banner

А над галавой свісталі кулі

18 Июля’13
1590
А над галавой  свісталі куліЖэня Зошчык
(Яўгенія Іосіфаўна Скібіцкая),
нарадзілася 8 ліпеня 1932 года за 8 гадоў 11 месяцаў і 24 дні да вайны
ў вёсцы Агароднікі.

– Пра пачатак вайны не магу дакладна сказаць, памятаю толькі, як людзі ўцякалі ў лес і як страшна было. І мы таксама ўцякалі. Чуліся выбухі, стрэлы. А потым неяк усё сціхла. Мы дадому вярнуліся – а ў нашай хаце ўжо немцы жывуць. І нас не пускаюць. Мы на падворку сядзелі, дрыгацелі ад страху, і нам вельмі есці хацелася... А там немцы кухню сваю паставілі, нешта вараць, гіргічуць па-свойму, рагочуць. Адзін немец, пэўна, повар наліў нечага ў міску і прынёс нам, маме паказвае, каб дзяцей пакарміла. Там было нешта чырвонае і мы не хацелі тое есці, хоць і галодныя былі вельмі.
А яшчэ памятаю выпадак. У нас былі браты дваюрадныя. Васіль вельмі добра шыў, а Валодзя на што ні гляне, усё мог змайстраваць, і яшчэ малодшыя дзеці былі. Вось аднойчы прыйшлі да іх партызаны. А нехта данёс. Немцы прыехалі ў адзін момант, выгналі партызан з хаты і пастралялі. А старэйшых братоў на той час у хаце не было. Валодзя ў суседнюю вёску хадзіў, нешта там рабіў, дык яго па дарозе забілі, а бацькоў і малодшых дзяцей у Ваўкавыск павезлі, у турму. Толькі Васіль даў рады ўцячы. Ён у суседзяў быў, пачуў, што ў іх хаце робіцца і пабег да нас. Тата даў яму пераапрануцца, і толькі ён паспеў адыйсці, а тут – немцы на парозе. Можа, з дзесяць іх было. У хаце былі я, сёстры Клава, Ліда і малодшанькая Ніначка, якая ў калысачцы ляжала. Мама адразу да калыскі пабегла, засланіла яе сабою, а немец таксама да калыскі, хацеў адпіхнуць маму. Але другі немец сказаў яму, каб не зачапаў. Яны пахадзілі па хаце і пайшлі да хлява, а там былі тата і мая старэйшая сястра Стэфа, яны скаціну кармілі. Мы пачулі стрэлы каля хлява і думалі, што іх пазабівалі, пачалі плакаць. Але іх толькі напалохалі і гумамі па плячах моцна набілі. Усе плечы былі чорныя і ў таты, і ў Стэфы. Білі і дапытваліся: "Дзе той Кучук?” – гэта такое прозвішча было ў тых братоў.
Вось усё, што памятаю з пачатку вайны.
Але час перад вызваленнем памяць больш захавала. Памятаю, як кароў я пасвіла з іншымі дзецьмі з вёскі, кожны на сваім полі, а тут самалёт нямецкі ляціць. Пагнала я хуценька кароў дадому, а там бацька парсючка закалоў, узяў хлеба, яшчэ сякой-такой яды і са Стэфай пайшлі на хутар, што ў лесе стаяў. А іншыя людзі ў поле ўцякалі, там таксама хутар быў, гаспадар добры там жыў, у яго адна дзяўчынка кароў пасвіла. Вось на тым хутары людзі і хаваліся.
