banner
Праект "Бацькаўшчына": Мінулае і сучаснае побач
09:10 12 Мая’22
283
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым рэалізуе праект «Бацькаўшчына», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. «Свіслацкая газета» – першая з раённых газет і адна з першых у рэспубліцы падтрымала праект і будзе знаёміць чытачоў з гістарычнай спадчынай Свіслацкага раёна.

Рынкавая плошча ў цэнтры мястэчка Свіслачы з’явілася дзякуючы намаганням графа Тышкевіча. Атрымаўшы прывілей на правядзенне штогадовага кірмашу ад караля Рэчы Паспалітай, граф ажыццявіў перапланіроўку мястэчка, імкнучыся максімальна наблізіць яго аблічча да аблічча еўрапейскіх гарадоў.

Па ўспамінах графа Лявона Патоцкага «ў самым цэнтры мястэчка была квадратная рыначная плошча, упрыгожаная абеліскам, што завяршаўся пазалочаным шпілем. Вялі да яго з чатырох бакоў шырокія, пад шнур пракладзеныя вуліцы, забудаваныя ладнымі дамамі, пакрытымі гонтай... У самым цэнтры рынкавай плошчы, паміж вуліцамі Мсцібаўскай і Рудаўскай, узвышалася прамавугольнае збудаванне, пабудаванае з каменя, з 48 крамамі... На самой плошчы пяць заезных двароў: пад Арлом, Аленем, Волам, Аднарогам і Лебедзем. У адным куце аптэка, у іншым – кафенгаўз (кавярня), самавіты, з більярдам, для забавы прыезджых. Насупраць кафенгаўза распасціраўся вялікі пляц, на левым боку якога знаходзіўся драўляны парафіяльны касцёл з вежай і гадзіннікам…»


Свіслач. Цэнтральная плошча і помнік. 1916 год.

Будынак гасцінага двара ўяўляў сабой замкнёную кампазіцыю з чатырох аднапавярховых крылаў пад двухсхільнымі гонтавымі дахамі, утвараючы прастакутны цэнтральны двор, і складаўся з 48 аднапавярховых ячэек-пакояў. Кожная мела бакавое акно і двое дзвярэй. Двор меў тры складскія памяшканні. У цэнтры доўгіх крылаў былі зроблены арачныя праезды на двор. Над адным з праездаў размяшчалася зала для купецкіх сходаў. Гасціны двор арандавалі купцы на час знакамітых Свіслацкіх кірмашоў. Першы кірмаш быў праведзены 15 жніўня 1792 года, а затым з 25 жніўня па 25 верасня праводзіўся штогод на працягу ста гадоў. У 1872 годзе гасціны двор згарэў.


Свіслач. Цэнтральная плошча і абеліск. 1930-я гады.

20-метровы абеліск з пазалочаным шарам і шпілем быў узведзены графам Вікенціем Тышкевічам у цэнтры рынкавай плошчы ў другой палове XVIII стагоддзя ў гонар знакамітага Свіслацкага кірмашу як сімвал дабрабыту і працвітання мястэчка. У верасні 1939 года абеліск быў разбураны. Паводле легенды, калі ў 1939 годзе шпіль быў падарваны, знайшлі капсулу з пасланнем аб тым, што горад будзе квітнець, пакуль стаіць гэты слуп.

У 2017 годзе, перад абласным фестывалем працаўнікоў вёскі «Дажынкі», графскі шпіль быў адноўлены. Сёння ўсе, хто завітаў у нашу Свіслач хоць на дзень, абавязкова робяць фатаграфію на памяць ля шпіля. Вельмі папулярная мясцовая славутасць і ў сацыяльных сетках: у розныя поры года і ў самых нечаканых ракурсах.



Вольга БУБЕНЧЫК

Предыдущая статья

Освобождение