banner

Свята падворка “Гасцінны двор” адзначылі ў аграгарадку Нязбодзічы

24 Июля’23
627

Не толькі ўмеюць рупліва працаваць на cвіслацкай зямлі, але і добра адпачываць. Свята падворка “Гасцінны двор” справілі ў суботу ў аграгарадку Нязбодзічы. У родную вёску з’ехаліся яе ўраджэнцы з розных куткоў, каб зноў і зноў дакрануцца да сваіх каранёў, адчуць радасць і асалоду ад сустрэчы з роднымі мясцінамі, дарагімі сэрцу людзьмі, сябрамі і знаёмымі.








Шчыра павіншаваў землякоў, якія сабраліся ў клубе, намеснік дырэктара по ідэалагічнай рабоце УП «ВМК-АГРО» Браніслаў Кісялеўскі. Ён пажадаў ўсім моцнага здароўя, шчасця, поспехаў, дабрабыту, а вёсцы – росквіту і развіцця, каб яна жыла і прыгажэла, поўнілася дзіцячымі галасамі.


Праўда кажуць, калі дзеці – будучыня вёскі, то старэйшае пакаленне – яе багацце. Браніслаў Браніслававіч уручыў падарункі старэйшым жыхарам вёскі.



Кіраўнік справамі Нязбодзіцкага сельскага выканаўчага камітэта Ніна Трахімік пажадала бадзёрасці духу самаму старэйшаму жыхару вескі Леаніду Мацвеевічу Лінкевічу. Сёлета яму споўнілася 87 гадоў.





Падарункі прымала таксама самая маленькая жыхарка Нязбодзічаў – Ангеліна Аляксандрава, якой яшчэ няма і годзіка.

Не толькі людзьмі добрымі славіцца вёска, але і іх залатымі рукамі. Вельмі прыемна бачыць, як упрыгожваецца вёска, як прыгажэе. Кожная сям’я імкнецца, каб у хаце быў парадак і ўтульнасць, а ў двары і каля дома была чысціня, раслі кветкі. На свяце назвалі гаспадароў, чые двары ўпрыгожваюць вёску. Падворкі Алены Нехайчук і Ганны Сіцько заўсёды выдзялаюцца з другіх, яны прывабныя, адрозніваюцца сваім каларытам.



Званне лепшага кветкавода атрымала Вольга Цыбовіч, а агародніка – сем'і Валянціны і Пятра Табаньковых, Марыі і Леаніда Лінкевічаў. Усе гаспадары атрымалі памятныя падарункі.


Добрымі словамі ўзгадалі актыўных удзельнікаў мясцовых мерапрыемстваў.




На свяце была арганізавана выстава кулінарных вырабаў. Гаспадыні Вольга Забалоцкая, Галіна Грушэўская і Раіса Нармантовіч пастараліся прыгатаваць свае лепшыя пачастункі.


Таксама на свяце працаваў адкрыты мікрафон. Усе жадаючыя маглі выказаць свае пачуцці да роднай вёскі, сказаць добрыя словы свайму суседу, сябру.

Хочацца верыць, што часцінка свята абавязкова застанецца ў сэрцы кожнага і будзе поўніцца любоўю да роднай вёскі і працавітых людзей – сапраўдных гаспадароў сваёй зямлі.



Галіна КАРПАВА

Фота аўтара

Предыдущая статья

Указ расставил точки над «i»