Зноў пазваў тэлефонны званок: “Вы пішаце пра бацькоўскія хаты. Вельмі патрэбная тэма ў нашыя дні, калі вёскі адміраюць. Я вам адрас хачу падказаць. У пасёлку Мяльнова жывуць Зоя і Мікалай Камякі. Гэта хата Зоіных бацькоў. Добрымі былі людзьмі, шчырымі. І дачка такая ж, і муж у яе добры чалавек. Прыязджайце, самі пабачыце, як шануюць хату, з якой любоўю да кожнай дробязі, пакінутай бацькамі адносяцца”.Як было не прыслухацца да такіх слоў? У той самы дзень я была ў пасёлку Мяльнова і пазнаёмілася з гэтымі добразычлівымі, ветлівымі людзьмі, акунулася ў іх сардэчнасць і гасціннасць. Кожны дзень мы ў сваім жыцці сустракаемся з людзьмі. Адны мільгануць, як знічка, і прападуць з памяці, а другія, хоць нядоўга пабудуць побач, але застануцца ў памяці яркім святлом, добрым адгалоскам. Менавіта гэтая сустрэча ў пасёлку Мяльнова адкладзецца ў куфэрку маіх успамінаў, як адна з самых прыемных і незабыўных.
Пра тых, хто дом пабудаваў
Калісьці, вельмі даўно, гэты дом пабудавалі Васіль і Ніна Нікалаюкі. Не вельмі хутка справа тады ладзілася. Дзесяць гадкоў было старэйшай дачушцы Зоі і ўсяго дзесяць месячыкаў малодшай Валі, калі ўсе разам засяліліся ў новую хату. Пачалі паціху абжывацца, напаўняць новае жытло цеплынёю, святлом, якія прамяніліся з сэрцаў, вачэй, усмешак навасёлаў дома – дарослых і малых. Бацька быў добрым гаспадаром, працавітым, рукі меў да ўсяго здатныя. І да таго ж чалавекам быў вельмі мудрым, паважаным, выбіраўся нават дэпутатам сельскага Савета. Шмат гадоў аддаў працы на чыгунцы, быў саставіцелем цягнікоў, качагарам.
А маці майстрыхай была, якіх пашукаць. За што ні бралася, усё гарэла ў руках. Ля печы завіхалася, дык смакоцці кожны дзень атрымоўваліся на дзіва. А возьме у рукі іголку і ніткі каляровыя, глядзіш, твор мастацтва выходзіць. Любіла, каб у хаце не толькі было чыста прыбрана, а яшчэ і вельмі прыгожа. Вунь і сёння на сценах у пакоях цудоўныя карціны вісяць, вышытыя калісьці рукамі гаспадынькі. А да таго сэрца мела залатое, адкрытае, шчырае. Апошнім магла падзяліцца, любіла частаваць суседзяў чым смачным. Ёй гэта прыносіла задавальненне.
Працавала маці ў мясцовай сталоўцы. Самую простую ежу ўмела зрабіць так, што людзі дзіву даваліся. Усё, што мелі ў сабе добрае, бацькі ўклалі ў сваіх дзяцей. Вучылі дачок быць шчырымі, сціплымі, працавітымі, шчодрымі на дабрыню. Такімі і выраслі. З бацькоўскімі наказамі ўвайшлі ў сваё дарослае жыццё.
Так склаўся лёс
Малодшая Валя скончыла Гродзенскі інстытут сельскай гаспадаркі. Там пазнаёмілася з будучым мужам. Стварыла сям’ю, нарадзіла дзве дачушкі – Вольгу і Ніну. Малодшанькую назвалі ў гонар бабулі. Валя вельмі таленавітая, яшчэ ў школе пісала сачыненні ў вершах. У інстытуце таксама. Працуе зараз галоўным спецыялістам у аблвыканкаме горада Брэста.
А старэйшая Зоя сустрэла свой лёс яшчэ ў школе, калі да іх у дзевяты клас прыйшлі вучні з Дварчанскай васьмігодкі. Сціплы хлопец Мікалай Камяк спадабаўся Зоі, а яна таксама ледзь не з першага позірку запала ў юнацкае сэрца. Яны пачалі сябраваць. А потым прыйшло да іх першае, чыстае, светлае, непаўторнае, каханне. І вось дзесяць класаў скончана, у руках атэстат, наперадзе ў выпускнікоў сто дарог.
