banner

Кураняты па апошняму слову тэхнікі

03 Мая’10
2382

Кураняты па апошняму слову тэхнікіНа тыдні мне пазваніў швагер з Гродна і спытаў, ці патрэбныя бацькам сутачныя кураняты. Стала прыпамінаць. Не, здаецца, пра куранят не было размовы, а курэй-нясушак па заяўцы толькі што ў вёску даставілі. Мабыць, не патрэбныя, адказваю. І тут мой швагер рассмяяўся:

— Шуткую я. Хацеў сказаць, што эксперымент мой удаўся.

Што за эксперымент? Тут ужо мне стала цікава. Аказваецца, Міхаіл Іванавіч у сваім доміку на вёсцы змайстраваў па апошняму слову тэхнікі інкубатар для куранят, і на 21-ы дзень утрымання ў ім яек з іх пачалі вылупвацца сапраўдныя кураняты. Адзін за адным. Жоўценькія, чорненькія, рыжанькія, чубаценькія. Яек было пакладзена 28, і за даволі кароткі тэрмін прыгатаваны для птушанят домік поўніўся спевамі 20 маленькіх рознакаляровых камячкоў.

Кураняты па апошняму слову тэхнікі— Чуеш, як чырыкаюць? — дапытваўся мой шчаслівы родзіч, відаць, адстаўляючы ў бок скрынкі з куранятамі мабільнік.

Сапраўды, хор быў спраўны. А Міша працягваў:

— Я ж змайстраваў інкубатар са звычайнай скрынкі ад стала. Прадугледзеў у ім нават аўтаномную падачу электраэнергіі на выпадак, калі электрычнасць адключыцца. І ведаеш, спатрэбілася. Двойчы былі перабоі са святлом. Але мае кураняткі гэтага не адчулі.

Паварочваў яйкі гаспадар, як паведаміў, без навукі. Але, мабыць, інтуіцыя таленавітага чалавека і тут не падвяла, бо вынік гаворыць сам за сябе.

Не ведаю, ці чухаў Міхаіл Іванавіч патыліцу, але падзеі не дазвалялі доўга думаць. Трэба было прымаць рашэнне, хто ж будзе назіраць за працэсам далейшых народзін і догляду. Бо водпуск закончваўся і трэба было выходзіць на працу. Пытанне вырашылася пасля кансультацый з суседкай, якая мае досвед наконт таго, чым карміць малоту.

А што датычыць тэхнічнага рашэння пытання аб умовах утрымання птушанят, дык тут куранятам выключна пашанцавала. Пастаянны тэмпературны рэжым у доміку падтрымлівае рэле, якое адключае абагравальную лямпачку (яна выконвае ролю мамы-квочкі), калі тэмпература паветра перавышае патрабуемую, і ўключае, калі яна апускаецца ніжэй за дапушчальную. На ўсялякі выпадак пад рукой падручнік па догляду за куранятамі. Сяды-тады Міхаіл Іванавіч заглядае і туды. Калі ж скласці каштарыс праекта, то ён складаецца толькі з цаны лямпачак-«дваццацьпятак». А ў гандлёвай кропцы інкубатар можна набыць прыкладна за 260 тысяч рублёў. Вось такая атрымліваецца арыфметыка.

Кураняты па апошняму слову тэхнікіЦікавыя прыдумкі сустракаюць гасцей Міхаіла Іванавіча літаральна на кожным кроку. Нумар дома з наступленнем сутоння пачынае высвечвацца. Тут гаспадар выкарыстаў светаадчувальныя элементы са звычайнай кампьютарнай мышы. Калі ўваходзіш у дом, спрацоўвае сігналізацыя. А ў хлеўчуку загараецца святло, як толькі адчыняеш дзверы. Вось такі прыдумшчык мой швагер. У планах — гірляндная бесплацінная ГЭС. Наогул, Міша лічыць, што жыццё патрэбна напаўняць захапляльнай справай. Такой для яго стала вынаходніцтва.

Ну а кураняты, згадзіцеся, атрымаліся па апошняму слову тэхнікі.

Алена Скідэльская.

На здымках: М. І. Алешчык; інкубатар у працы; кураняты ў доміку.

Предыдущая статья

Сообщение Свислочской районной избирательной комиссии по выборам депутатов местных Советов депутатов двадцать шестого созыва