banner

Незагойная рана памяці

03 Июля’13
5231
Незагойная  рана памяці Зноў гартаю кнігу "Памяць” і зноў перед вачамі прозвішчы, імёны… Імёны тых, каго даўно-даўно няма сярод нас, хто не паспеў пацешыцца жыццём, дзеткамі, унукамі, каму падсеклі крылы, не дазволілі ўзляцець. Як шмат гэтых імёнаў. І больш маладых, каму жыць ды жыць, любіць, нараджаць дзяцей, сеяць хлеб, радавацца кожнаму дню, верыць, спадзявацца... Не дазволілі, расстралялі надзею, павесілі, спалілі, закатавалі…
Гартаю кнігу. Чытаю імёны і спрабую сабе ўявіць, якімі былі тыя людзі, аб чым марылі, што любілі, да чаго імкнуліся?
Пэўна, яны мала чым адрозніваліся ад нас, сённяшніх. Хто чарнявы, хто бялявы, хто сінявокі, хто смуглявы, хто вясёлы, хто сур’ёзны, хто старэйшы, хто малодшы… Жылі, працавалі, дзякавалі Богу за кожны пражыты дзень, пакуль не прыйшоў дзень апошні…

Мы сядзім на лавачцы каля хаты Лідзіі Фёдараўны Зайко з Навасадоў. Яна не чакала нас, яна не думала, што прыйдзецца вяртацца ў тыя далёкія гады, якія ранай запякліся на сэрцы, і час не здолеў тую рану абязболіць.
Запыталі, ці памятае вайну, і адразу ў яе вачах заблішчалі слёзы. Недарэчнае пытанне: памятае, яшчэ як памятае!
– Я зараз не магу сказаць, у якім менавіта годзе гэта сталася. Але, здаецца, што ўчора было тое страшэннае відовішча. Тут вось насупраць дом стаяў. Пусты быў. Людзей вывезлі, не памятаю іх прозвішча. Вось у гэты дом прыгналі людзей. Чалавек шэсць ці сем. Там іх моцна білі, здзекваліся, а потым вывелі, паставілі ў рад. Сярод іх была жанчына з дачушкаю – жонка ваеннага. Тут у нас ваенная часць стаяла. Жонкі і дзеці іншых вайскоўцаў паспелі з’ехаць, а яна чамусь засталася. Дзяўчынку яе Лорачкай звалі, маленькая была, гадкоў, можа, тры ці чатыры. Людзі стаялі моўчкі, ніхто не плакаў, не прасіўся, нават тое дзіцятка. Відаць, ад страху яно ўкамянела. А жанчына Тасяй называлася. Яна скінула з галавы хустачку, завязала сабе вочы, узяла на рукі дачушку, і пагналі іх на расстрэл. Недалёка тут расстрэльвалі, мы чулі, як аўтаматы стракаталі. Трасліся ўсе ад страху, нават плакаць не далі рады. А потым мужчын з вёскі прымусілі яму капаць і засыпаць тых няшчасных. Мы недалёк жылі, дык нашага тату першага пагналі туды. Ён прыйшоў і аслупянеў. Целы закатаваных горбаю ляжалі. Спачатку сказаў, што не будзе капаць, што вельмі шкадуе забітых, дык немец буркнуў: "Не хочаш, то і сам тут зараз ляжаш”. Што было рабіць, узяў тую рыдлёўку, ды пачаў капаць. Тым часам яшчэ аднаго на расстрэл прывялі і ў таты на вачах забілі. Потым другіх мужыкоў з вёскі прыгналі, каб закопвалі забітых, вось так і пахавалі тут аднавяскоўцаў.
Трошкі пазней усіх людзей сталі зганяць на сход. Мы думалі, што ўсіх нас пастраляюць. Ішлі, учапіўшыся за маміну спадніцу (нас у яе трое было), каб, як будуць расстрэльваць, усім разам ляжаць каля мамы. Але, дзякуй Богу, нас толькі папярэдзілі: як толькі даведаюцца, што хто-небудзь дапамагае партызанам, то тады ўсім – смерць.
Мы кожны дзень жылі ў страху, бо кожны дзень мог стаць астатнім. Вось як было.
Калі ўжо немцы адступалі, то мы ў лес уцякалі. Страх, што тут рабілася. А калі ўжо немчуру тую прагналі, то свой дурань знайшоўся ды ўсю вёску спаліў. Вось тут недалёка дом стаяў, у якім жыў адзін пажылы мужчына. А падлетак ружжо недзе знайшоў і нёс яго. Той мужык запытаў у хлопца: "Ці трапіш ты ў гэтую бярозку?” А бярозка тая побач з гумном стаяла. Вось ён і трапіў у яго. Куля запальнаю аказалася. Успыхнула гумно ў адно імгненне вока, а за ім па чарзе ўсе хаты. Яны тады ў нас густа стаялі, саломаю крытыя, вось і загараліся. Мы, у чым стаялі, выбеглі, нават хлеба не паспелі ўзяць, што мама спякла. Усё сяло згарэла, толькі з краю дамоў два ці тры засталося. Вось як было. Гэта сталася праз год пасля вайны. Пры немцах цудам уцалелі, дык пасля іх чуць не пагінулі.
Потым жыццё паціху пабегла. Я падрасла. Замуж пайшла, сына нарадзіла. Ён у мяне ў Гарнастаевічах жыве, дапамагае ва ўсім. А мужа даўно няма. Удава я. Так вось і жыву.
Марыя Фёдараўна расказвае і па ўпалым, густа пасечаным маршчынкамі твары збягаюць слёзы. Я разумею: зноў ад успамінаў пачала крывавіць рана. Яна незагойная. Як і памяць.        
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Грыгорый ШЫРАЕЎ (фота).

Предыдущая статья

Уважаемые жители района и наши гости! Приглашаем вас на праздник «Ганаруся табой, родны край!», посвященный 69-й годовщине освобождения Республики Беларусь от немецко-фашистских захватчиков