толькі цешацца такімі падарункамі.     
Вось і на сваё 90-годдзе яна ўсім сваім гасцям таксама падрыхтавала падарункі. Няхай сабе і невялічкія, сімвалічныя, але ніхто з пустымі рукамі з яе юбілею не пойдзе. Вось якая шчодрая бабуля, проста дзіва. За ўсё жыццё яна толькі раз ляжала ў бальніцы і то, лічыце, па дробязі, трошкі падмарнавала страўнік, але яго хутка вылечылі, і бабулька здаровенькая вярнулася дадому, чым вельмі цешылася ўся вялікая радня і аднавяскоўцы. 
 Хочацца трошкі расказаць і пра іх. Яны тут вельмі дружныя. Пра гэта сведчыць ужо тое, што калі хто-небудзь у вёсцы коле свінчо, то збіраецца паўвёскі. І гаспадыня да таго дня асабліва рыхтуецца, сапраўдную гасціну ладзіць, а не толькі свежанінай частуе. Вось якія тут традыцыі бытуюць. Бабуля Ліда карыстаецца ў вёсцы вялікім аўтарытэтам. Яна вельмі паважаная вяскоўцамі, да яе ідуць суседзі, каб паглядзець, ці ёсць вада, ці прынесены дровы, ці проста, каб пагаварыць пра жыццё. Вось і на дзень нашага прыезду прыйшлі да яе братавая Вольга Іванаўна Гаўрылік, сяброўкі Лідзія Афанасьеўна Цівунчык і Раіса Аляксандраўна Гаўрылік. Дарэчы, яны разам з Лідзіяй Несцераўнай спяваюць у царкоўным хоры. І не толькі.  Сабраўшыся разам у каго-небудзь у хаце, яны таксама ахвотна могуць заспяваць песню. І нам пашчасціла паслухаць гэтае прыгожае трыо. 
«Домик окнами в сад, там, где ждет меня мама, где качала мою по ночам колыбель…» – так мілагучна, так цудоўна зліваюцца галасы, нібы не вясковыя бабулькі спяваюць, а сапраўдныя артысткі. 
Усё ж такі цікавая ў мяне прафесія: штодзень новыя знаёмствы. Вось і гэтае западзе надоўга ў душу, бо сёння няшмат сустрэнеш такіх бабуль, якія ў свае 90 яшчэ маюць столькі энергіі, столькі прагі да жыцця, столькі добразычлівасці і шчырасці. І няхай міласэрны Бог доўжыць яе жыццё, каб цешыла яна сваёй цёплай усмешкай кожнага, хто пераступае парог яе гасціннага дома.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота аўтара.

Предыдущая статья

Принимает депутат