banner

Свята паэзіі ў песенным краі

14 Декабря’12
2390
Свята паэзіі ў песенным краі
Зноў пра свята. І зноў у Грынках напрыканцы Года кнігі. Гэта ўжо трэцяе мерапрыемства, якое было падрыхтавана работнікамі Грынкаўскага СДК на чале з дырэктарам Марыяй Самалевіч сумесна з рэдакцыяй раённай газеты. На гэты раз у сельскім Доме культуры сабраліся разам прыхільнікі паэзіі і песні. Паэтычнае слова дарылі гледачам члены літаратурнага аб’яднання «Люстэрка душы», якое існуе пры «Свіслацкай газеце» ўжо тры гады, а цудоўныя песні гучалі ў выкананні творчых калектываў Грынкаўскага і Дабравольскага Дамоў культуры.
Свята паэзіі ў песенным краі
На самым ускрайку
пушчанскага краю
Штодзень мая вёска
зару сустракае.
Тут пах верасоў,
садоў нашых квецень
Кранаюць мне душу,
і просіцца песня...
У ёй і любоў, і матуліна
ласка,
У ёй і з дзяцінства
знаёмая казка,
І мары аб шчасці,
і спеў салаўіны,
Любоў да маёй
сінявокай краіны…

Свята паэзіі ў песенным краі
Вось такой цудоўнай песняй на словы мясцовага паэта-самародка Сяргея Лукшы  пачалося свята паэзіі і песні. І ўжо з першых хвілін гледачы былі ўзяты ў палон неперадавальнай чароўнай атмасферы, якая панавала ва ўтульнай глядзельнай зале СДК на працягу амаль дзвюх гадзін.
Трэба сказаць, што вёску Грынкі здаўна называлі песенным краем. Ніхто не ведае чаму, але менавіта тут часцей, чым дзе-небудзь у іншым месцы, нараджаліся і раслі людзі, якія валодалі цудоўным голасам, што ліўся, здавалася, з самога сэрца і дарыў асалоду ўсім, хто любіў песню, хто не ўяўляў без яе жыцця. Гэтая любоў перадавалася з пакалення ў пакаленне. І сёння тых людзей, бадай, не менш, чым сто гадоў таму назад.
Ёсць такая вёска
ў нашым краі,
Дзе вякамі песні
не змаўкаюць, –
На ускрайку лесу,
ля ракі
Звонкія, пявучыя
Грынкі…

Свята паэзіі ў песенным краі
Гэтыя радкі склаў вядомы беларускі паэт-песеннік Янка Насута. Менавіта ад шуму дуброў, ад прыгожых рамонкавых лугоў, ад звонкага спеву жаўрукоў і нараджаліся яго песні. На жаль, таленавіты зямляк не змог прыехаць у родную вёску на свята, але яго песні ў выкананні народнага калектыву "Спадчына” гучалі са сцэны і, напэўна, рэхам адгукаліся ў сэрцы паэта.
Пасля адзін за другім на сцэну падымаліся ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання "Люстэрка душы”, чыталі свае вершы, а потым гучалі песні на іх словы, што стала сапраўднай нечаканасцю для аўтараў.
Іван Ламашкевіч, з-пад пяра якога нараджаюцца цудоўныя вершаваныя радкі, які да таго ж валодае прыгожым голасам (і не дзіва, ён таксама нарадзіўся на грынкаўскай зямлі), здзівіў і пацешыў прысутных не толькі лірычнымі вершамі, а і гумарэскамі.
Не меншым талентам валодае і Фёдар Цямежнікаў. І вось што цікава. Яго лёс таксама, няхай сабе і ўскосна, але ўсё ж звязаны з Грынкамі і яго наваколлем. У дзяцінстве Фёдар не раз прыбягаў на хутар Клеціска, дапамагаў самотнай бабулі, якая паіла малога смачным малаком, карміла свежаспечаным хлебам, а часам ціха спявала песні. Можа, разам з водарам таго хлеба, з тымі песнямі і ўлівалася ў сэрца хлопчыка любоў да гэтых цудоўных мясцін і жаданне выказаць яе ў вершах.
Свята паэзіі ў песенным краі
Я парнишкой
босоногим
Прибегал сюда тайком.
В хате сразу за порогом
Ждала крынка с молоком.
Там жила одна старушка
В ладу с Богом да с собой,
Вся в морщинках и веснушках
И согнутая судьбой… 
          
Гэтыя радкі нарадзіліся ў сэрцы паэта праз дваццаць гадоў пасля таго, як не стала Клеціска, як зраўнавалі з зямлёю ўсё, што было такім дарагім для ўсіх, хто тут нарадзіўся і вырас. Нічога не засталося ад былых хатаў, ад калодзежаў з чыстай сцюдзёнай вадою, ад садоў з духмянымі яблыкамі, але ніхто не здолее вырваць з сэрца успаміны аб родным куточку, бо памяць не мае тэрмінаў, бо не сціхае боль аб страчаных скарбах.
Гэты боль у кожным радочку былой жыхаркі Клеціска Лідзіі Лукшы, якая прыехала на свята, каб падзяліцца сваімі ўспамінамі, каб прачытаць вершы, прысвечаныя Бацькаўшчыне.
Куды вы думкі-мроі
паляцелі,
Свята паэзіі ў песенным краі
У які дзівосны край мне
дарагі?
І што прыгадаць
мне захацелі,
І на якія клічаце кругі?
Я ведаю: вы зноўку
ў нашай хаце,
Дзе я расла, шчасліваю
жыла,
Дзе кожны наш куточак
мне, дзіцяці,
Даваў так многа ласкі
і цяпла…

 Свята паэзіі ў песенным краі
Сяргей Лукша, на жаль, не змог прыйсці на свята. Але з якой цеплынёй, з якім натхненнем расказвала пра яго сястра Святлана. Яна праспявала песні на вершы Сяргея, і нельга было не здзіўляцца яго ўменню перадаць прыгажосць і непаўторнасць роднага краю, выказаць паэтычным словам любоў да яго.
Яшчэ адным прыгожым момантам свята было знаёмства з самабытнай майстрыхай Ганнай Сямёнаўнай Нехайчук, дзякуючы якой у фае Дома культуры адкрылася цудоўная выстава вышываных работ. А што гэта, калі не паэзія душы, якая вясёлкавымі малюнкамі рассыпалася па рушніках, па сурвэтках, настольніцах?! Што гэта, калі не песні, якія клаліся на бялюткае палатно цудоўнымі вышыванымі ўзорамі?!  
Такім вось было гэтае свята. І застаецца толькі дадаць, што яно стала своеасаблівай кропкай Года кнігі, якім быў аб’яўлены 2012-ы. Гэта падкрэсліла галоўны рэдактар "Свісла-цкай газеты” Ядвіга Курыла, якая таксама прысутнічала на свяце. Яна адзначыла, што мерапрыемства атрымалася вельмі шчырым, цёплым і кранаючым за душу. Падзякавала паэтам, якія падзяліліся з прысутнымі сваімі пачуццямі, часцінкай свайго багатага ўнутранага свету, а таксама арганізатарам свята за падораныя хвіліны асалоды і задавальнення.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фото Григория ШИРЯЕВА.

На снимках: Спявае І. К. Ламашкевіч., Л. Л. Лукша., Ф. А. Цямежнікаў., На сцэне народны калектыў «Спадчына» Грынкаўскага СДК; Вышыўкі Г. С. Нехайчук., Інсцэніроўка ў выкананні юных самадзейных артыстаў; На тварах усё сказана.

Предыдущая статья

Безопасное детство