У чым сакрэт сямейнага шчасця? Як з гадамі не страціць гармонію ва ўзаемаадносінах і зберагчы самае каштоўнае, самае галоўнае, дараванае звыш пачуццё? Няма адзінага для ўсіх рэцэпта, няма такога пісанага ці няпісанага закона, якога трэба было б прытрымлівацца, і тады шчасце, напэўна, не абміне.
Кожная пара, якая ідзе да шлюбу, упэўнена, што гэтая падзея будзе ў іх жыцці раз і назаўсёды. Але, на жаль, здараецца так, што кудысьці знікае любоў, такая гарачая і непаўторная, разыходзяцца сцежкі, а ўчарашнія закаханыя становяцца чужымі людзьмі.
Але ёсць іншыя прыклады. І, на шчасце, іх шмат. Аб такіх шчаслівых парах, якія пражылі разам доўгія гады і яны не былі ўладнымі над пачуццямі, якія зарадзіліся яшчэ ў юнацтве і не згаслі праз пяць, шэсць і болей дзесяцігоддзяў, мы расказваем у нашым праекце.
Мікалай і Вера Лісоўскія з Новага Двара мінулай восенню адзначылі свой брыльянтавы юбілей.
Шэсць дзесяцігоддзяў за спіною, а іх нібы і не было зусім. У вачах Мікалая Васільевіча яго жонка па-ранейшаму сінявокая красуня Верачка, якая прынесла яму ў пасаг вялікае шчасце, падарыла дзетак і ўсе гады была для яго светлай зоркай, радасцю і апорай.
Як і муж для яе. Яны – тыя дзве палавінкі, якім пашчасціла сустрэцца раз і на ўсё жыццё.
Усё споўнілася!
Іх жыццёвы шлях не быў лёгкім, праз шмат непрыемнасцяў і выпрабаванняў прыйшлося прайсці.
– Я была круглай сіратой, мяне гадавала старэйшая сястра, – пачынае размову Вера Рыгораўна. – Скончыла пяць класаў і пайшла чужых дзяцей няньчыць. У вячэрняй школе вучылася. Працавала няняй у дзіцячым садзе. А вечарамі спяшалася ў клуб. Тады ўся моладзь наша навадворская ў мастацкай самадзейнасці ўдзельнічала. У нас тут ой як весела было! Мы спектаклі ставілі, канцэрты розныя. Наша “Навадворскае вяселле” нават тэлебачанне здымала. Я тады маладую іграла. Мне дзевятнаццаць гадкоў было. Вось неяк задумалі мы з канцэртам ехаць у Масушыны. А няма на чым. Машыну ж ніхто не дасць на такія “глупствы”, транспарт у саўгасе быў патрэбны на што больш важнае. Дык мы вырашылі на санях ехаць. Мікалай таксама з намі быў, але я тады сябравала з другім хлопцам. Дык вось. Далі мы канцэрт, патанцавалі трошкі і дадому рушылі. А снегу было ой як многа! Нашы сані ўзялі і перакуліліся. Мы ўсе павывальваліся ў снег. Ляжым, а той хлопец, з якім я сябравала, бачу стаіць за санямі і смяецца. А Коля дапамог нам падняцца і потым аж да дому майго ехаў. Тады ён мне і спадабаўся. У лютым пачалі з ім сустракацца, а ў кастрычніку распісаліся. Праўда, вяселле згулялі праз месяц. Вясёлае было, шумнае, шмат гасцей сабралася, многа добрых пажаданняў мы пачулі. І, ведаеце, яны ж усе споўніліся. Ні аднаго дзянёчка не было, каб я ці Мікалай мой пашкадавалі аб тым, што знайшлі адзін аднаго, што сталі нашы дзве дарожкі адной дарогай, такой доўгай і шчаслівай. Канешне, у кожнай сям’і бываюць якіясь канфлікты, непаразуменні, але яны хуценька сціраліся, і мы момантам пра іх забывалі. Муж умеў жартам разгладзіць любую сітуацыю.
“Мне пашчасціла з жонкай”
Вера Рыгораўна расказвае пра сваё жыццё-быццё і раз-пораз паглядае на мужа. А той слухае так уважліва, нібы першы раз чуе такую цікавую гісторыю іх кахання, якое доўжыцца ўжо больш як шэсць дзесяцігоддзяў. І калі тыя гады прабеглі? Ой, як не верыцца, што ўжо абоім дзявяты дзясятак пайшоў. Даўно русыя валасы жыццё пабяліла, маршчынкі разбегліся па тварах, але душы ніколькі не састарыліся.
