Напярэдадні Дня Незалежнасці ў кожным куточку раёна прайшла акцыя «Кветкі памяці». Ля помнікаў і брацкіх магіл гучалі пранікнёныя словы ўдзячнасці тым, хто не дажыў да Перамогі, хто паклаў сваё жыццё на яе алтар. У райцэнтры былі ўскладзены кветкі на брацкую магілу вызваліцеляў Свіслаччыны, да памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам, мемарыяльнага комплексу «Асілак» і да памятнага знака на месцы гібелі М. П. Масонава.
У раённым Доме культуры адбыўся ўрачысты сход. Да свіслачан звярнуўся старшыня райвыканкама А. М. Таргонскі. Ён нагадаў аб часах вялікіх выпрабаванняў для нашага народа, выказаў шчырую падзяку ветэранам вайны, падкрэсліў сімвалічнасць таго, што Дзень Незалежнасці непарыўна звязана з днём вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
– Калі б наш народ не праявіў вялікую энергію супраціўлення, не ўстаў на абарону Айчыны ў суровым 1941-м, калі б не было вызвалення ў 44-м і Перамогі ў 45-м, мы б ніколі не здабылі незалежнасці. Вось чаму для нас, беларусаў, ідэі незалежнасці, суверэннасці і свабоды з’яўляюцца і заўсёды будуць з’яўляцца свяшчэннымі, – падкрэсліў кіраўнік раёна.
Хвілінай маўчання была ўшанавана памяць землякоў, загінуўшых на вайне.
Алег Мечыслававіч у сваім выступленні засяродзіў увагу прысутных на тым, якім складаным і цяжкім быў пасляваенны час, як уздымалася краіна з руінаў, як самааддана працавалі людзі на карысць Радзімы.
Прамоўца падкрэсліў, што многія сённяшнія працаўнікі раёна, якія прысвяцілі сябе любімай справе і дабіліся высокіх поспехаў у працы, адзначаны дзяржавай. Медалямі «За працоўныя заслугі» ўзнагароджаны загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення раённай паліклінікі І. Г. Шульская і загадчыца фермы «Студзенікі» ПП «Новы Двор-Агра» Е. С. Мацейка. Яшчэ дванаццаць працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны раёна прызнаны пераможцамі рэспубліканскіх спаборніцтваў.
Алег Мечыслававіч выказаў надзею, што наперадзе ў свіслачан будзе яшчэ шмат працоўных перамог, а патэнцыял для гэтага ў нас ёсць немалы.
За самаадданую працу ў розных галінах народнай гаспадаркі Ганаровымі граматамі райвыканкама былі ўзнагароджаны галоўны эканаміст СВК “Корнадзь” М. І. Ганчарэвіч, настаўнік ДУА “Гімназія № 1 ім. К. Каліноўскага г. Свіслач” Н. М. Гулевіч, галоўны эканаміст УСП “Саўгас “Велікасельскі” В. Ф. Вайцяшук, дырэктар ЦБС Н. У. Калач, начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 11 А. І. Раманчук, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. І. Талай, старшы таваравед райспажыўтаварыства Ж. Л. Турэйка, намеснік старшыні райспажыўтаварыства Т. П. Сяргеева.
Удзячных лістоў старшыні райвыканкама былі ўдастоены прадавец В. Б. Ботвіч, бібліятэкар Вердаміцкай сельскай бібліятэкі А. Л. Дудак, камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 А. Л. Мархалюк, вадзіцель аварыйна-выратавальнага паста № 15 А. А. Пісар і пекар хлебапякарні Л. Г. Яновіч.
За шматгадовую добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі і ў сувязі з 90-годдзем заснавання эканамічнай службы Рэспублікі Беларусь Удзячным лістом раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу былі ўзнагароджаны галоўны эканаміст філіяла “Ханчыцы” М. А. Антончык і галоўны эканаміст ПП “Новы Двор-Агра” В. А. Пажарыцкі.
За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна і ў сувязі з 90-годдзем заснавання эканамічнай службы Рэспублікі Беларусь Ганаровай граматай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” узнагароджана галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Т. В. Скібіцкая.
За паспяховыя дасягненні ў працы каштоўныя падарункі атрымалі прараб ААТ “Ханявічы” А. Н. Дуброўскі, жывёлавод УСП “Саўгас “Поразаўскі” В. І. Кісель, намеснік галоўнага ўрача УЗ “Свіслацкая ЦРБ” А. І. Малчанава, слесар-сантэхнік РУП ЖКГ І. В. Паўлючэня, маляр ДУ “Свіслацкая МПМК-162” А. А. Рудкоўская і трактарыст-машыніст ААТ “Акр-Агра” В. І. Шышоў.
Кіраўнік раёна ўручаў узнагароды, моцна ціснуў руку, шчыра віншаваў і жадаў далейшых поспехаў у працы на карысць роднай краіне.
Затым пачаўся святочны канцэрт фальклорнага калектыву з Мінску “Купалінка”. Гледачы атрымалі паўтары гадзіны сапраўднай асалоды і шчырымі апладысментамі суправаджалі кожны нумар, прасякнуты шчырай любоўю да Беларусі і творчасці яе народа. А. М. Таргонскі шчыра падзякаваў прафесійным артыстам за цудоўнае выступленне і ўручыў ім вялізны букет кветак.
У нядзелю, 3 ліпеня, у райцэнтры, як заўсёды ў гэты дзень, было мнагалюдна. Ганаровыя месцы па праву занялі ветэраны, тыя, хто некалі набліжаў Перамогу і якіх, на жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш. Яны – наш гонар, наша слава, скарбніца мудрасці. Ім самыя сардэчныя словы падзякі і пашаны, ім нізкі паклон ад удзячных нашчадкаў.
Каб сустрэць дзень вызвалення разам са свіслачанамі, з Масквы прыехалі да нас ганаровыя госці: дачка і ўнук Героя Савецкага Саюза М. П. Масонава, які загінуў, вызваляючы Свіслач, Інеса Мікалаеўна Кальянава і Аляксей Феліксавіч Паліцын.
І вось гучаць пазыўныя свята. Дзяўчаты з тканымі рушнікамі, з караваямі ў руках урачыста і прыгожа пачынаюць фэст, падкрэсліваючы, што наша Беларусь самая гасцінная, самая шчодрая на дабрыню краіна.
Прывітальнае слова мае кіраўнік раёна. Ён шчыра віншуе свіслачан са святам, жадае міру і шчасця, а таксама добрага, святочнага настрою.
На імправізаванай сцэне гучаць песні ў выкананні самадзейных артыстаў раёна, цешаць сваім выступленнем юныя танцоры, спартсмены, уздымаюць настрой гумарысты.
Нават дожджык, што пачаў накрапваць, ад песень і музыкі раптам прапаў, і хмаркі на небе неўзабаве рассеяліся.
Працавалі гандлёвыя кропкі. Як заўсёды, вясёлыя праграмы падрыхтавалі пасялковы і сельскія Саветы, цешачы гасцей песнямі і смачнымі пачастункамі.
Свята гудзела, спявала, танчыла. У гэты дзень не было чалавека, які б не ўліўся ў агульнае свята, не стаў яго актыўным удзельнікам.
Вечарам гараджан чакала дыскатэка, у час якой адбылася рэспубліканская акцыя “Спяём Гімн разам”. Яскравую кропку свята паставіў феерверк, які прывёў у вялікае захапленне і дарослых, і дзяцей.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота аўтара.