15 сакавіка грамадзяне нашай краіны ўрачыста адзначылі Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Ужо ў васямнаццаты раз: Асноўны Закон быў прыняты ў 1994 годзе.
У гэты дзень у раёне прайшла ўсебеларуская акцыя “Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь”. Традыцыйна ў раённы Дом культуры былі запрошаны актывісты грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” з розных школ. І гэтак жа, як наша краіна васямнаццаць гадоў таму атрымала свой Асноўны Закон, юныя жыхары Свіслаччыны атрымалі свой галоўны дакумент — пашпарт. З самым добрым наказам рабятам уручыў яго старшыня райвыканкама А. М. Таргонскі. Разам з пашпартам маладыя людзі атрымалі падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі — кнігу “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. А Таццяну Лоскат першы сакратар райкама ГА БРСМ М. В. Рудоміна павіншавала і з нагоды асабістага свята: у Дзень Канстытуцыі Таццяна нарадзілася.
— Пашпарт для нас — сімвал прыналежнасці да Рэспублікі Беларусь, да яе сучаснасці, мінуўшчыны і будучыні, — выказала агульную думку маладых Дар’я Нікіта.
Урачыстасць прадоўжылася святочным канцэртам.
Наталля ТУРКО.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.
На здымках: пашпарт з рук А. М. Таргонскага прымае Дар’я Нікіта; вось яны — шчаслівыя ўладальнікі пашпартоў.