banner

Ёсць у Пружанах аквапарк

26 Марта’11
2431

Ёсць у Пружанах аквапаркКалі вы прывыклі планаваць свой сумесны сямейны адпачынак заранёў, прапаную эксперымент. Абмяркуйце ўвечары, дзе б вы хацелі правесці бліжэйшыя выхадныя і – наперад. Мы даведаліся (альбо, лепш кажучы, пачулі краем вуха), што ў Пружанах ёсць аквапарк, і нават не горшы, чым у Гродне ці Азёрах. Цікава? Чаму не! Вада – найлепшы рэлаксатар, а семдзесят сем кіламетраў – не адлегласць.

Водны цэнтр, нагадваючы нейкі касмічны аб’ект, размясціўся ў канцы горада. Сучасны будынак вылучаецца з шэрагу шматпавярховых аднолькавых дамоў і колерам, і люстраным таніраваным шклом. Прыгожае фае, ветлівы адміністратар, узорная чысціня – такімі былі нашы першыя агульныя ўражанні. Не шакіравалі і цэны: дзіцячы білет каштуе шесць тысяч рублёў, дарослы – восем тысяч чатырыста. Гэта за семдзесят мінут, разлічаных на пераапрананне і аквапарк.

Ёсць у Пружанах аквапаркНе ведаю, каго як, а нас пасля марознага паветра вельмі ўзрадавала тэмпература вады. Дзеці адразу ацанілі глыбіню басейна, “падводныя плыні”, экстрэмальны спуск па выгнутых, як змяя, горках. Спадабалася і мне, асабліва, калі ляціш па цёмным тунэлі ў невядомасць. Прайшоў праз усе выпрабаванні і тата. Дарэчы, яшчэ і фотаздымкі паспяваў зрабіць. Але яго найбольш прыцягвала джакузі, дзе можна было расслабіцца і хоць пару хвілін адчуць сябе панам. Не абмінулі мы і моцныя струмені вады, якія лепш за любога масажыста разамнуць здранцвелыя мышцы. Паспелі нават на водных дарожках адчуць сябе сапраўднымі спартсменамі.

Час праляцеў, як імгненне. Разам з новымі сіламі прыйшла неабходнасць што-небудзь з’есці. Пасядзелі ва ўтульным кафэ, падзяліліся новымі ўражаннямі. Агульны вердыкт – можна прыехаць яшчэ раз. Таксама незапланавана.

Вольга БУБЕНЧЫК.

Предыдущая статья

Есть лодка? Нужна регистрация!