banner

І пушчы нашы запяюць...

24 Августа’11
2503

Падрыхтоўка да абласнога экалагічнага фестывалю “Гамоняць пушчы беларускія”, які пройдзе сёлета на Свіслаччыне, паступова набірае тэмпы. Доўгачаканае свята лесу адбудзецца зусім хутка. Яго кульмінацыя прызначана на 25 верасня. Арганізатары ўжо каторы раз “звяраюць гадзіннікі”, узгадняючы асноўныя накірункі работы. На бягучым тыдні прайшло чарговае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта з удзелам намесніка начальніка абласнога ўпраўлення культуры С. М. Маціевіча.

У падрыхтоўцы да такога шырокамаштабнага мерапрыемства, у якім будуць задзейнічаны творчыя калектывы і народныя майстры з усёй Гродзеншчыны, важна не ўпусціць з поля зроку ніводнай дробязі. І гледачы, і галоўныя дзеючыя асобы павінны адчуваць камфорт і зручнасць, толькі тады свята будзе сапраўдным, запамінальным. Менавіта таму дырэктар фестывалю, начальнік аддзела культуры райвыканкама І. Э. Паўлючэня з асаблівай увагай ставіцца да ўсіх арганізацыйных момантаў. Разам з галоўным рэжысёрам свята Т. Л. Мацкевіч яны не аднойчы “прайшліся” запланаванымі святочнымі маршрутамі, адпрацоўваючы кожны элемент сцэнарыю. Пра свае творчыя знаходкі і варыянты іх рэалізацыі яны і расказалі на пасяджэнні аргкамітэта. Абмеркаванне планаў і іх узгадненне ішло досыць актыўна. Сваё важкае слова выказалі намеснікі старшыні райвыканкама В. А. Суботка і Г. М. Чыжыкава, многа карысных рэкамендацый прагучала з вуснаў старшыні раённага Савета дэпутатаў Э. С. Тарноўскага. У падтрымку імкненняў калег выступіў начальнік упраўлення культуры аблвыканкама С. М. Маціевіч, паабяцаўшы са свайго боку метадычную і практычную дапамогу. Свае прапановы ў план правядзенння свята ўнеслі таксама запрошаныя на сустрэчу кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

Здаецца, пра ўсё падумалі арганізатары: і пра запрашэнне ганаровых гасцей і артыстаў, і пра дэкарацыі на сцэнічных пляцоўках, і пра музычнае суправаджэнне, і пра захапляльныя конкурсы, і нават пра гандаль “пушчанскімі” сувенірамі. А вось каго яны вырашылі запрасіць на ролі вядучых свята? Што за сюрпрызы чакаюць гасцей? Тут хочацца захаваць інтрыгу. Адно можна сказаць адкрыта, не вагаючыся: будзе многа цікавага. Пра ўсё даведаемся, калі завітаем на свята, галоўным месцам “дыслакацыі” якога стане раённы цэнтр, пачынаючы з цэнтральнай плошчы Свіслачы і аж да гарадскога парка.

А вось наступную інфармацыю патрэбна дадаць асобна: прадвесніцай фестывалю стане навукова-практычная канферэнцыя, якая запланавана на 23 верасня. Да ўдзелу будуць запрошаны як тытулаваныя краязнаўцы і вучоныя, так і аматары. Чакаецца, што вынікам работы канферэнцыі стане выпуск зборніка матэрыялаў, своеасаблівага практычнага дапаможніка у прыродаахоўнай дзейнасці для ўсіх зацікаўленых асоб.

Ларыса САМАРЫНА.

Предыдущая статья

Евгению Федоровичу Дуднику – 85!