banner

Лёс, апалены вайной

11 Мая’13
1563
Лёс, апалены вайной Напярэдадні Дня Перамогі я пабывала ў гасцях у ветэрана вайны Мікалая Іванавіча Шостака. Нарадзіўся ён у 1927 годзе ў вёсцы Грыцкі Свіслацкага раёна ў сям’і сялян. Хлопец з дзяцінства быў прывучаны да працы, дапамагаў бацькам па гаспадарцы. У Свіслач хадзіў у школу, будаваў планы на будучыню... Але прыйшла вайна. Яму было тады 14 гадоў.
Родную вёску немцы спалілі. Жылі людзі ў зямлянках. Голад і холад памятае Мікалай Іванавіч да гэтага часу. У жніўні 1944 года быў арганізаваны Свіслацкі ваенны камісарыят. І ўсе васямнаццацігадовыя юнакі раёна былі мабілізаваны ў армію. У іх ліку быў і Мікалай Шостак. Спачатку на спецыяльна створанай базе ў вёсцы Ражкі прайшоў курс маладога байца, а ўжо ў снежні 1944-га трапіў у Бабруйск у 14 запасны полк 34 стралковай дывізіі. Сустракалі пры выхадзе з вагона маладых байцоў з аркестрам. Так у гэтай дывізіі Мікалай Шостак і праслужыў стралком да Перамогі.
Расказвае ўсё гэта Мікалай Іванавіч, і на вачах у яго з’яўляюцца слёзы. Ён доўга глядзіць у акно і маўчыць – надта балюча ўспамінаць тыя перыяды жыцця, якія забрала вайна. Зусім юныя хлапчукі адчулі на сабе ўсе жахі вайны: страты родных і блізкіх, таварышаў...
Перамогу радавы Мікалай Шостак сустрэў у Рэчыцы, якраз стаяў на пасту. "Спачатку пачуў стрэлы, выбух салюта. Людзі з вокнаў крычалі: «Салдат, вайна скончылася. Перамога!!!» – успамінае ветэран.
Пасля вайны Мікалай Іванавіч сур’ёзна захварэў. Цэлы год ён матаўся па розных бальніцах, каб паправіць сваё здароўе.
Потым Мікалай Іванавіч сустрэў сваю будучую жонку Марыю Вікенцьеўну. Працавала яна ў школе-інтэрнаце настаўніцай. Нарадзіліся дзеткі, дачка Ірына і сын Генадзь. Здавалася, паволі гояцца душэўныя раны. Але яго чакала новае выпрабаванне: у 40 гадоў памірае ад раку жонка. Выхаванне дзяцей лягло поўнасцю на яго плечы. Годна выхаваў дзяцей. Дачка і сын атрымалі вышэйшую адукацыю, добрыя прафесіі і працу, абзавяліся сем’ямі і адарылі Мікалая Іванавіча ўнукамі.
Мікалай Іванавіч ажаніўся ў другі раз. Працаваў ён на чыгунцы, потым у Свіслацкай сельгастэхніцы, адкуль пайшоў на заслужаны адпачынак. Але спакойны рытм жыцця парушае зноў бяда: у 55 гадоў памірае ад раку дачка Ірына. На вачах Мікалая Іванавіча зноў слёзы... Колькі ран на сэрцы ў гэтага чалавека. Вайна, голад і холад, смерць блізкіх і родных...  
У скарбонцы Мікалая Іванавіча сабралася нямала ўзнагарод. Сярод іх медаль "За перамогу над Германіяй”, Знак ветэрана вайны, пяць юбілейных медалёў Перамогі.
Вось такі лёс гэтага чалавека, чалавека які ўнёс свой уклад у вялікую Перамогу, чалавека, які з гонарам носіць ганаровае званне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.
Напярэдадні свята хочацца ад усяго сэрца павіншаваць Мікалая Іванавіча і ўсіх ветэранаў нашага раёна з Днём Перамогі, пажадаць здароўя, радасці і шчасця.
Таццяна БЕБЕХ,
галоўны спецыяліст
па сацыяльнай абароне
і пенсійным забеспячэнні
райваенкамата

Предыдущая статья

Централизованное тестирование под контролем