banner

Што ні школа, што ні сад – усюды казачны парад

14 Января’12
2077

Што ні школа, што ні сад – усюды казачны парад

Пакуль гаспадары прыватных падворкаў, уладальнікі кватэр, прадпрыемствы і арганізацыі ўпрыгожвалі свае тэрыторыі і аб’екты да навагодніх свят, прадстаўнікі адукацыйных устаноў, а ў іх ліку вучні, педагогі і тэхнічны персанал, ладзілі свята ў сваіх “апартаментах”. Ствараючы святочную атмасферу і ўтульнасць, яны на першы план ставілі не толькі прыгажосць, але і супрацьпажарную бяспеку. Сняжынкі і гірлянды, зоркі і шары, галінкі са штучным снегам, выявы і фігуркі казачных герояў — усё гэта настолькі ператварыла тэрыторыі, фасады, холы і пакоі ўстаноў адукацыі, што ўцалку яны нагадвалі казачныя палацы.
У агляд-конкурс уключыліся ўсе ўстановы Свіслаччыны. Творчы падыход, фантазію, неардынарнасць мыслення пры падрыхтоўцы да конкурсу праявілі майстры (а інакш нельга назваць яго ўдзельнікаў) Ханявіцкай і Навадворскай СШ, Корнадзьскага, Дварчанскага і Грынкаўскага ВПК ДС СШ, гімназіі № 1 ім. К. Каліноўскага г. Свіслач, ясляў-сада № 2 г. Свіслач, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам, Нязбодзіцкага ДС ПШ.
Цікавыя інтэр’ерныя кампазіцыі, падрыхтаваныя рукамі ўмельцаў, былі прадстаўлены і іншымі ўстановамі адукацыі. Уразілі членаў камісіі задумкі Ханявіцкай СШ. Арыгінальныя выставы дзіцячай творчасці “Навагоднія фантазіі” былі прадэманстраваны ў Поразаўскай спецшколе-інтэрнаце, СШ № 3 г. Свіслач і Дабравольскім ДС СШ.
Нямала дыскутавалі і засядалі члены камісіі, пакуль не прыйшлі да адзінай думкі: адзначыць пераможцаў агляду-конкурсу па намінацыях. Калі ў адной установе дастойна і хораша выглядалі вокны, то ў другой нельга было адвесці вачэй ад навагодніх кампазіцый, якія размяшчаліся ў холах альбо актавых залах. Такім чынам, пераможцамі ў намінацыі “Лепшы хол” камісія прызнала Ханявіцкую СШ і гімназію № 1. Апошняй дасталася і намінацыя “Лепшая актавая зала”. У намінацыі “Лепшы пакой адпачынку” не знайшлося роўных сацыяльна-педагагічнаму цэнтру з прытулкам. Навадворская СШ, Корнадзьскі ДС СШ, яслі-сад № 2 г. Свіслач, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі і Сакольніцкі дзіцячы сад адзначаны як лепшыя ў намінацыі “Суцэльнасць навагодняга ансамбля”. Самыя ўдалыя акенцы атрымаліся ў Дварчанскага ДС СШ і Поразаўскай спецшколы-інтэрната. Абедзве адукацыйныя ўстановы з’яўляюцца пераможцамі ў намінацыі “Навагодняе акенца”. Намінантамі “Лепшага навагодняга афармлення тэрыторыі ўстановы адукацыі” сталі поразаўскія школа і дзіцячы сад, Нязбодзіцкі ДС ПШ. Намінацыя “Лепшая навагодняя кампазіцыя з ільду” дасталася Велікасельскаму дзіцячаму саду. Намінацыі “Навагодні вестыбюль” удастоены СШ № 3 г. Свіслач, Грынкаўскі ДС СШ.

Алена КЕДЗІК.

На здымку: у актавай зале гімназіі.

Предыдущая статья

АПИ от Белгосстраха