banner
Ідэй шмат – усяму свой час
11:40 10 Июля’20
1310


Сёння старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі сустрэўся з працоўным калектывам Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Свіслацкаму раёну.

Як зазначыў Аляксандр Людвігавіч, заўсёды прыемна сустракацца з прадстаўнікамі гэтай сферы па некалькіх прычынах. Адна з іх – лагатып кампаніі некалі быў на спартыўным адзенні футбольнай каманды БАТЭ, за гульнямі якой старшыня як прыхільнік здаровага ладу жыцця і знаўца футбола ўважліва сочыць.

Кіраўнік раёна пастараўся коратка ахарактарызаваць працэсы, якія адбываюцца на Свіслаччыне. Гаворка ішла пра тое, над чым мясцовая ўлада працуе сёння. Адно з пытанняў – выкарыстанне будынка былой СШ № 3. Якую карысць грамадзянам ён можа прынесці? Напэўна, шмат каму спадабаецца тая навіна, што тут будуць размешчаны трэнажорная зала, тэнісны і більярдны сталы. Магчыма, адкрыецца і зала для фітнесу. У яшчэ моцны будынак у цэнтры горада пераедуць дзіцячая бібліятэка і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Нагадаў Аляксандр Людвігавіч страхоўшчыкам яшчэ пра тры аб’екты: дзіцячую пляцоўку, якая будзе ў гарадскім парку, сучасны стадыён для гульні ў футбол на базе СШ № 2 і музей, які размесціцца ў будынку былой Свіслацкай гімназіі. Старшыня райвыканкама ўпэўнены, нам ёсць што паказаць турыстам. Ідэй на самой справе шмат, але ўсяму свой час.

Гаворачы пра сельскую гаспадарку, кіраўнік раёна падрабязна спыніўся на перспектывах праблемных сельгаспрадпрыемстваў. Яно і зразумела. Хто рухаецца наперад сам – добра. А камусьці патрэбна дапамога. Напрыклад, для УСП “Саўгас “Поразаўскі” выратавальным кругам стаў інвестар – СВК імя Дзеншчыкова. УСП “Саўгас “Вердамічы” аб’ядналі са Свіслацкай сельгастэхнікай. Дзякуючы людзям, якія працуюць на прадпрыемстве, можна развіваць новыя напрамкі дзейнасці. Добры патэнцыял мае і УСП “Саўгас “Вялікасельскі”.

Закрануў старшыня райвыканкама таксама пытанне развіцця свабоднай эканамічнай зоны, якая гарантуе жыхарам раёна новыя рабочыя месцы.

Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Людвігавіч адказаў на некалькі пытанняў. Сярод іх бяспечнасць дарожнага руху, якасць вады і добраўпарадкаванне. Апошняе пытанне асабліва ўразіла старшыню. Людзі скардзіліся на тое, што кожны ранак на стаянках для аўтамабіляў у цэнтры горада шмат смецця. Няўжо нельга пакараць вінаватых? Аляксандр Людвігавіч паабяцаў разабрацца ў сітуацыі, падзякаваўшы страхоўшчыкам за неабыякавасць.

Але сапраўды, свіслачане, сорамна! Ці так цяжка прыбраць за сабой той кубак ад кавы або шалупіну ад семак? Вы ж заўтра зноў прыйдзеце на гэтае месца. Прыемна сядзець на кучы смецця? Не, вы ведаеце, што ўсё будзе чыста, бо нехта за вас прыбраў. Толькі запомніце, што чыста там таму, што вас яшчэ не было.

Вольга БУБЕНЧЫК

Фота аўтара

Предыдущая статья

Приглашаем вас подружиться с газетой для детей и подростков «Зорька»