Матулін каравай! Хіба ёсць што на свеце смачнейшае за яго? Вось ён – духмяны, з румянай скарынкай дастаецца з печы і пах стаіць такі, што аж кружыцца галава. Менавіта такія караваі, пірагі прывезлі на свята гаспадынькі не толькі са Свіслаччыны, а і з другіх раёнаў і вобласцяў. На свята прыехалі каравайніцы з Брэста, Маларыты, Любані, Слоніма, Гродна, Ваўкавыска і, зразумела, нашы раённыя майстрыхі. Водар ад тых карваяў лунаў па ўсёй плошчы, запрашаючы паспрабаваць несамавітыя смакоцці. А гаспадынькі не скупіліся, ахвотна частавалі ўсіх, хто меў жаданне.
Дванаццаць гаспадыняк прадставілі свае шэдэўры з цеста, рэцэпт якіх перанялі ад сваіх бабуль і матуль. І нельга не залюбавацца такім неверагодным хараством, зробленым рукамі. А яшчэ восем гаспадыняк прывезлі на свята сучасныя пірагі і караваі. І ад іх таксама нельга было воч адвесці.
Найцяжэйшая справа ў вызначэнні пераможцы гэтага смачнага конкурса дасталася членам журы. Гэта ім мус было быбраць лепшую з лепшых каравайніцу, бо, што там ні кажы, а конкурс ёсць конкурс. І вось яны, нашы пераможцы.
Гран-пры ў намінацыі “Традыцыйны каравай” заваявала Таццяна Макарчук з Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Яе каравай найбольш паланіў сэрцы членаў журы, бо так прыгожа, так мілагучна распавядала яна на родным дыялекце пра свой цудоўны выраб, так прыгожа спявала, што нельга было не заслухацца.
1-е месца прысуджана каравайніцам з Новага Двара Надзеі Адамчук і Ларысе Саўко. Дарэчы, слава пра вясельны Навадворскі каравай грымела некалі на ўсю Беларусь. І рэцэпт яго захаваўся да сёння. Яго і выкарысталі ўмелыя гаспадынькі, каб здзівіць журы, і гасцей свята.
2-е месца заняла Вольга Перахвал са Слоніма. Яе каравай таксама быў неверагодна прыгожым. Як толькі рукі здолелі стварыць такі цуд. На вялікім караваі знайшлі сваё месца і пшанічныя каласкі, і кветкі, і сланечнікі, і нават пары маладых, якія кружацца ў танцы. Караваі Вольгі Перахвал пабывалі ўжо ў Італіі, Парыжы, Маскве, і ўсюды здзіўлялі сваім хараством і несамавітасцю.
3-е месца заняла самая страэйшая гаспадынька, з усіх, хто прадставіў свае караваі. А гэта Ніна Белькевіч з вёскі Тушамля. Яе караваі шмат разоў упрыгожвалі вясельныя сталы, і сёння 77-гадовая бабуля Вера ўмее здзівіць і прыгажосцю, і смакам мучных вырабаў.
У намінацыі “Сучасны каравай” найбольш вызначыліся Алена Саўко з Камянюкаў Брэсцкай вобласці . Яе буслы, здавалася вось-возь узляцяць над шматлюднай плошчай, настолькі яны былі праўдападобнымі і прыгожымі. За гэтую нязвыклую прыгажосць Алена была ўдастоена Гран-пры.
1-е месца дасталося Марыне Ажахоўскай з Дзятлаўскага раёна. Яе каравай вызначаўся яшчэ і тым, што быў спечаны на заквасцы, а не на дражжах. Дарэчы, каб спячы такі шэдэўр з цеста, трэба патраціць цэлыя суткі. Затое ў выніку атрымаецца цуда-каравай, не толькі смачны, а яшчэ і вельмі карысны.
2-е месца заняла гаспадынька з Ціхаволі Алена Філіновіч. Яе залатыя рукі вырабілі сапраўдныя мастацкія творы з цеста. Проста нельга не захапляцца такім цудам.
3-е месца прысуджана свіслачанцы Ірыне Кавальчук. Яе каравай меў назву “30:0 у карысць Прэзідэнта”. І ўяўляў сабою футбольны мяч. На смак, дарэчы, вельмі смачны.
У намінацыі “Кулінарнае наследдзе” вызначылася Ірына Журдзік з Любанскага раёна Мінскай вобласці, у намінацыі “Арыгінальная прэзентацыя” здолелі паказаць сябе свіслачанкі Вераніка Балюк, Таццяна Макарская і Ірына Палтарак. А ў намінацыі “Арыгінальнае афармленне” здзівілі журы Валянціна Фалькоўская са Свіслачы і Тамара Карнацэвіч з вёскі Яцвезь Ваўкавыскага раёна.
У асобным прыгожым і імправізацыйным доме размясціліся вырабы, якія ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. А гэта грачаны хлеб Маларыцкага раёна, хатні хлеб з вёсак Жораўкі і Кузьмічы Любанскага раёна, вясельны каравай з Ваўкавышчыны, каляндарна-абрадавае печыва са Слонімшчыны, поразаўская банкуха і рэгіянальная традыцыйная кухня з аг. Адэльск Гродзенскага раёна. Гэтыя шэдэўры ўжо занялі свае пачэсныя месцы на п’едэстале пашаны. Застаецца толькі ганарыцца імі. Як і святам, якое ушаноўвае хлеб і рукі, дзякуючы якім хлеб наш надзённы з маленькага зернятка, кінутага ў зямлю, узрошчанага на полі, аблашчанага сонейкам, палітага шчодрым дажджом прыходзіць на наш стол цёплым боханам, румяным караваем, “бацькавай булкай”.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара