banner

Скрыжаванні

02 Мая’13
2174
На папярэднюю.

Ды і днём каля яго ўсе хадзілі ледзь не на дыбачках, дыхаць баяліся, калі знаходзіліся побач: уся іх фірма ў літаральным сэнсе малілася на новага вадзіцеля: каб толькі ў яго атрымалася, каб жа ён разабраўся з гэтымі машынамі і запусціў іх у работу! Чым пагражае калектыву іншае развіццё падзей, кіраўніцтва не ўтойвала, а падкія да сенсацый жаночыя языкі раздулі сапраўднага слана, хай сабе і не з мухі, а з падкладзенага ім "траянскага каня”. Шукаць новае месца працы пасля адносна стабільнай работы ў "Элеганце” нікому не хацелася, нават тым, хто раней часам пабуркваў на тое, што заробкі маглі б быць і большымі, а перапрацовак менш. Але ж нездарма кажуць: што маем – не цэнім. Перспектыва страціць работу, надзейны і, што б там ні казалі, не самы горшы заробак, нікога не ўзрадавала, і ўсе, прыходзячы ранкам па працу, з надзеяй паглядвалі на Юрыя: што там у яго?
Таццяна не была выключэннем: ёй таксама хацелася кожныя паўгадзіны бегчы ў цэх, каб спытаць у Юрыя: ну як? А яшчэ лепш – стаяць побач і назіраць, што і як ён робіць, старацца прачытаць яго думкі. Яна стрымлівала сябе амаль што сілай: ведала, як цяжка працаваць у такіх умовах, калі на табе ляжыць неймаверны груз адказнасці, калі на цябе спадзяюцца, як на бога, а ты зусім не ўпэўнены, ці зможаш гэтыя спадзяванні апраўдаць. Таму старалася не назаляць лішнімі пытаннямі, разумела: будзе нейкі вынік – Юрый сам скажа.
І ўсё ж пры найменшай нагодзе старалася зайсці ў швейны цэх, каб хоць здалёк паглядзець, што ён там робіць, які ў яго выраз твару, паспрабаваць здагадацца, ці атрымліваецца ў яго што-небудзь, калі-нікалі мімаходзь спытацца, ці не трэба чаго. Яна ўжо навучылася разбірацца: калі Юрый нервова пакусвае вусны, гэта азначае, што нешта ў яго не атрымліваецца, калі злёгку ўсміхаецца і нешта мурлыкае сабе пад нос – значыць, злавіў нітачку, калі хмурыць бровы – напружана думае.
…Таццяна і сама не заўважыла, калі і як Юрый завалодаў усімі яе думкамі. Але аднойчы, прачнуўшыся ранкам, злавіла сябе на тым, што, пацягнуўшыся ў ложку, перш за ўсё падумала не пра Андрэйку (як ён там, у бабулі?), не пра маці (ці спраўляецца з малым падшыванцам?), не пра Васю (ці ладзяцца справы ў яго на будоўлі?)… А пра яго, пра Юрыя: калі ён учора пайшоў з цэха, ці прачнуўся ўжо, ці атрымліваецца ў яго адпачыць на вузкай канапе. Ён папрасіў, каб дазволілі гэтыя дні начаваць у тым самым злашчасным вадзіцельскім пакоі адпачынку, бо шкода губляць час на няблізкую дарогу. Напэўна, зараз ужо зноў варожыць каля машын…
Падумаўшы пра гэта, Таццяна ўскочыла з ложка, як апараная. Што гэта з ёю? І са здзіўленнем і раздражненнем мусіла прызнацца сабе,  што апошнім часам не можа думаць ні аб чым іншым. Пра што б ні заходзіла гаворка, куды б ні сягалі яе думкі, яны неадольна скіроўваліся да яго. Яна паспрабавала апраўдацца перад сабою тым, што справа зусім не ў гэтым вадзіцелі, а ў іх новых машынах і тых праблемах, што з’явіліся разам з імі, урэшце – у будучыні  іх фірмы, якая зараз залежыць ад таго, ці справіцца Юрый з пастаўленай самому сабе нялёгкай задачай.
