Зямля мужных і вынослівых людзей, якія заўсёды баранілі сваю годнасць і незалежнасць. У свеце ведаюць пра гасціннасць нашага народа, сардэчнасць, жаданне сустрэць хлебам-соллю на чысцюткім ільняным рушніку кожнага, хто завітае да нас з дабром. Гэта наша Радзіма, наш родны дом. Мы дзеці твае, Беларусь!
Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь запыталіся ў свіслачан, што для іх значыць гэтае свята.
Надзея Палуэктава, былы вязень канцлагера:

– Наша Беларусь – найпрыгажэйшая краіна ў свеце. Мірная, цудоўная, непаўторная! Куды ні едзеш, вакол такія прыгожыя палі, лясы, рэкі, азёры. А якія ў нас гасцінныя людзі! Добрыя, шчырыя, гатовыя ў любы час дапамагчы.
Наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч – чалавек ад Бога, які робіць усё магчымае, каб наша Беларусь развівалася, каб людзям добра жылося ў вольнай незалежнай краіне.
А Дзень Незалежнасці – гэта вялікае свята, здабытае неверагоднай цаной. Кожны трэці загінуў на той вайне. Я нарадзілася ў канцлагеры, і хоць сама не памятаю, але мама мне шмат разоў расказвала пра тое, што давялося перажыць у няволі.
Таму Дзень Незалежнасці для мяне – гэта свята міру, свята перамогі над злом. Хачу ўсіх павіншаваць і пажадаць, каб ніхто ніколі больш не зведаў вайны. Каб наша Беларусь заўсёды была вольнай і шчаслівай.
Таццяна Стэльмах, спецыяліст РУП “Белтэлекам”:

– Беларусь – гэта частка мяне, маёй сям’і. Мая любая Радзіма, у якой можна быць спакойным за дзяцей, за іх будучае.
Дзень Незалежнасці ў мяне звязаны з пачуццём удзячнасці за мір і спакой. Менавіта ў гэты дзень я, мама шасцярых дзетак, яскрава ўсведамляю, што значыць быць маці ў мірнай краіне і як важна гадаваць дзяцей у атмасферы глыбокай павагі да нашай гісторыі, мінулага.
Аляксей Лукша, кіраўнік народнага тэатра “Памфлет”:

– Беларусь – гэта мая Радзіма, мой дом, мая сям’я, месца, дзе я нарадзіўся і вырас, зямля маіх продкаў, якой я ганаруся. Гэта краіна, дзе побач жывуць традыцыі мінулага і сучаснасць, месца, дзе хочацца стварыць нешта новае, цікавае, перадавое. У Беларусі адкрыты ўсе шляхі для творчасці, для жыцця, для прафесійнага росту маладых людзей. Я люблю сваю Радзіму, схіляю галаву перад яе гераічным мінулым і веру ў яе светлае будучае. Жыць пад мірным небам – гэта найвялікшае шчасце.
Ігнацій Грыка, выпускнік гімназіі №1 імя Пашы Васіленка:

– Што для мяне Беларусь? Гэта месца, дзе я адчуваю сябе дома, дзе маё сэрца напаўняецца радасцю, калі бачу дарагіх мне людзей, сяброў, родных. Калі я любуюся нашымі краявідамі: палямі, лясамі, азёрамі, рэкамі, кожным куточкам, які пранізаны духам старажытнасці.
Усё маё свядомае жыццё прайшло ў незалежнай краіне. Нават калі я яшчэ не ўсведамляў значэнне слова “незалежнасць”, ўжо тады разумеў, што гэта нешта вельмі важнае і мае вялікі сэнс. Для нас, маладых, Дзень Незалежнасці – гэта дань павагі гераізму і стойкасці беларускага народа, героям-пераможцам, Вялікаму Подзвігу тых, хто падымаў краіну з руінаў, будаваў фабрыкі, заводы, дамы, школы.
Дзякуючы незалежнасці сёння кожны з нас можа выбраць, у якіх секцыях займацца, дзе вучыцца, развіваць свой патэнцыял. Для гэтага створаны ўсе ўмовы.
Мы заўсёды будзем памятаць, якая цана была заплачана нашымі прадзедамі за сённяшні мірны дзень, за незалежнасць Беларусі. А гэта самая галоўная каштоўнасць для кожнага беларуса.
Запісала Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара