
Акунуцца ў далёкае мінулае, адчуць дух магічнай сілы і чараўніцтва купальскай ночы дапамаглі ўдзельнікам свята работнікі культуры. Яны паклапаціліся аб тым, каб кожны, хто прыйшоў на Купалле, адчуў прыўзняты настрой. Жаночая вакальная група "Мілавіца”, народны хор "Сузор’е” і народны фальклорны калектыў "Крынічанька” раённага Дома культуры дарылі свіслачанам народныя песні. Не абыйшлося і без галоўных герояў Купаліша і Купалінкі. Яны прывіталі ўсіх, пажадалі шчасця, здароўя і дабрабыту. Як дар матухны-зямлі, Купаліш з Купалінкай перадалі хлебнае калоссе старшыні раённага Савета дэпутатаў В. А. Суботку з пажаданнем, каб новы ўраджай свіслацкія хлебаробы сабралі без страт і памножылі хлебнае багацце нашай краіны.
Завітаў на народнае гулянне і чорт, які імкнуўся ўсталяваць свае парадкі. Але як ні стараўся, сапсаваць настрой свіслачанам сваімі нячыстымі справамі яму не ўдалося: дабро перамагло зло. А самыя актыўныя ўдзельнікі конкурсаў, якія дапамагалі прагнаць нячысціка, атрымалі заахвочвальныя прызы.

Падчас свята свіслачане змаглі наведаць гандлёвыя кропкі, а дзеці пазабаўляцца на атракцыёнах. Дарэчы, у гэтым годзе самымі кемлівымі і смелымі былі дзеці, менавіта яны адшукалі чароўную папараць-кветку.
Алена КЕДЗІК,
Вольга БОТВІЧ (фота)