banner
Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Жыў-быў граф...
08:40 29 Апреля’19
803
Парк у аграгарадку Вердамічы – помнік сядзібна-паркавага мастацтва. Яго ўнікальнасць у дасканаласці пейзажнай планіроўкі, адпрацоўцы кампазіцыйных дэталяў. Адметнасць цэнтральнай і кальцавых алей заключаецца ў тым, што яны сфарміраваны амаль выключна з ліпы. Уздоўж вадаёмаў парку растуць радамі велічэзныя таполі, якія надаюць яму казачную загадкавасць. Таксама асаблівасцю Вердаміцкага парку з’яўляецца тое, што ў яго кампазіцыі ўлічана афарбоўка дрэў у розныя поры года. Гэта надае непаўторны каларыт мясцовым краявідам. І хоць сам сядзібны дом згарэў у 1915 годзе, цікавасць да гісторыі былога маёнтка графа Талочкі ў прыхільнікаў даўніны не згасае і сёння.

Вердаміцкая сядзіба была закладзена на месцы ляснога масіву, які выкарыстоўвалі дзве паселеныя тут Юльянам Талочкам сям’і – Чыжыкі і Багдановічы. Маёнтак пераходзіў у спадчыну па мужчынскай лініі. Ад Юльяна ён перайшоў да яго сына Эдварда, затым да ўнука Юльяна. Апошнім уладальнікам быў праўнук Юльяна Станіслаў Талочка.



Сядзіба займае амаль роўную, месцамі паніжаную тэрыторыю плошчай больш за 12 га. Кампазіцыйным цэнтрам яе з’яўляецца сядзібны дом, пабудаваны Юльянам Талочкам каля 1830 года на штучным узвышэнні. У сярэдзіне XIX стагоддзя да яго былі дабудаваны крылы, злучаныя верандаю, якая абапіралася на чатыры калоны, з лесвіцай, што вяла ў парк. У 1905 годзе па праекце Тадэвуша Стрыеньскага з Кракава да будынка была дабудавана квадратная двухпавярховая вежа, завершаная праз некалькі гадоў альтанкай. У выніку дабудоў сядзібны дом прыняў выгляд палаца. У ім мелася 99 пакояў. Інтэр’ер фарміравалі мэбля эпохі Рэнесансу, вялікая калекцыя карцін, ікон, партрэтаў. «Сядзіба ў Вердамічах, – піша польскі гісторык Раман Афтаназы, – існавала толькі 100 гадоў. У першай палове ХIX стагоддзя на яе месцы рос лес, які належыць маёнтку Янаполь. У 1830 годзе Юльян Талочка, жанаты на Л. Ельскай, пабудаваў на выкарчаванай былой лясной тэрыторыі каменны дом партэрнага тыпу даўжынёю 40 метраў, павернуты франтонам на поўдзень».



Дакладнага апісання першапачатковага выгляду будынка не захавалася, так як з сярэдзіны ХIX стагоддзя ён пастаянна дабудоўваўся і павялічваўся. Апошняе змяненне знешняга выгляду сядзібнага дома было ў 1905 годзе па праекце кракаўскага архітэктара Тадэвуша Стрыеньскага. Галоўнай яго працай была прыбудова да галоўнага фасада дома і крытая галерэя з дзесяццю калонамі. У гэты час ішла перабудова і ўнутры сядзібы. Унутраным праектам дома займаўся архітэктар з Варшавы Чаевіч. Што ні кажы, шыкоўна жыў граф. Засталіся дадзеныя пра тое, якой раскошнай была яго маёмасць. Па даўжыні цэлага франтона быў хол з зашклёнымі дзесяццю вокнамі і дзвярамі. З хола пачыналася шырокая дубовая лесвіца, якая вяла наверх, дзе размяшчаліся апартаменты гаспадароў, салон, кабінет, велізарная гардэробная. Гасціных пакояў наверсе было дзевяць. Унізе хол працягваўся за лесвіцу і даходзіў да спальных пакояў і сталовай. На супрацьлеглым баку хола было месца для вячорак, там увесь час знаходзіліся людзі. Бальная зала была вельмі вялікай, у ёй адначасова свабодна танцавала 30 пар. Асабліва каштоўнай ў доме была мэбля з каралеўскага замка ў Гродне. Згодна з сямейнай легендай Юльян Талочка выкупіў яе ў рускіх салдат, якія рабавалі каралеўскі замак. На жаль, будынак у 1915 годзе згарэў. Яго ўладальнікі перайшлі жыць у два флігелі.

