banner

Мужчынскі погляд на кухарскія справы

29 Мая’12
2432

Мужчынскі погляд на кухарскія справы

Даўняе і плённае супрацоўніцтва нашай газеты з Іванам Канстанцінавічам Ламашкевічам – паэтам, выканаўцам народных песень і проста добрым і душэўным чалавекам – не магло не перарасці ў сяброўства. А з сябрамі якія сакрэты? Вось і падзяліўся ён аднойчы, што ўмее гатаваць вельмі смачныя стравы. Рэцэпты іх не складаныя. Таму, мужчыны, бярыце на ўвагу: будзе чым здзівіць і парадаваць сваіх каханых.
Але перад тым, як узяць у рукі нож, каб абабраць бульбу ці накрышыць цыбулю, на момант затрымайцеся: паэтычная хвілінка дапаможа ўзняць настрой і дадасць творчага натхнення кухару.

Калі бульба ёсць у хаце,
Рады бацька, шчасце маці:
З дранікамі будуць дзеці.
Ешце, дзеткі, не хварэйце!
Ешце бульбу, піце квас –
І здароўе будзе ў вас.
Можна шчэ й на бульбу кропу,
Зверху масліца хоць троху,
І сняданак будзе царскім.
А калі яшчэ й каўбаскі,
Гэта ўжо гулянка
З вечара да ранку.
Бульбу вараць, бульбу смажаць,
Бульбу печану ядуць,
Бульбу любяць, бульбу хваляць,
Як ласунак падаюць.
Нам без бульбы анідзе:
Ні ў гасцях і ні ў бядзе.
Не, бяда хай ўсіх мінае.
Во ў нас бульбачка якая!
Ешце бульбу-таўканіцу
І дзяўчаткі, й маладзіцы,
І стары, і малады,
Нават пост з ёй без нуды.
Ешце бульбу з агурком,
Запівайце малаком.
А з цыбуляй і капустай
На стале не будзе пуста.
Шчаўе, морква ды бурак –
Хто не есць іх, той дзівак.
А капуста? А фасоля?
У таго шчасліва доля,
Хто ўсё любіць з агарода,
Выглядае здатна, модна.
З агарода ўсё збярыце
Ды старанна ўсё памыйце,
Накрышыце, пасаліце
Ды алеем добра зліце,
Ўсё змяшайце, паварыце
І ў слоікі кладзіце…
Не сустрэцца вам з бядою,
Бо зіма будзе з ядою.


Бульба «Смаката»

Свініну (0,5 кг) нарэзаць, як на адбіўныя. Адбіць, пасаліць, нацерці прыправамі і часнаком. Злажыць горкай і пакінуць на некаторы час прамарынавацца.
Тым часам абабраць 4 вялікія цыбуліны і парэзаць іх тонкімі кольцамі. Затым тонкімі кружкамі парэзаць 1- 1,5 кг абабранай бульбы, палажыць у глыбокую пасудзіну, пасаліць, прыправіць спецыямі. Узяць форму для выпякання альбо бляху, абмазаць сметанковым маслам, на дно вылажыць прыгатаванае мяса, наверх – кольцы цыбулі, а затым – бульбу. Разраўняваць і зверху добра пасыпаць падкопчаным нацертым сырам, зрабіць густую сетачку з маянэзу. Паставіць у духоўку на 40-50 хвілін. Гатова! Смачна есці!
Наступныя стравы, хоць і не маюць у сабе бульбы, але з’яўляюцца добрым да яе дапаўненнем, робяць яшчэ смачнейшай.

Салата «Белгарадская»

1. Адварыце ялавічыну (цяляціна ці свініна не падыйдуць). Калі мяса выстыне, акуратна раздзяліце яго на валокны даўжынёй 4-5 см (чым танчэйшыя яны атрымаюцца, тым лепш).
2. Цыбулю (яе павінна быць многа) парэжце паўкольцамі і падсмажце на алеі. У канцы смажання дадайце некалькі лыжак таматнай пасты (можа быць і кетчуп). Пасаліце на свой смак. Здыміце патэльню з агню і дайце астудзіцца.
3. Нарэжце саломкай марынаваны гурок.
4. Цяпер усе змяшайце. Выдатная страва гатова. Смачна – за вушы не адцягнуць!

Салата ў слоіках «Ад Івана» (рэцэпт спатрэбіцца ў час хатніх нарыхтовак)

Пацерці на тарку буракі – 2 кг, кабачкі – 2 кг, моркву – 1 кг, яблыкі – 1 кг.
Пакрышыць дробна цыбулю – 1,5 кг, памідоры – 5 штук, перац салодкі – 3 штукі, часнок – 1 галоўку.
Дадаць таматны соус – 300 г, цукар, соль і воцат – па 3 ст. лыжкі, алей – 1 шклянка, хмелі-сунелі – 1 ст. лыжка.
Усе інгрэдыенты добра перамяшаць. Варыць 30-40 хвілін.
Пакласці ў стэрылізаваныя слоікі і закатаць.

Лариса САМАРИНА (фото автора)

Предыдущая статья

Рассада со школьной пропиской