banner

Свята сапраўдных гаспадароў роднай зямлі

25 Ноября’11
2880

Свята сапраўдных гаспадароў роднай зямлі

Цёпла і ўтульна было на гэтым свяце, дзе ўшаноўвалі рупліўцаў сельскіх палеткаў і жывёлагадоўчых ферм. У раённым Доме культуры сабралася вялікая, прыгожая і такая багатая на адкрытыя твары, шчырыя ўсмешкі і простыя словы сям’я свіслацкіх аграрыяў.

Адчувалася, што непрывычна ім было апынуцца ў цэнтры ўвагі, больш звыкла ў роднай гаспадарцы ды ў знаёмых абставінах араць, сеяць, даіць кароў, выходжваць парасят. Але, здаецца, арганізатары здолелі стварыць сельскім працаўнікам сапраўднае свята з нейкім сямейным адценнем. Аддалі даніну пашаны ветэранам сельскагаспадарчай галіны, перадавікам вытворчасці, прывіталі маладых спецыялістаў, якія абралі Свіслацкі раён месцам сваёй працы, адзначылі гаспадароў лепшых вясковых падворкаў – адным словам, як у добрай сям’і, было цёпла і ўтульна.

Свята сапраўдных гаспадароў роднай зямліА тон усяму задаваў гаспадар, якому і ўручаны быў на рушніку каравай хлеба. Гасцінна вітаючы ўдзельнікаў урачыстасці, старшыня раённага выканаўчага камітэта А. М. Таргонскі з гонарам гаварыў пра зробленае, пра людзей, якія працуюць у нашых сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Многія з іх з той кагорты, якая ў былыя часы працавала са “Знакам якасці”, для каго сумленная праца на агульную карысць – гэта справа гонару, жыццёвае правіла.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў ён падзякаваў за працу, за значны ўклад у эканоміку раёна механізатарам і жывёлаводам, кіраўнікам, спецыялістам гаспадарак і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. А так як раён наш аграрны, адзначыў Алег Мечыслававіч, то гэта свята можна лічыць агульнараённым. Да яго таксама маюць прамое дачыненне работнікі ўсіх прадпрыемстваў і ўстаноў, якія дапамагаюць сяльчанам у самыя гарачыя перыяды іх працы. Кіраўнік раёна выказаў віншаванні ўсім і пажадаў плёну ў справах.

Свята сапраўдных гаспадароў роднай зямліСвяточнай справаздачай аб выніках працы сельскай гаспадаркі ў гэтым годзе можна назваць насычанае цёплымі віншаваннямі выступленне начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В. В. Кудлаша.

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў спаборніцтва сярод працаўнікоў сяла праходзіла згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта і прэзідыума раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК. Пад гукі музыкі героі дня ўздымаліся на сцэну раённага Дома культуры, і старшыня райвыканкама ўручаў кожнаму заслужаную ўзнагароду. Было бачна, як Алегу Мечыслававічу прыемна гэта рабіць. Рукапацісканне, колькі слоў віншаванняў… Кіраўнік раёна не ўтойваў, што амаль кожнага з узнагароджаных ведае асабіста і цэніць за сумленную працу. Менавіта так адазваўся ён пра механізатара ААТ “Ханявічы” Аляксандра Паўлавіча Пісара, пад любой працай якога вялікімі літарамі чытаецца: “Знак якасці”, Віктара Уладзіміравіча Леванчука, галоўнага заатэхніка УСП «Саўгас «Поразаўскі», якога можна застаць на ферме ў любы час, калі б не прыехаў. З цеплынёй старшыня райвыканкама гаварыў пра старанную працу трактарыста-машыніста ААТ «Акр-Агро» Віктара Казіміравіча Шаршуновіча, які адгрузіў цукровыя буракі амаль ва ўсіх гаспадарках раёна, і яшчэ пра многіх іншых сапраўдных гаспадароў роднай зямлі.

