banner

Кастусь Каліноўскі – наш слынны зямляк

19 Января’13
5438
Кастусь Каліноўскі – наш слынны зямляк
21 студзеня (2 лютага) — 175 гадоў з дня нараджэння нaшага земляка, выпускніка Свіслацкай гімназіі, беларускага рэвалюцыянера-дэмакрата, мысліцеля i публіцыста Кастуся Каліноўскага. Імя гэтага чалавека добра вядомае на Свіслаччыне, аб iм многа разоў пісала раённая газета. Апублікавана шмат артыкулаў у абласным i рэспубліканскім друку, а таксама навуковых прац i літаратурных твораў.
Сённяшні артыкул таксама прысвечаны нашаму слыннаму земляку. Аўтар публікацыі — заслужаны работнік культуры, краязнаўца і гісторык Аляксандр ПАЛУБІНСКІ.

Кастусь (Канстанцін Вікенцій Сямёнавіч) Каліноўскі нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны (цяпер Польшча), якая знаходзіцца ў 13 кіламетрах ад Свіслачы. У той час яна, як i на­ша мястэчка, уваходзіла ў Ваўкавыскі павет. Па сучасных мерках гэта невялікая вёска. У 1890 годзе ў ёй бы­ло 17 хат i 187 жыхароў. Пры вёсцы былі царква, школа, вадзяны млын. У карыстанні сялян знаходзілася 381 дзесяціна ворнай зямлі, 15 дзесяцін належала царкве. Мастаў­ляны былі ўласнасцю памешчыка Радавіцкага, якому тут належала 1331 дзесяціна вор­най зямлi і 762 дзесяціны ле­су. Сам Радавіцкі жыў у маёнтку Краснае. Разам яму на­лежала 2797 дзесяцін.
У гэтага землеўладальніка ў 1835 годзе бацька Кастуся Сямён Сцяпанавіч Каліноўскі ўзяў у арэнду ўчастак зямлі i пабудаваў невялічкую ткац­кую фабрыку па вырабу льня­ной сталовай бялізны: абрусаў, сурвэтак, ручнікоў. Усяго 9 гатункаў. Сам Сямён Сцяпанавіч быў адмысловым майстрам-ткачом. Яго вырабы карысталіся вялікім попытам. Вось што гаварылася ў справаздачы ад 9 красавіка 1848 года за подпісам Гродзенскага губернатара аб стане прамысловасці ў губерні: «...Па думцы мясцовага начальства вынікае, што на кipмашах (асабліва на Cвіслацкім) між іншымі вырабамi Гродзенскай губерні выдзяляліся высокімі якасцямі вырабаў тканіны беластоцкай і супральскай фабрык, карты альберцінскай, абрусы i сурвэткі мастаўлянскай фабрыкi».
У тым годзе, які ўпамінаецца ў справаздачы, Кастуся ў дзевяцігадовым узросце аддаюць вучыцца ў Свіслацкую гімназію. А ўжо ў 1849 годзе бацька разам з другой жонкай — Лазарэвіч, мачахай Кастуся, набывае сядзібу ў Якушоўцы. Сюды ў 1850 годзе ён перавозіць і ткацкую фабры­ку. І ўжо ў ведамасці «холстя­ной фабрики состоящей Грод­ненской губернии Волковысского уезда в имении Якушовка, принадлежащей дворянину Семену Калиновскому» гаворыцца, што на фабрыцы маецца 13 станкоў жакартавых машын, на якіх працуе 1 майстар i 13 вольнанаёмных. За год выраблена 100 гарнітураў сталовай бялізны на 2000 рублёў серабром. Далей у гэтым дакуменце сцвярджаецца, што на выраб гэтай бялізны выкарыстана 150 пудоў (2400 кілаграмаў) ільну мясцовага вырошчвання, што значная частка прадукцыі прадаецца на Свіслацкім i Зэльвенскім кipмашах i ў крамах розных гарадоў Гродзенскай, Віленскай i Мінскай губерняў.
Taкiм было эканамічнае становішча сям’і, у якой нарадзіўся, рос i выхоўваўся Кастусь Каліноўскі. Гэта таксама мела ўплыў на станаўленне характару i светапогляду будучага рэвалюцыянера-дэмакрата, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.
Але яшчэ большае ўздзеянне на яго ідэйны ўзровень зрабіла палітычнае, эканамічнае i грамадскае жыццё нашага краю. Кастусь Каліноўскі з дзіцячых гадоў быў сведкам набываючага размах народнага руху, прымаў удзел у культурным жыцці беларускай вёскі: у жніўных i другіх, звязаных з сельскай гаспадаркай, абрадах, у вясельных святочных урачыстасцях, у гутарках на вячорках у доўгія зімовыя вечары. Тут ён вывучаў, засвойваў i спасцігаў чароўныя словы і гукі беларускай мовы. Нездарма мова «Мужыцкай праўды», якую ён выдаваў, i іншых яго твораў насычана словамі і выразамі, якія ён вынес з нашага свіслацкага краю, як «мінуло», «чэраз», «пэўне», «захочэ», «кепскае», «глум», «паталкаваўшы», «грошэй», «дзяцюкі», «аберагаці», «ужэ» i іншыя.
Вялікі ўплыў на станаўлен­не светапогляду К. Каліноўскага зрабіла Свіслацкая гімназія, у якой ён вучыўся з 1847-га па 1855 гады. Гэтая навучальная ўстанова мела добрыя шляхетныя традыцыі яш­чэ з часоў яе заснавання. А заснавалі яе ў 1805 годзе. Тады гэта была адзіная ў Гро­дзенскай губерні свецкая сярэдняя школа (гімназія), падначаленая Віленскаму ўніверсітэту. З самага пачатку яна займала важнае месца ў развіцці асветы на Беларусі.
Дзіцячыя гады, вучоба ў Свіслачы, жыццё ў Якушоўцы — усё гэта адбілася на iмпульсіўнай, жывой натуры К. Каліноўскага i не магло не вызначыць у юнацкіх марах i ўяўленнях напрамак яго будучай дзейнасці — згуртаванне сялянскіх мас на барацьбу з крыўдай i прыгнётам, здзяйсненне найглыбейшых жаданняў народа. Гэта падрыхтавала Каліноўскага да далейшай упартай i плённай працы дзеля ўласнага развіцця ў такім асяроддзі, у якое яго ўвёў старэйшы брат Віктар у Пецярбургу. Тут ён спалучаў палітычныя ідэі са сваім глыбокім жыццёвым вопытам, набытым у дзяцінстве, юнацтве, у гады вучобы на Свіслаччыне, з веданнем гаспадарчага i палітычнага жыцця гэтай зямлі i з iмкненнямі сялянскіх мас. Гэ­та дазволіла яму глыбей зразумець прычыны бядоты i нядолі людзей, больш удумліва тэарэтычна вызначыць будучую рэвалюцыйную дзейнасць.
Сёння імя К. Каліноўскага носіць вуліца і гімназія № 1 у Свіслачы, у цэнтры горада ўстаноўлены помнік. Вёска Ліхасельцы, сярод сялян якой часта бываў малады Кастусь, перайменавана ў Каліноўскую. Так свіслачане ўшаноўваюць памяць пра свайго земляка, які аставіў значны след у гісторыі Беларусі.

Предыдущая статья

О государственных пособиях семьям, воспитывающим детей