Хоць у глыбіні душы разумела, што гэта не так, дакладней, не зусім так, што яе турбуюць не толькі машыны, не толькі новы заказ, але і сам Юрый. Як ён харчуецца, чым снедае, дзе абедае, ці павячэраў сёння – яна не аднойчы лавіла сябе на гэтых думках, калі запарвала ранкам каву, разагравала днём боршч, ляпіла вечарам катлеты. Таня літаральна трымала сябе за руку, каб не аднесці тыя катлеты ці хоць бы бутэрброды яму ў цэх. І без таго швачкі, заўважыла, пераглядваюцца, як толькі яна заходзіць да іх, і пільна ловяць кожны яе рух і погляд. А ёй жа здаецца, што яна бывае там не так і часта, усяго разы тры-чатыры за дзень, у крайнім выпадку – пяць, і ў яго бок амаль не глядзіць і падыходзіць да яго ў апошнюю чаргу… Раней яна ўвогуле магла не заходзіць сюды дзень ці два (вытворчы працэс быў прэрагатывай Валодзі), то зараз лічыла, што яе візіты маюць пад сабой лагічнае тлумачэнне: цяпер – асаблівыя абставіны. Але работніцы, мусіць, лічылі такое тлумачэнне не ўпаўне лагічным –  і ўвесь час перашэптваліся і пераміргваліся за яе спіной. Гэта яе злавала. Ото ж бабская натура: варта даць хоць найменшую нагоду – адразу ж панясуць на языках! Канешне, яна магла прыструніць жанчын, паставіць іх на месца, але разумела, што пасля гэтага размоў стане яшчэ больш. І махнула рукой: ат, хай гавораць, іх не пераробіш…
Галоўнае – не чужыя размовы, галоўнае – што робіцца з ёю. Чаму гэты Юрый не ідзе ў яе з галавы? Няўжо яна, дурніца, на пятым дзясятку зноў закахалася? Госпадзі, толькі гэтага не хапала… Яна ж давала сабе зарок: ніколі, нізавошта, нікога, нават казачнага прынца больш не пакахае! Яна выпрацавала для сябе жалезнае правіла: не хочаш болю – не пускай у сэрца каханне.  І яно быццам бы працавала ўсе гэтыя гады. І так усё добра было: яна, дзеці, работа… Свабода! Галава цвярозая, нічым не затлумленая. Сабой распараджаешся, як хочаш. А цяпер у галаве адно: Юрый, Юрый, Юрый… І калі ж гэтае нахабнае каханне так незаўважна ў душу прашчамілася, што яна нават не заўважыла? Тады, на мосце, разам з касачамі? Ці калі ён сядзеў у міліцыі на аблупленай драўлянай лаўцы і ёй да сардэчнага болю стала шкада яго? Ці калі падчас іх першай сумеснай паездкі ён расказваў сваю сумную гісторыю? Ці з самага пачатку, у тую першую сустрэчу, калі яна звярнула ўвагу на яго адначасова калючыя і добрыя вочы? А галоўнае – як яна магла дазволіць яму прабрацца ў сваё сэрца, завалодаць яе думкамі? І што цяпер рабіць з гэтым няпрошаным і нежаданым госцем? Хоць бы ён аб гэтым яе няшчасці не здагадаўся, хоць бы тыя перашэптванні ды пераглядванні швачак да яго не дайшлі,  тады, бог дасць, з цягам часу і ад яе гэтае насланнё адступіць. А калі не – што тады рабіць, як з гэтым змагацца? Ды яшчэ, працуючы разам, сустракаючыся кожны дзень…
У той дзень яна стрымала сябе – зайшла ў швейны цэх толькі раз. Лоб у Юрыя быў нахмураны, ён, здаецца, нікога і нічога не заўважаў, акрамя машыны: раз-пораз паглядваў то ў інструкцыю, то на панэль з незразумелымі кнопкамі і рычажкамі, гартаў слоўнікі, зноў узіраўся на панэль, нешта параўноўваў, бязгучна варушыў губамі, усміхаўся і зноў хмурыўся. Яна нават не стала падыходзіць да яго, толькі пацікавілася ў майстра, як справы. Тая ў адказ моўчкі развяла рукамі, красамоўна паглядзела ў бок Кашаварава – маўляў, чакаем, спадзяемся... Зрэшты, і без яе адказу было бачна, што пакуль усё без перамен.
Таццяна, засмучаная адсутнасцю хоць якіх-небудзь станоўчых зрухаў у наладцы абсталявання –  а мінуў ужо амаль тыдзень, як яго прывезлі, а яшчэ больш –  ранішнім адкрыццём, што гэты Юрый Кашавараў так глыбока запаў ёй у душу, пайшла да сябе. Зразумела, што работа не клеілася. Яны зноў пацапаліся з Валодзем,  нават самі не зразумелі, з-за чаго – напэўна, толькі таму, што абое былі на нервах. Сябар пабачыў, што ад яе прыкурваць можна – настолькі іскрыла, спаслаўся, што трэба дамаўляцца з пастаўшчыкамі фурнітуры, для новага заказу яна спатрэбіцца адмысловая, спецыяльная –  і паехаў у Мінск. Гэта яе крыху астудзіла і суцешыла: значыць, Валодзя не губляе надзеі… І ёй не варта! І, каб нечым сябе заняць, стала гартаць апошні каталог з узорамі тканіны, хоць і на гэтым засяродзіцца не магла.