Свята сапраўдных гаспадароў роднай зямліПершым сакратаром РК ГА БРСМ М. В. Рудомінай былі ўшанаваны на свяце лепшыя маладзёжныя камбайнавыя экіпажы: С. М. Янушка і А. В. Гуштын – 1 месца, А. С. Янкоўскі і С. В. Янушка – 2 месца, абодва – ААТ “Ханявічы”, а таксама вадзіцелі: А. І. Андрушка, ПП “Новы Двор-Агра” – 1 месца, Д. М. Шайкоўскі, УСП “Саўгас “Велікасельскі” – 2 месца, А. В. Млёнік, ААТ “Ханявічы” – 3 месца.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А. І. Клімчук уручыў узнагароды абласнога камітэта прафсаюза актывістам: вадзіцелю ААТ «Акр-Агра» С. М. Шарыку, старшыням пярвічак СВК «Корнадзь», ААТ «Акр-Агра» і ДП «Свіслацкая сельгастэхніка» М. І. Ганчарэвіч, А. А. Белай і П. І. Петушкевічу, старшыні прафкама саўгаса «Вердамічы» Б. С. Гарошчыку – і назваў прозвішчы тых, хто будзе занесены на Дошку гонару Свіслацкага каардынацыйнага савета праф­саюзаў, а гэта Б. Б. Белавус, казначэй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Ханявічы», А. Г. Вялічка, старшыня пярвічкі навучальнага цэнтра райсельгасхарчу, М. І. Трахімік, старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Грынкі».

Свята сапраўдных гаспадароў роднай зямліПераможцаў раённага агляду-конкурсу на лепшае сельскае падворье вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Э. С. Тарноўскі. Усім ім уручаны памятныя падарункі. Падагульняючы вынікі спаборніцтва, у якім прыняў удзел 21 падворак, Эдвард Станіслававіч падкрэсліў, што раённая ўлада будзе і далей падтрымліваць і заахвочваць жыхароў вёскі, якія не шкадуюць сіл, фантазіі, каб зрабіць свет навокал прыгожым і прыемным для пражывання.

Асабліва хвалюючымі былі моманты, калі ўшаноўваліся заслугі перад раёнам ветэранаў сельскагаспадарчай галіны, якія ў бягучым годзе дасягнулі пенсійнага ўзросту. Узнагароды ім ўручылі кіраўнікі гаспадарак. Яны ж цёпла віталі сваё маладое папаўненне.

Ветэраны-кіраўнікі – гэта сапраўдны залаты фонд раёна. На сцэну запрашаюцца А. В. Пічкоускі, Р. С. Шпак, Л. Ц. Няпарка, М. С. Хейлік. Вітаючы іх, старшыня райвыканкама разам з віншаваннямі і падзякай за ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі запрасіў нашых старэйшын увайсці ў склад каардынацыйнага савета, які ствараецца для больш эфектыўнага кіравання развіццём аграрнай галіны. Ад імя ветэранаў-кіраўнікоў павіншаваў працаунікоў сяла са святам былы старшыня райвыканкама А. В. Пічкоўскі.

Паэтычнымі словамі свайго земляка, іўеўчаніна Івана Карэнды пра сяльчан завяршыў урачыстую частку святкавання А. М. Таргон­скі. Сапраўды, гэта быў дзень працаўніка сяла. Чалавека, які нарадзіўся ў вёсцы і прысвяціў ёй сваё жыццё. Тост за вёску стаў завяршальным акордам свята.

Затым адбыўся святочны канцэрт, падрыхтаваны калектывамі з Мінска.

Свята сапраўдных гаспадароў роднай зямліУ гэты дзень у гонар нашых вяскоўцаў іграў духавы аркестр МНС, працавалі падворкі сельскіх Саветаў, была арганізавана выстава-продаж кандытарскіх вырабаў. Асобна звяртала на сябе ўвагу выстава прац начальніка вытворчага ўчастка № 1 ААТ «Акр-Агра» Ядзвігі Раманаўны Бойка, выдатнага спецыяліста і арганізатара вытворчасці. Казачныя птушкі, кветкі, нацюрморты – усё з бліскучага бісеру, яркае, вабячае вока, радаснае і жыццесцвярджальнае...

Шчодрыя нашы вёскі на сапраўдных працаўнікоў, а сярод іх столькі таленавітых, багатых душой, цікавых і проста добрых людзей. Яны прыўносяць у працоўныя калектывы адметныя рысы сваіх асоб. І калі б прыйшлося намаляваць калектыўны партрэт свіслацкіх працаўнікоў сяла, то, не сумняваюся, ён атрымаўся б вельмі змястоўным і каларытным. Гэта прадэманстравала і прайшоўшае свята.

Ядвіга Курыла.

Грыгорый Шыраеў (фота).

На снимках: павага і пашана ветэранам-кіраўнікам ад улады; А. М. Таргонскі ўручае ўзнагароды пераможцам спаборніцтва; прыемна чуць віншаванні ад кіраўніка; кіраўнікі гаспадарак дзякуюць маладым спецыялістам за працу; на падворку Свіслацкага сельскага Савета.

Предыдущая статья

Подключаемся к сети нового поколения