banner

У нас сёння Масленка

13 Марта’13
1752
У нас сёння Масленка У Свіслачы ў нядзельку ладзілі Масленіцу. Свята провадаў зімы  прайшло гучна, з песнямі і забавамі, конкурсамі і спартыўнымі спаборніцтвамі. Не магло нішто яго засмуціць. Нават не зусім вясенняе надвор’е. Зіма не здаецца, лютуе. Але нядоўга ёй засталося.
Мерапрыемства пачалося з тэатралізаванага прадстаўлення. Матухна-Зіма стамілася за тры месяцы свайго валодання. Прыйшоў час справаздачы: ці ўдоваль палеткі накрывала снегам, ці добра трымала мінусавую тэмпературу. Усё, хопіць! Ідзе маладая Вясна.
А самым галоўным момантам у развітанні з Зімой стала сімвалічнае спальванне чучала. Далей святочная праграма працякала адразу на некалькіх пляцоўках. Шмат народу сабралася каля "Гасціннай леснічоўкі”, дзе разгарнуліся сур’ёзныя спаборніцтвы лесарубаў. Заяўку на ўдзел у конкурсе падалі пяць арганізацый. Спрытна ў хлопцаў атрымлівалася рэзаць ручной пілой даволі вялікае бервяно, а потым пакалоць калодкі і скласці дровы. У гэтай справе, канешне, не было роўных работнікам Свіслацкага лясніцтва. Трошкі ўступілі ім мужчыны з гарпалівазбыту. Трэцяе месца за супрацоўнікамі аддзела па надзвычайных сітуацыях. Таксама спрытна валодалі пілой і сякерай работнікі ДРБУ-209 і быткамбінату. Было за што спаборнічаць. Пераможцы і ўдзельнікі атрымалі ўзнагароды.

У нас сёння Масленка

 

У нас сёння Масленка

 

У нас сёння Масленка

 

У нас сёння Масленка

 

У нас сёння Масленка

 

У нас сёння Масленка

 


Мужчыны таксама маглі паспрабаваць свае сілы ў армрэстлінгу, падыманні гіры, перацягванні канату. Каманды раённага аддзела ўнутраных спраў і жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў гэтых спаборніцтвах былі мацнейшымі. Вось і атрымалі ад аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама дыпломы і грашовыя ўзнагароды. Затое пакарыць "свіслацкі слуп” удалося толькі аднаму хлопцу, за што і атрымаў прыз.
Пакуль мужчыны мераліся сілай і спаборнічалі, жанчыны гатавалі духмяны чай і ладзілі блінны стол. Бо якая Масленіца без бліноў?! Яны з’яўляюцца сімвалам сонца, надыходзячай вясны. У блінным спаборніцтве вельмі цяжка вызначыць пераможцаў. Хіба можна сказаць, што блін з грыбамі смачнейшы за блін з рыбай, ці ікрою, ці з тварагом, ці... Перамаглі ўсе. За старанні атрымалі прызы гаспадынькі аддзела культуры, бальніцы, ЦБП Беларусбанка, раённага аддзела адукацыі, які прадстаўлялі гімназія, гарадскія школы і першы і другі дзіцячыя сады.
Як пайсці са свята без сувеніра? Аб гэтым паклапаціліся раённы Дом рамёстваў і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Будзе памяць аб Масленіцы-2013.
Зіма, бывай! Прывітанне, вясна!
Марына ЯНЮК.
Грыгорый ШЫРАЕЎ (фота).

Предыдущая статья

Мы – грамадзяне Беларусі!