Мы (я і дзве малодшыя сястрычкі) з мамай засталіся дома. А вечарам мама і іншыя жанчыны з вёскі, якія не пабеглі на той хутар, прынеслі дзяцей да вялікай ямы, у якой бульбу хавалі на зіму, накідалі ў яе саломы і нас усіх у тую яму пасадзілі. Усю ноч мы там сядзелі, тулячыся адно да аднаго, і трэсліся ад страху. Месяц свяціў ясна, і мы бачылі, як кулі і снарады над намі свісталі. А ўжо колькі выбухаў было, колькі страляніны, страх! Да ранку мы там сядзелі. Потым мацяркі нас забралі. Я пайшла да таты, а мама з малымі – на хутар той, што ў полі. Там былі амаль усе жыхары вёскі з дзецьмі і з каровамі. І мы са Стэфай і татам туды прыйшлі потым.
На палонкаўскай гары стаяў нямецкі танк і ўвесь час страляў, дула круцілася туды-сюды. Нашы салдаты ніяк не маглі яго адтуль выгнаць. Адзін салдацік пайшоў праз жыта да таго танка, можа, хацеў падарваць яго, але танкіст убачыў і выстраліў. Так і застаўся салдацік у жыце. Маладзенькі быў зусім. Шкада было вельмі. І тут мужыкі з вёскі і тата наш вырашылі таксама ісці да таго танка. А я і іншыя дзеці за ногі бацькам паўчапляліся і плачам, просім, каб не ішлі, бо заб’юць, як таго салдата. Дзякуй Богу, угаварылі.
Потым нашы каровы ў шкоду  пайшлі, і я з суседскімі дзецьмі, Маняй і Пецем, пабеглі выганяць. А тут, адкуль  ні вазьміся, самалёт нямецкі – і давай па нас страляць, адно кулі свісталі. Я ўпала дагары, рукі на грудзях злажыла і ляжу, бачу, як кулі свішчуць нада мною. Так страшна было, што не выказаць. Самалёт некалькі кругоў зрабіў і ўсё страляў, страляў па нас, кароў шмат параніў. Мы, дзякуй Богу, усе жывыя засталіся, прыгналі тых кароў, пайшлі да бацькоў, а тыя ўжо і не думалі, што мы ўцалеем. Потым вырашылі загнаць кароў у даліну. Прыгналі толькі на горачку, а той танк, што стаяў, як пульне – і проста ў даліну. Чатыры разы выстраліў. Даліна тая чорная стала ўся, а нас зямлёй засыпала. Каровы спалохаліся, у кучку збіліся і мычаць ад страху. Мы пастрасалі з сябе зямлю і пабеглі назад да бацькоў.
Танк той стаяў да вечара, а потым развярнуўся і паехаў у бок Свіслачы.
Прыйшлі нашы салдаты, сказалі што ўжо можна нічога не баяцца, што немцы ноччу ўцяклі. Бацька са старэйшай сястрой і маці з малодшымі пайшлі дадому, а я засталася кароў пасвіць. Выйшаў з жыта рускі салдат, спытаў, ці не маю чаго паесці. Я дала яму малака і хлеба.
Вось так вярнуўся да нас спакой. Але я з усяго перажытага пачала сохнуць, пажоўкла ўся. Да дактароў тады немагчыма было дабіцца, вось я і марнела на вачах. Да бабак розных вазілі, але не памагала, я як цень хадзіла. Ніхто не думаў, што буду жыць. Такая і ў школу пайшла, у другі клас, мне ўжо 12 гадоў было. Дзякуй Богу, перерасла я сваю хваробу, пачала папраўляцца. Скончыла школу, а ў 18 гадкоў замуж пайшла за хлопца са Скраблоў. Вось з тых пор тут і жыву. Мужа ўжо даўно пахавала. Мы з ім траіх дзетак выгадавалі, пяцёра было, але двое пахавала яшчэ маленькімі. Маю шасцёра ўнукаў і ўжо трое праўнучкаў. Сыны – у Расіі, у горадзе Вязьме, а дачушка – у Ваўкавыску.  Прыязджае часта, ды і сыны не забываюць, звоняць, наведваюць, хоць і далёка жывуць.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота аўтара.

Предыдущая статья

Роздум ля Памятнага знака Масонаву