banner

Багата ты, родная мова

04 Марта’14
2751
Пад такой назвай у гімназіі № 1 ім. К. Каліноўскага прайшло нязвыклае і вельмі цікавае мерапрыемства, прысвечанае беларускай мове.
Дарэчы, 21 лютага ў календары пазначаны як Міжнародны дзень роднай мовы. З ініцыятывай увесці яго выступіла 57 гадоў таму краіна Бангладэш, калі адстойваючы права вучыцца на роднай мове, там загінулі пяць студэнтаў.
Вядучыя мерапрыемства адзначылі, што ў свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў, палова якіх пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання ЮНЕСКА і абвясціла дзень роднай мовы, каб хоць раз у год на іх загаварылі, пра іх успомнілі. 
Вось і ў гімназіі ў гэты дзень, як чыстая крынічная вадзічка, лілася-пералівалася чыстая, мілагучная, прыгожая беларуская мова, якую спрадвеку мы называем матчынай. 
Як цудоўна спявалі дзяўчаткі-шасцікласніцы песню "Беларусачкі”, як прыгожа чыталі вершы А. Куляшова, С. Грахоўскага Н. Гілевіча, Р. Баравіковай, Я. Янішчыц. Кожны радок прасякнуты любоўю да роднага краю, да дарагіх і любых людзей, да мінуўшчыны, якую нельга забыць, да маці, да каханай. Можна слухаць і слухаць з вялікай асалодай гэтыя вершы і здзіўляцца, наколькі ж яна прыгожая, беларуская мова, і як горка, што мы так рэдка чуем яе, так мала на ёй размаўляем. Парою нават насміхаемся над ёю, зневажаем, пагарджаем ёю. Ці гэта не грэх? 
Пра гэта гаварылі вучні гімназіі. Вуснае выказванне вучаніцы Ганны Гуляй "Пароль неўміручасці – родная мова” не мог не закрануць за душу, пакінуць абыякавым нікога. Дыпламант абласной алімпіяды па беларускай мове Вольга Пекар таксама падзялілася сваімі думкамі наконт таго, якім павінен быць сапраўдны беларус.
Вершы чыталі Ганна Варонка, Дзмітрый Барэль, Яўгеній Сініца, Ганна Пабудзей. 
Мерапрыемства разам з вучнямі падрыхтавалі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Інэса Яўгеньеўна Семеняка і Лідзія Іосіфаўна Касцюк.
Трэба, каб часцей у школах, дзіцячых садах праводзіліся вось такія мерапрыемствы, каб дзеці з задавальненнем вывучалі і чыталі вершы нашых вялікіх беларускіх паэтаў Я. Купалы, Я. Коласа, П. Броўкі, Р. Барадуліна, Н. Гілевіча, А. Куляшова і іншых, творы якіх сталі класікай. Трэба, каб часцей гучалі беларускія песні, прыгажэй за каторыя няма нідзе ў свеце. Можа, тады мы не будзем саромецца спытаць нешта па-беларуску, ці па-беларуску адказаць. Можа, тады мы сваю родную матчыну мову па-сапраўднаму будзем лічыць сваёй уласнай, і яна ніколі не загіне пад абломкамі раўнадушша і пагарды.  
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

С днем рождения, «Открытые сердца»