banner

Жыве, жыве маё сяло... (+ відэа)

05 Августа’18
2220

Жыве, жыве маё сяло... (+ відэа)Сёння вёску Бойкавічы вы не знойдзеце на карце раёна. Пяць гадоў таму яна ўвайшла ў склад Студзенікаў. Усе жыхары былой вёскі жывуць на вуліцы Поразаўскай. Але нягледзячы ні на што, кожны лічыць сябе бойкавіцкім.

 

Менавіта для іх ладзілі свята – вясёлае, гаманкое Некалі ў вёсцы жыў таленавіты майстар па дрэве. Усё ў яго добра атрымлівалася: лыжкі, бочкі, розныя прылады драўляныя, але асабліва карысталіся ў насельніцтва попытам бойкі. У знак пашаны да майстра і назвалі мясцовасць Бойкавічы, што азначала «бойка» – прылада, у якой білі масла, «вічы» – ствараць, вырабляць.


Сваіх дарагіх жыхароў на свяце Вёска сустрэла духмяным караваем. «Я любуюся вамі, калі вы працуеце, і ганаруся вашымі дасягненнямі, – звярнулася Вёска да сваіх жыхароў. – Кожную раніцу я прачынаюся са спевам пеўняў і стукам брамак, з першым гулам машын, выпраўляю вас на работу, а вашых дзяцей у школу, а потым чакаю вас дадому. Кожны год прыносіць нешта новае ў маю гісторыю, стваральнікамі якой з’яўляецеся вы, мае жыхары».

 
А жыхары – гэта прадстаўнікі розных прафесій: слаўныя механізатары, жывёлаводы і паляводы, паважаныя настаўнікі і ўрачы, работнікі лесу, паштовай сувязі, гандлю і хатнія гаспадыні. Кожнага з іх ушаноўвалі на свяце. Многа добрых слоў сказаў у адрас жыхароў Бойкавічаў старшыня Навадворскага сельсавета Уладзімір Здановіч. А яшчэ ён уручыў падарункі ад саўгаса самым заслужаным. Сярод іх лаўрэат Ленінскага камсамола Леанарда Станіславаўна Шніп, уладальніца ордэна «Знак пашаны», медалі ВДНГ, Ганаровай граматы БССР Ірына Вікенцьеўна Івіна, уладальнік медаля «За працоўныя заслугі» Антон Станіслававіч Андрушка.


Асаблівага прызнання ў гэты дзень удастоілася самая старэйшая жыхарка Бойкавічаў Яніна Сцяпанаўна Кавальчук. У свае 91 яна добра памятае ўсіх аднавяскоўцаў, іх дзяцей і ўнукаў. Кожнага можа назваць паіменна, нават, хто якую ўстанову скончыў. Уладзімір Здановіч паважанай жыхарцы ўручыў памятны падарунак.

 
Будучае вёскі – гэта дзеці. Трохгадовая Валерыя Кіслейка, сёння самая маленькая жыхарка вёскі, калісьці будзе ўспамінаць свой першы грамадскі падарунак.


Са сцэны гучалі добрыя словы ў адрас матуль, якія выгадавалі па чацвёра дзяцей. Гэта Аліна Іванаўна Андрушка, Яніна Вацлаваўна Кавальчук, Марыя Станіславаўна Васілька, Станіслава Станіславаўна Макарская, Яніна Антонаўна Спарнюк, Тэрэза Іосіфаўна Лігер. Мядаль Мацярынства СССР – такой узнагароды ўдастоена Марыя Іосіфаўна Мацейка, якая выгадавала пяцёра дзяцей.

 

 
На працягу свята добры настрой дарылі самадзейныя артысты сельскага філіяла-клуба аг. Новы Двор і народны хор ветэранаў «Сузор’е» раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Кожны артыст зыходзіў са сцэны з кветкамі і пад бурныя апладысменты.

 

 

 


Свята атрымалася вельмі цёплым, але не таму, што тэмпература паветра на двары стаяла пад трыццаць, а таму, што тут жывуць ветлівыя, добрыя і шчырыя людзі. Іх сэрцы адкрытыя да спагады, да чужой бяды і да радасці.


Мне таксама, чалавеку ніяк не звязанаму з гэтай вёскай, было вельмі ўтульна на свяце. Уразіла і тое, што кожнае пажаданне, якое прагучала са сцэны, суправаджалася выклікамі: «І вам здароўя!», «І вам шчасця!», «І вам дастатку!» Жыхары былых Бойкавічаў на дабро адказваюць удвая.

 

 

Марына ЯНЮК.

Фота і відэа аўтара.

Предыдущая статья

Необычным кораблям – веселое плавание (+ видео)