22 снежня. Час пасля палудня. Надвор’е марознае і яснае. У цэнтры горада гучыць завадная навагодняя музыка. Вясёлая дзетвара і цікаўныя дарослыя спяшаюцца да раённага Дома культуры. Мы таксама ўліваемся ў кампанію гледачоў, якія знаходзяцца ў чаканні навагодняга сюрпрыза. А сюрпрыз, патрэбна сказаць, атрымаўся. Відовішча для свіслачан было арганізавана нетрадыцыйнае: шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурачак.
Паперадзе калоны галоўны Дзед Мароз – Віталій Аніська – са Снягуркай – Таццянай Мацкевіч. Побач з імі вартаўнікі: сімвал адыходзячага года Дракоша (Ірына Гутар) і забаўны Мядзведзь (Вольга Жук). Калону працягваюць дваццаць тры Дзяды Марозы і Снягуркі, цыганкі і казачныя героі з арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна. Шлях удзельнікаў шэсця ляжыць праз гарадскую плошчу, па вуліцы Леніна, а канечным прыпынкам абрана месца ля галоўнай ёлкі Свіслаччыны.
Развітваецца са свіслачанамі Дракоша, дзякуе ўсіх за адыходзячы 2012 год і віншуе з надыходзячым Новым годам. Эстафету пераймае галоўны Дзед Мароз, які склікаў сваіх памочнікаў, каб дапамаглі з навагоднімі віншаваннямі. Смеху і дабрыні зычыў свіслачанам Дзед Мароз з аддзела адукацыі, здароўя – з бальніцы, важкіх пакупак – з філіяла аблспажыўтаварыства, цеплыні і букета поспехаў – з РУП ЖКГ, спаўнення мар – з пошты…
– Прыемна адзначыць, што не толькі сённяшняе мерапрыемства, але і ўсё навокал нагадвае аб набліжэнні навагодніх свят, – падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама В. А. Суботка. – Хочацца адзначыць, што раён у 2012 годзе дасягнуў значных поспехаў у многіх накірунках дзейнасці. І заслуга ў гэтым ваша і вашых працоўных калектываў. Літаральна праз некалькі хвілін заззяе яркімі агеньчыкамі галоўная ёлка раёна. Няхай гэта будуць агеньчыкі нашых перамог і дасягненняў у Новым 2013 годзе!
Кульмінацыйным момантам свята стаў навагодні карагод з Дзядамі Марозамі, Снягуркамі і казачнымі персанажамі вакол зялёнай прыгажуні з рознакаляровымі агеньчыкамі, і канешне ж, салютам з навагодніх хлапушак.
Алена КЕДЗІК.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.