![Аб’яднанне для сям’і Аб’яднанне для сям’і](http://www.svisgaz.by/uploads/posts/2013-06/thumbs/1370443916_semya.jpg)
Асноўная мэта аб’яднання – далучэнне да беларускай нацыянальнай культуры, выхаванне працавітасці, клапатлівасці, добразычлівасці, фарміраванне культурных адносін дзяцей з сябрамі, бацькамі, старэйшымі і малодшымі членамі сям’і. Для ўдзельнікаў аб’яднання складаюцца цікавыя праграмы, тэмы многіх мерапрыемстваў падказвае само жыццё. Гэта фальклорныя вячоркі, духоўна-інфармацыйныя гадзіны, сямейныя вечары да народных святаў: Калядкі, Пасха, Купалле, восеньскія Дзяды, тэматычныя, музычна-паэтычныя вечарыны, гульнёва-пазнавальныя гадзіны, святы адпачынку. Пры правядзенні мерапрыемстваў рыхтуюцца кніжныя паліцы: "У свеце захаплення сям’і”, "Гаспадарчаму воку”, "Бацькам аб дзецях”, "Сцежкамі здароўя”.
Мерапрыемства да Дня сям’і пад назвай "Сям’я – тварэння вянец” пачалося з выставы сямейных фотаздымкаў, на якой былі прадстаўлены вясельныя фота сямей удзельнікаў аб’яднання і, як вынік моцнай, шчаслівай сям’і, – здымкі дзяцей разам з бацькамі, бабулямі і дзядулямі. А потым усіх запрасілі да ўдзелу ў конкурсах і гульнях. Для дзяцей і іх бацькоў прайшла камандная гульня "Хто хутчэй”. Дарослыя не ўступалі ў хуткасці па бегу ў галёшах на мятле вакол крэсла. Захапіла гульня "Снайпер”. Пераможцам стаў той, хто за адну хвіліну ў малочную бутэльку закінуў больш гарошын. Усе з цікавасцю адгадвалі загадкі, дапаўнялі працяг прыказак і прымавак пра сям’ю і беражлівасць. Самым маленькім удзельнікам спадабалася прыгатаваная для іх гульня-сюрпрыз. Атрыманыя мяккія цацкі дабавілі ім настрою. За агульным салодкім сталом, які сабраў усіх разам, дарослыя дзяліліся сваімі сакрэтамі сямейнага шчасця.
Галіна ГРУШЭЎСКАЯ,
бібліятэкар Нязбодзіцкай бібліятэкі – цэнтра краязнаўства.
бібліятэкар Нязбодзіцкай бібліятэкі – цэнтра краязнаўства.
На здымку: на выставе сямейных фотаздымкаў.