У пасёлку Мяльнова з прыватнага гадавальніка выкрадзена каля 1 500 туй. Зламыснік рабіў свае цёмныя справы з 2018-га па 2021 год. Распачата крымінальная справа.
***
Зарэгістравана серыя крадзяжоў з пустых дамоў і дамоў, якія выкарыстоўваюцца пад дачы. Лідзіруюць у гэтай статыстыцы Ханявіцкі і Навадворскі сельсаветы. У ліку скрадзенай маёмасці электрадрылі, «балгаркі», медныя правады, варачныя паверхні, іншыя металічныя вырабы, а таксама прадукты харчавання. Складанасцю ў расследаванні падобных злачынстваў з’яўляецца тое, што паміж фактам здзяйснення злачынства і момантам яго ўсталявання праходзіць шмат часу, і раскрыць крадзеж па «гарачых» слядах немагчыма. Але, як кажуць, колькі вяровачцы ні віцца...
З верасня па снежань мінулага года зарэгістравана 5 злачынстваў з пустых дамоў, з пачатку бягучага – 6.
***
Распачата крымінальная справа ў дачыненні да ўхіліста ад службы ў войску. Свіслачанін вучыўся ў Польшчы ва ўніверсітэце горада Любліна. Атрымаў адтэрміноўку ад вайсковай службы на 2 гады (дарэчы, адтэрміноўка даецца толькі адзін раз). Ён прыехаў на малую радзіму, але па атрыманай павестцы не з’явіўся ў ваенкамат, а назад з’ехаў у Польшчу.
***
У пачатку студзеня ў лясным масіве Броўскага лясніцтва літаральна за два кіламетры ад мяжы ў балоцістай мясцовасці без прыкмет жыцця быў знойдзены малады мужчына арабскай знешнасці. Ні дакументаў, ні тэлефона, як і асабістых рэчаў пры сабе не меў. Па ўсіх прыкметах смерць наступіла ад пераахаладжэння.
Крымінальная хроніка падрыхтавана па паведамленнях раённага аддзела Следчага камітэта.
Марына ЯНЮК