Перад домам (з паўднёвага боку) размешчаны вялікі партэр з традыцыйным кругам, заніраваным з заходняга боку жылым флігелем. На партэры раслі стары, да двух метраў у дыяметры, вяз, ліпа, рабіна звычайная, елка калючая, каштан конскі, сасна веймутава. Парк ствараўся ў некалькі этапаў. У яго паўднёвай частцы размяшчаўся круг для выездкі коней, абсаджаны фармаваным грабам. Непадалёку была стайня. У аснову паркавых кампазіцый пакладзена складаная водная сістэма замкнутага тыпу. Яна ўключала ручай, канал, па якому вада паступала з навакольных палёў, сістэму вадаёмаў рознай велічыні, злучаных пратокамі паміж сабою і ракой Рось. Вялікія і малыя сажалкі выцягнуты ў выглядзе ланцуга ўздоўж усходняй мяжы парку. Самая вялікая сажалка займае цэнтральнае месца ў кампазіцыі, каля яе берага размяшчалася вежа палаца. Водная гладзь плошчай больш за 1 га ўтварае сярэдні план перспектывы. Яе акцэнтам з’яўляецца востраў, да якога некалі вёў перакідны мост на чатырох парах свай. Паўднёвая частка сажалкі служыла купальняй. Сажалка і зараз паўнаводная. На пратоцы, што агінае паркавы партэр з паўночнага боку, ёсць яшчэ два невялікія вадаёмы.



Асноўная пейзажная частка парку размешчана на паўночны захад ад сажалак. Па перыметры яе ідзе ліпавая алея (дрэвы рознага ўзросту). Асаблівасць кампазіцыі – раскрыццё пейзажаў з прагулачнага шляху па перыметры парку. Групы дрэў, якія чаргуюцца з невялікімі палянамі, удала размешчаны і добра бачны з розных кропак па шляху праходжання. У склад гэтых груп уключаны віды з улікам дэкаратыўнасці на працягу ўсяго сезона. Разглядаемую тэрыторыю можна ўявіць у выглядзе некалькіх узаемазвязаных участкаў. Лепшым з’яўляецца ўчастак, размешчаны на поўнач ад малых сажалак. Дрэвы тут растуць на газоне, невялікімі групамі і адзіночнымі экзэмплярамі. У дрэвастоі ліпа, бяроза, белая акацыя, клён чырвоны, сасна веймутава, дуб чарэшчаты, клён серабрысты, дуб балотны. Тэрыторыя ў заходнім напрамку паніжаецца. Яна менш акультурана. Дамінуюць вільгацелюбівыя віды (алешына, ясень). Расце лістоўніца шырокалускаватая.

Заслугоўваюць увагі групы алешыны чорнай, бярозы з елкаю, алешыны з ліпаю. Зараснікі кустоўя амаль закрылі паляны. Ручай, які перасякае гэту тэрыторыю, зарастае і не выконвае неабходнай ролі. Участак мае прыкметы забалочвання. Паміж сажалкамі і новай сядзібай, пабудаванай у пачатку XX стагоддзя, знаходзіцца вялікая паляна з ліпаю амерыканскай, якая расце групай з 7 адхіленых ва ўсе бакі ствалоў, і ліпы буйналістай.

Ад партэра, які перасякае парк у паўночным напрамку, праходзіць ліпавая алея. Мяркуючы па ўзросту, гэта першая алея парка. Тут дрэвы, якія разрасліся, амаль датыкаюцца адзін да аднаго стваламі, дасягаючы вышыні больш за 30 метраў. Гэта «цёмная вуліца» за паркам пераходзіць у больш рэдкую алею з ліпы буйналістай шырынёю 35 метраў, закладзеную значна пазней, у пачатку XX стагоддзя. Яна вядзе ўздоўж сада да капліцы, пабудаванай у 1905 годзе на ўзвышшы за сядзібай па праекце Тадэвуша Стрыеньскага ў стылі неаготыкі. На фасадзе адно слова – «Synowі». Тут пахаваны сын Станіслава Талочкі, які трагічна загінуў ва ўзросце 12 гадоў. У парку ў памяць аб ім быў устаноўлены помнік у форме крыжа на гранітным пастаменце. Капліца адноўлена ў 1998 годзе.



У сядзібе захаваліся таксама свіран, бровар, кузня. Выдзяляецца сярод іх свіран (26x10 м). У якасці запаўняльніка тут выкарыстаны чарапкі мясцовай задымленай керамікі. На бакавым фасадзе з цэглы выкладзена магутная псеўдагатычная аркада. Вокны шчылінныя. З выкарыстаннем керамічных чарапкоў пабудаваны яшчэ адзін будынак на ўскраіне парка (14x4 м).



Вердаміцкі парк з’яўляецца помнікам гісторыі і культуры. На яго ўскрайку ўстаноўлены памятны валун з шыльдаю. Сядзіба аднаўляецца.

Вольга ЛЫСЕВІЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
Павел ЛЫСЕВІЧ, вучань 9 класа Корнадзьскага ДС БШ.

Предыдущая статья

Высокий подъем