Не надта дасведчанаму чалавеку знайсці аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ў Свіслачы зусім не проста. Размяшчаецца ён у аднапавярховым цагляным будынку за былым кінатэатрам «Звязда» па вуліцы Мяльнова. Цяпер тут знаходзіцца сектар па рабоце з дзецьмі і моладдзю.
Кіруе аддзелам загадчыца Аксана Васілька. Разам з ёй працуе пяць майстроў. Якіх толькі цудаў, вырабленых іх рукамі і фантазіяй, не ўбачыш тут: прыгожыя лялькі, сувеніры з гліны і саломкі, карціны, пано і шмат-шмат чаго яшчэ. Дарэчы, у аддзеле рамёстваў працуе пастаянная выстава-продаж сувенірнай прадукцыі.
Жанна Сыраежка (на здымку) прыйшла ў аддзел не так даўно, але працы ў сферы культуры яна аддала ўжо амаль 30 гадоў. Спачатку захаплялася вязанымі лялькамі, традыцыйнай беларускай выцінанкай. А апошнім часам шмат увагі аддае пляценню традыцыйных беларускіх паясоў.
Майстрыха ўпэўнена, што пояс для нашых продкаў быў амаль што не самым галоўным элементам гардэробу, які суправаджаў чалавека ад першых дзён жыцця і да самой смерці:
– Пояс з’яўляўся абавязковай часткай нацыянальнага касцюма беларусаў. Яго насілі дарослыя і дзеці, мужчыны і жанчыны. Без яго наогул нельга было паказвацца на людзях. Лічылася, што ён абараняе ад многіх няшчасцяў.
Сваімі ўменнямі Жанна Тадэвушаўна шчыра дзеліцца на занятках з гурткоўцамі і пад час майстар-класаў, якія праводзяцца для ўсіх жадаючых.
Ігар БАЯРКІН.