banner

Криминальная хроника на Свислоччине

18 Мая’21
1569


Чалавек чалавека павінен паважаць, каб не адбывалася такіх выпадкаў, як у верасні мінулага года на мехдвары ў Ханявічах. Два работнікі так пасварыліся, што адзін у парыве гневу стукнуў другога ў вобласць грудной клеткі. Усё скончылася пераломам рэбраў. 
Была ўзбуджана крымінальная справа за прычыненне менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Крыўдзіцель выплаціў штраф у памеры 30 базавых велічынь.

***
Сын гаспадыні дома ў Ханчыцах прывёў прыяцеля. Мужчыны пілі, а на раніцу жанчына выявіла, што знікла ўся пенсія, якую атрымала ў той дзень. Міліцыянеры хутка знайшлі выкрадальніка. Ім аказаўся прыяцель сына, з якім распівалі спіртное.
На падставе артыкулу 205 часткі 1 зламысніку прысуджана 240 гадзін грамадскіх работ з вяртаннем выкрадзенай сумы (430 руб.).

***
Раней судзімы С., прычым судзімасць непагашана, ішоў ноччу ў стане ап’янення дадому. На адной з вуліц Свіслачы чымсьці яму не спадабалася бетанаваная заборная агароджа. Мужчына пачаў яе рукамі і нагамі разбіваць. Такім чынам парушыў некалькі пралётаў.
Знайсці зламысніка не склала працы. Факт вандалізму зафіксаваны на відэакамеру.
Мужчыне па першай судзімасці быў дадзены шанс стаць на шлях выпраўлення. Ён ім не скарыстаўся і дапусціў новае злачынства. З улікам непагашанай судзімасці суд вызначыў яму пакаранне на 2 гады 3 месяцы пазбаўлення волі.

***
Дзяўчына-кіроўца каля вёскі Талачманы не справілася з кіраваннем і з’ехала ў кювет. Пакінула аўто і пайшла па дапамогу. Пакуль адсутнічала, а час быў вячэрні, хтосьці скарыстаўся момантам і выкраў акумулятар, магнітолу, дзве калонкі, буфер. Тым самым дабавіў жанчыне яшчэ больш праблем, ужо грашовых.

***
У Поразаве з мехдвара чацвёра немясцовых (жыхар Астраўца і трое са Слоніма) выкралі акумулятары і іншую маёмасць на 3 тысячы рублёў. Арудавалі дзве ночы. Але былі заўважаныя вартаўніком. Зламыснікі мужчыну стукнулі ў твар і ўцяклі. Праз некалькі дзён праваахоўнікі ўстанавілі іх асобы.
У касу гаспадаркі кампенсавалі прычыненую шкоду. Выкрадальнікі асуджаны на 1 год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 1,5 года.

***
Спачатку разам пілі, потым вырашылі пайсці на зладзейскі промысел. Аб’ектам выбралі міні-рынак у Свіслачы. Вынеслі на 1 тысячу рублёў прысмакаў, адзення, абутку. Адзін са зламыснікаў нават на месцы пераабуўся ў новыя красоўкі. Выкрадальнікі міліцыянерамі былі хутка знойдзены. Злачынства здзейснена ў снежні, адзін з траіх злодзеяў неаднаразова судзімы.

***
Ваўкавыская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету затрымала ўраджэнца Дзешкаўцаў, які пражывае ў Ваўкавыску. Знаходзячыся на тэрыторыі Белавежскай пушчы, мужчына пры сабе меў 8 петляў для лоўлі дзікіх жывёл, што прыраўноўваецца да незаконнага палявання. За падобныя дзеянні прадугледжана пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі.

***
У студзені была ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да работніка ААТ «Акр-Агра» па артыкуле, звязаным з падробкай дакументаў. Мужчына знаходзіўся на бальнічным. У атрыманым у медыцынскай установе дакуменце ён выправіў дату, тым самым павялічыў час знаходжання на бальнічным на пяць дзён. Максімальнае пакаранне за такое злачынства – да двух гадоў пазбаўлення волі.

Марына ЯНЮК

Крымінальная хроніка падрыхтавана па паведамленнях раённага аддзела Следчага камітэта

Предыдущая статья

Праца – шлях да выпраўлення