– Мы спачатку ў маёй мамы жылі, як пажаніліся, – падтрымлівае размову Мікалай Васільевіч. – Тата мой рана пакінуў гэты свет. Трымалі гаспадарку. Вера мая такая працавітая была, да ўсяго здольная. За што ні бралася, усё ў яе выдатна атрымлівалася. Мне пашчасціла мець такую жонку. Две дачушкі ў нас нарадзілася – Ала і Валя. Таксама працавітымі раслі, не трэба было прымушаць штосьці зрабіць, паслухмяныя, добразычлівыя. Нам за іх ніколі не было сорамна. І сем’і добрыя стварылі. Я 42 гады працаваў шафёрам. Стараўся працаваць добрасумленна, каб ніякіх нараканняў не было. А жонка ў школе шмат гадоў адпрацавала поварам, да самай пенсіі. Былыя вучні і сёння памятаюць яе смачныя абеды. Дом гэты, дзе зараз жывём, мы ад гаспадаркі атрымалі. Радасці было шмат! Рукі прыклалі і зрабілі яго ўтульным гняздом для сябе, для дзяцей.
Іх дом – храм любові
Дочкі Мікалая і Веры Лісоўскіх звілі свае гнёзды тут, у Новым Двары. Старэйшая Ала працуе ў мясцовай гаспадарцы дыспетчарам. Выгадавала дачку і сына. Валянціна – інспектар па кадрах. У яе два сыны выраслі. У бабулі з дзядулем ужо шэсць праўнукаў. Ці ж гэта не радасць, ці не шчасце?!
Унукі прыязджаюць, дапамагаюць ва ўсім. Траву пакосяць, рамонт зробяць ў хаце. Не адстаюць і праўнукі. Яны робяць прабабулі з прадзядулем падарункі сваімі рукамі, і тыя вырабы даражэй за любыя, купленыя ў магазіне. Часта тэлефануюць, цікавяцца здароўем, расказваюць пра свае поспехі.
Сярод шматлікіх фотаздымкаў на сцяне ў хаце ёсць і падзячны адрас, які быў уручаны гэтай цудоўнай сям’і падчас акцыі “Цяпло сям’і, цяпло душы”, ініцыятарам якой быў аддзел ЗАГС райвыканкама. Гэта падзяка за тое, што па-людску жылі, выгадавалі добрых дзяцей, нікому не зайздросцілі, шчыра працавалі, любілі Бога і людзей.
У вёсцы, як вядзецца, усё навідавоку. Не схаваешся, не затоішся. А ім не было чаго хаваць – яны жылі адкрыта і проста. Суседзі ніколі не чулі, каб яны сварыліся. Нават неяк адна суседка спытала у старэйшай дачкі: “Як твае бацькі жывуць, няўжо не сварацца зусім?”. А дачка проста адказала: “Мы ніколі не чулі сварак. Ды ім няма за што сварыцца, бо паважаюць адзін аднаго, разумеюць без лішніх слоў”.
Усе гады Мікалай Васільевіч і Вера Рыгораўна беражліва захоўваюць цеплыню сямейнага ачага. Іх дом – гэта храм любові, якая не згасае больш за шэсцьдзясят гадоў і з’яўляецца святлом, якое вабіць да сябе, прыцягвае, сагравае сэрцы дзецям, унукам, праўнукам. На святы, дні нараджэння ўся сям’я збіраецца разам. І зноў тады ў хаце шумна і весела, смачна пахне бабулінымі пірагамі і іншым смакоццем, прыгатаваным яе ўмелымі рукамі. Дапамагаюць і дачушкі, унукі. А потым усе садзяцца за святочны стол і слухаюць добрыя пажаданні адзін аднаму. Цудоўная сямейная традыцыя, якой ужо шмат гадоў.
Вера Рыгораўна вельмі любіць кветкі. Яны цвітуць ў агародчыку з ранняй вясны да позняй восені. Іх так шмат, што не ахапіць вачыма. Гэтую прыгажосць таксама стварылі рукі дбайнай гаспадынькі.
Сакрэт сямейнага шчасця
У чым жа сакрэт сямейнага шчасця? І ці ёсць ён наогул? У кожнага ён свой. Вось у Лісоўскіх – гэта ўменне больш аддаваць, чым браць. Гэта не прыгожыя словы пра вечную любоў, а ўчынкі, якія так яскрава даказваюць тую любоў без слоў. Гэта ўменне бачыць у родных вачах самы маленькі сум і імгненна разагнаць яго цёплай усмешкай, ласкавым дотыкам, шчырым словам. Гэта здольнасць бачыць у блізкім чалавеку толькі добрае, цешыцца яго радасцямі, прагнуць, каб іх было больш. Гэта гонар за сваю сям’ю, свой дом, дзяцей, унукаў, праўнукаў. Гэта штодзённая падзяка Богу за такое шчасце, за кожны пражыты разам дзень.