Дзень, як і звычайна, калі клопатаў было безліч і работы процьма, пралятаў як адно імгненне, цяпер цягнуўся, як год. Дахаты яна пайшла раней звычайнага – падумала, што дома, напэўна ж, знойдзе сабе занятак. Калі ж хатняя работа бывае пераробленай? Але і там не магла сябе нічым заняць. Хацела памыць акно, ды, пацягнуўшы за штору, незнарок абарвала карніз, які трымаўся на адным сумленні –  расстроілася яшчэ больш. Вырашыла, што трэба перацерці посуд у горцы – разбіла дарагі фужэр, а прыбіраючы шкло, парэзала палец. Раззлавалася сама на сябе, плюнула на ўсё і, заварыўшы моцны чай, уключыла тэлевізар і ўляглася на канапу. Без мэты шчоўкала пультам з канала на канал, не разумеючы, пра што там гавораць, не заўважаючы, што паказваюць. З галавы не ішло адно: як там Юра? Можа, усё ж варта было б падысці да яго, пагаварыць, можа, яму якраз гэтага не хапае – увагі, разумення, што ў гэтую хвіліну яна – разам з ім? А мо, яна ўсё гэта сабе напрыдумвала, як любая закаханая дурнічка, а на самой справе гэтаму Кашавараву сто гадоў непатрэбная, яна для яго толькі начальніца.
Калі ўжо сабралася класціся спаць – усё роўна дзень змарнаваны, прайшоў да крыўднага бескарысна, то, можа, хоць выспацца ўдасца – зазваніў тэлефон. Чамусьці яна не захвалявалася, як звычайна, калі чула позні званок – можа, што здарылася з дзецьмі ці з мамай? Яшчэ не зняўшы трубку, Таццяна ведала, што тэлефануе Юрый.
Яна не памылілася.  Гэта і сапраўды быў ён. Голас гучаў ўсхвалявана і радасна:
– Таццяна Аляксееўна, прабачце, што так позна. Спадзяюся, я вас не разбудзіў?
– Не паспелі, –  Таня старалася стрымацца, каб ён не заўважыў унутранага трымцення яе голасу. – А што здарылася?
– Здаецца, я ва ўсім разабраўся. Хацеў бы праверыць, ці так гэта на самой справе. Але запускаць машыну аднаму страшнавата – раптам што не так? Ды і радавацца самому неяк няёмка. А да заўтра трываць – ну проста моцы няма…
– Я ўсё зразумела! – выгукнула Таццяна, ужо не хаваючы свайго хвалявання і радасці: няўжо ён змог, няўжо ў яго атрымалася? –  Я буду праз пяць хвілін, чакайце!
Але сабрацца за пяць хвілін не атрымалася. Нягледзячы на тое, што ад нервовага ўзбуджэння трэсліся рукі, яна падфарбавала вочы, вусны, прыпудрыла цёмныя кругі пад вачыма, выбрала ў шафе любімыя штаны і прыгожую блузку, пакруцілася перад люстэркам – як выглядае?
Юрый чакаў яе ля ўваходу ў цэх. Стаяў на ганку і нервова смаліў цыгарэту. Заўважыўшы яе, затушыў недакурак:
– Што ж вы так доўга? Я ўжо хацеў ісці насустрач – цярпення няма чакаць…
І нечакаючы яе адказу, стаў тлумачыць, пакуль яны падымаліся па лесвіцы:
– Здаецца, я зразумеў, у чым там галоўная фішка! З асноўнымі аперацыямі праблем не было, з гэтым я разабраўся адразу…
– Як адразу? – аж прыпынілася ад нечаканасці Таня. – Вы ж казалі, што няма ніякіх вынікаў!
– Ну падумаеш адкрыццё – як строчку гнаць! Да гэтага я дайшоў яшчэ ў першы дзень. Але ж для нас, як я разумею, гэта не самае галоўнае, гэта можна і на старых машынах зрабіць, ды так, што тыя палякі і не разбяруцца… Галоўнае ж аддзелка, я правільна разумею? А вось з гэтымі аперацыямі былі пэўныя праблемы. Пакуль дапетрыў, што да чаго…
– Многае – гэта не ўсё, –  ён хітравата ўсміхнуўся. – Да таго ж –  не галоўнае. Але вось зараз… Вы пабачыце… Можа, я памыляюся, я ж не ведаю гэтую тэхналогію так дасканала, як вы. Але вось вы паспрабуйце, Таццяна Аляксееўна, я вам зараз раскажу, што і як. Ці атрымаецца?
