Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы сёння ў Бабруйску прадпрыемства "Славянка", выказаў упэўненасць, што на працягу месяца сусветная эканоміка вернецца да работы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нягледзячы на смяротнасць 400-600 чалавек у суткі, Еўропа пачала адкрывацца. На працягу месяца, я ўпэўнены, сусветная эканоміка, асабліва ў нашых суседзяў, будзе працаваць. У тым ліку і ў Расіі. Яны ўжо разумеюць, куды ўскочылі. Усе разумеюць у свеце. Трэба да гэтага быць гатовымі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Губернатар Магілёўскай вобласці Леанід Заяц далажыў Прэзідэнту, як цяпер развіваецца эканоміка ў рэгіёне. Паводле яго слоў, намінальная заработная плата ў вобласці расце, інвестыцыі прыцягваюцца ў адпаведнасці з заданнем, а ўзровень беспрацоўя складае 0,3 працэнта. "Практычна ўсе галіны народна-гаспадарчага комплексу ў Магілёўскай вобласці спрацавалі стабільна", - заявіў ён. Разам з тым губернатар адзначыў, што асобным напрамкам, у прыватнасці будаўнічай галіне, давядзецца даганяць у другім паўгоддзі.
Прэзідэнт папярэдзіў: патрабаванні да сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, нягледзячы на сітуацыю з каранавірусам, зніжацца не будуць, таму самазаспакойвацца не трэба. "Мы павінны выканаць тыя планы, якія перад намі стаяць", - падкрэсліў ён.