Лета – гэта выдатная пара, якую любяць і чакаюць усе без выключэння – і дзеці, і дарослыя. Гэта цудоўны час сонечных і цёплых дзён, паездак на адпачынак усёй сям’ёй або дружнай кампаніяй.
Штогод Свіслацкі цэнтр турызму і краязнаўства арганізоўвае палатачны перасовачны лагер «Вандроўнік». Дзеці вандруюць па прыгожых, экалагічна чыстых лясных масівах, цікавых у турысцкім і краязнаўчым плане. Выхаванцы маюць магчымасць тут актыўна адпачыць. Дзецям, безумоўна, запомняцца турысцкія паходы, экскурсіі, спаборніцтвы па тэхніцы пешаходнага турызму, турысцкім навыкам і арыентаванню, а таксама даследчая праца.
Значэнне турызму і краязнаўства ў летнім адпачынку дзяцей цяжка пераацаніць. Гэтая дзейнасць уключае ў сябе не толькі высокі эмацыянальны змест, але таксама закранае маральныя, фізічныя і агульнаадукацыйныя бакі развіцця дзіцяці, спрыяе пазнавальнай актыўнасці кожнага ўдзельніка паходу і экскурсіі.
У бягучым годзе ў лагеры аздараўляліся 45 выхаванцаў ва ўзросце 12–17 гадоў, большасць з якіх – навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах Свіслацкага цэнтра турызму і краязнаўства, актыўныя ўдзельнікі турысцка-спартыўных і краязнаўчых мерапрыемстваў. Падарожжа праходзіла па Свіслацкім раёне па маршруце Свіслач – Пацуі – Вердамічы – Дабраволя – Свіслач. Палатачны гарадок размяшчаўся побач з установамі адукацыі, на базе якіх для выхаванцаў арганізоўвалася 5-разовае харчаванне.
Турысцка-краязнаўчая работа ў лагеры была накіравана на аздараўленчы турызм, які прадугледжваў здзяйсненне аздараўленчых турысцкіх паходаў па родным краі ў спалучэнні з правядзеннем краязнаўчых назіранняў, тапанімічных даследаванняў і вывучэннем асаблівасцей раёна. Аснову зместу работы лагера «Вандроўнік» склалі набыццё і адпрацоўка навыкаў юнага турыста (тапаграфічная падрыхтоўка, арыентаванне на мясцовасці, арганізацыя турысцкага быту, аказанне першай дапамогі), гістарычныя даследаванні (вывучэнне помнікаў архітэктуры, сядзібна-паркавых комплексаў), тапанімічныя даследаванні, вывучэнне з’яў, звязаных з мовай (збор фальклору, запіс жывой гаворкі сталага насельніцтва, запіс успамінаў і апавяданняў мясцовых жыхароў пра падзеі з гісторыі населеных пунктаў, стварэнне даведнікаў).
Змена лагера працавала ў фармаце 9D «Востраў прыгод» і была падзелена на дні. Кожны з іх меў сваю назву і дэвіз, накіраваны на далейшую працу і правядзенне мерапрыемстваў. Выхаванцы лагера раздзяляліся на тры атрады: «Юныя турысты», «Юныя краязнаўцы», «Юныя эколагі». Атрады атрымлівалі заданні па напрамках, якія неабходна выканаць падчас змены.
«Юныя турысты», атрымаўшы контурную карту Свіслацкага раёна і маршрутную кнігу, адзначалі на карце ўсе населеныя пункты, праз якія праходзіў маршрут лагера, улічваючы аб’екты гідрасеткі (рэкі, азёры, крыніцы). Вынікам працы атрада стала афармленне маршрутнай кніжкі, стварэнне даведніка і буклета.
«Юныя краязнаўцы» вывучалі помнікі архітэктуры, даследавалі населеныя пункты па маршруце, вывучалі фальклор (вершы, апавяданні, песні). Выхаванцы запісвалі ўспаміны мясцовых жыхароў пра населены пункт з мэтай вывучэння праблемы знікнення вёсак і ўзнікнення дачных пасёлкаў, а таксама страты традыцый народнай культуры. Атрадам быў створаны зборнік вуснай народнай творчасці населеных пунктаў па маршруце і фанатэка ўспамінаў мясцовых жыхароў.
Атрад «Юныя эколагі» даследаваў флору і фаўну населеных пунктаў, аб’екты гідрасеткі, вывучаў вадаёмы і іх берагі, збіраў легенды пра крыніцы, апісваў узаемаадносіны чалавека з прыродай. Была створана віртуальная фотагалерэя.
На агульным лагерным зборы ўвечары ўсе выхаванцы прымалі ўдзел у аналізе дня, што прайшоў. Кожны запаўняў экран настрою «Сцежка прыгод» з дапамогай аплікацый рознага колеру. Па выніках ацэнкі настрою ў канцы змены было вызначана, якія дні ў лагеры сталі самымі выніковымі.
Задавальненне ад падарожжа па маляўнічых мясцінах, удзел у забаўляльных, турысцка-спартыўных мерапрыемствах, песні пад гітару – усё гэта забяспечыла выхаванцам здаровы адпачынак і пакінула ў памяці яркія ўражанні.
Людміла ЯКІМЕЦ,
метадыст Свіслацкага цэнтра турызму і краязнаўства.