Яна захапіла на раскроечным участку кавалак тканіны, і яны пайшлі тэсціраваць машыну. Як толькі Юрый уключыў яе, замежны монстр, які яшчэ днём здаваўся крыважэрным цмокам, што з’явіўся тут, каб пагубіць іх усіх,  завурчэў мяккім прыемным голасам, нібы хатні кот-мурлыка.
…Юрый уключаў адну за другой розныя аперацыі – машына працавала бездакорна. А якасць! Цяпер Таццяна зразумела, як кардынальна адрознівалася тое, што яны рабілі да гэтага часу на старых машынах, ад магчымасцей новай. І чаму палякі так настойвалі, каб іх заказ адшывалі менавіта на гэтым абсталяванні. Нават пры самым высокім прафесіяналізме іх работнікаў, пры самай найлепшай іх стараннасці і адказнасці такога б выніку на сваіх машынах яны, хоць расперазаліся б, даць не змаглі б. Таццяна шыла, абкідвала, прабівала петлі, праходзіла аддзелачную строчку – і не магла нарадавацца. Душа спявала, ёй не хацелася выключаць машыну. Калі ж нарэшце нацешылася і Юра выключыў тумблер, падняла на яго захоплены позірк:
– Юра, вы – геній! Я вас люблю!
Яна сама не зразумела, як вырваліся гэтыя словы – і зачырванелася, як дзяўчынка, якую злавілі за нечым недазволеным.
Ён стаяў і шчасліва ўсміхаўся. А яна не ведала, куды дзець вочы:
– Я… Я хацела сказаць, што ў захапленні і ад гэтай машыны, і ад вашай працы, –  пастаралася яна растлумачыць свае словы. Але Юрый, здаецца, не звярнуў  увагі на іх двухсэнсоўнасць. Ці зрабіў выгляд, што не звярнуў…
– Ну што вы, Таццяна Аляксееўна! – махнуў рукой. –  Нічога тут геніяльнага няма, звычайная работа. Ну, можа, крыху больш складаная з-за таго, што незнаёмая і інструкцыі на замежнай мове. Але, зрэшты, не богі ж гаршкі абпальваюць. Калі знайшоўся чалавек, які ўсё гэта прыдумаў, то таго, хто б зразумеў, як гэта працуе, знайсці прасцей. Я рады, што ўсё атрымалася, што я змог стрымаць сваё слова і дапамагчы нашай фірме пазбегнуць сур’ёзных праблем. Цяпер, спадзяюся, скарачэнне штатаў нам не пагражае? –  весела ўсміхнуўся ён.
– Ну, вам – дык дакладна, –  засмяялася Таццяна.
– Увогуле такі ашаламляльны поспех нашай безнадзейнай справы варта было б адзначыць, – нечакана для самой сябе ці то спытала, ці то прапанавала Таццяна. –  Недзе ў мяне ў кабінеце ёсць бутэлька шампанскага…
Яшчэ большай і да таго ж крыўднай нечаканасцю стаў адказ Юрыя:
– Напэўна, не пашкодзіла б… Але, можа, не сёння, тым больш – не зараз? – у голасе яго гучалі прабачальныя ноткі. –  Час непадыходзячы… Ды і абстаноўка… Усё ж момант, мне здаецца, заслугоўвае большай урачыстасці, чым адкаркаваная ў цэху бутэлька шампанскага. Тым больш, што вы мне неяк абяцалі рамантычны вечар, помніце? –  нагадаў ён пра яе адказ на яго тыднёвай даўнасці запрашэнне ў кафэ. А яна думала, што ён даўно забыўся пра тую мімалётную размову. – Да таго ж я не прывык частавацца за чужы кошт…
Яна нахмурылася – вось яшчэ прыдумаў! Але Юрый не даў ёй запярэчыць:
– А галоўная прычына –   стаміўся я моцна, –  закончыў ён зусім будзённа. – Толькі зараз, калі ўсё закончылася, зразумеў, наколькі… Проста з ног валюся, здаецца, нават да канапы не дабрыду, прама тут, ля машыны, зараз і ўпаду. Вы прабачце, Таццяна Аляксееўна, я нават дахаты вас не змагу правесці – баюся, што засну па дарозе… Я ўсе гэтыя дні гадзіны па дзве-тры ў суткі спаў.
Таццяне стала сорамна, і яна прамармытала:
– Канешне, ідзіце адпачывайце. Я закрыю цэх, не турбуйцеся. Пра ўсё астатняе пагаворым заўтра…
Працяг.
Ніна Рыбік.

Предыдущая статья

Юбилейного «Факела» свет