Мы разам сустракалі наш першы дарослы світанак, – гаворыць Зоя Васільеўна. – Вось тады, узяўшыся за рукі, мы далі клятву, што будзем разам. Не здрадзілі ёй. У наступным годзе адзначым ужо залатое вяселле. Ніколі не пашкадавалі аб той клятве, дадзенай у юнацтве. Тое пачуццё, якое нарадзілася ў сэрцах, калі нам было па шаснаццаць- сямнаццаць гадоў, яно не знікла, яно жывое па сёння і ўжо не знікне.
Тады, паўстагоддзя назад, у іх усё жыццё было наперадзе. Зоя праводзіла каханага на службу ў армію і паабяцала чакаць. Тое абяцанне яна магла і не даваць, Мікалай і без яго ведаў, што Зоя дачакаецца абавязкова. Ён пісаў да яе лісты: шчырыя, цёплыя, наскрозь прасякнутыя каханнем, смуткам і шчаслівымі ўспамінамі аб тых днях, калі яны былі разам. Лісты прыходзілі кожны дзень і кожны дзень такія ж радкі, напоўненыя пяшчотай, ласкай, ляцелі ў ваенную часць, дзе служыў Мікалай.
Дарэчы, там, у арміі, яму прапанавалі паступіць у 506-ы вучэбны чырвоназнаменскі атрад падводнага плавання імя С. Н. Кірава горада Ленінграда. Хлопец без ваганняў згадзіўся. Падзяліўся навіной з Зояй. Тая падтрымала любага. Вось так вясковы хлопец Мікалай Камяк звязаў сваё жыццё з морам, дакладней, з яго глыбінямі.
Клятву стрымалі
Калі вучыўся на другім курсе, выпаў яму водпуск. Прыехаў Мікалай, сустрэўся з суджанай і ў той жа дзень яны вырашылі пажаніцца. 12 снежня 1975 года Зоя і Мікалай злучылі свае лёсы, сталі мужам і жонкай. На другі дзень пасля рэгістрацыі іх чакала вясельнае падарожжа ў Ленінград. Дзесяць шчаслівых дзён, якія яны там правялі, запомніліся на ўсё жыццё.
Зоя скончыла бухгалтарскую школу ў Гродна і ўладкавалася на працу ў Свіслацкі банк. Яшчэ двойчы ездзіла ў Ленінград: на 8 Сакавіка і на Дзень Ваенна-Марскога флота. Гарачыя сустрэчы з любым таксама засталіся ў памяці незабыўнымі.
Скончылася вучоба ў Мікалая, і ён атрымаў накіраванне на паўночны флот у горад Мурманск. Зоя, зразумела, паехала з мужам. Там далі ім невялічкі пакой. Але і яго маладая гаспадынька сумела зрабіць утульным і прыгожым. Там Зоя падзялілася з мужам “вялікай таямніцай” аб тым, што ў іх будзе дзіцятка. Мікалай свяціўся ад радасці, атуляў любую пяшчотай і ўвагай.
Нараджаць Зоя прыехала дадому. Тут, каля мамы, было спакайней. З радзільнага дома сустракаў муж і мама. Але, калі дачушцы споўніўся месяц, Зоя ўжо была ў дарозе да Мурманска. Сям’і далі новую кватэру. Там ужо нарадзілася другая дачушка – Алеся.
У сталіцы Запаляр’я мы пражылі дзевяць гадоў, – дзеліцца ўспамінамі Зоя Васільеўна. – Потым Мікалая перавялі ў Мінск, а пазней – на Камчатку. Жылі ў пасёлку Рыбачы. Муж служыў на падводнай лодцы. Я якісь час працавала ў банку, а потым на камбінаце бытавога абслугоўвання. Там прабылі мы да выхаду на пенсію. На той час ужо не было на свеце бацькі. Мама жыла адна. А калі занядужыла і злягла, то мы з сястрою па чарзе яе даглядалі па два тыдні. Цяжка бачыць, як марнее родны чалавек, а дапамагчы нічым не можаш. Стараліся толькі хоць трошкі аблегчыць яе становішча. Падтрымлівалі, як маглі, але… Вось ужо амаль тры гады, як няма на свеце мамы. І два, як мы пераехалі сюды на пастаяннае жыхарства. Бо няма на ўсім свеце месца лепшага за тое, дзе прайшло дзяцінства, юнацтва, з якім звязаны самыя цудоўныя ўспаміны. Дом, дзе нарадзіўся і вырас Мікалай, таксама не стаіць занядбаным. Яго купілі добрыя людзі пад дачу.
Што зрабілі за гэты час? Памянялі вокны, правялі ацяпленне, устанавілі душавую кабінку. А у асноўным стараемся, каб заставалася ўсё, як было пры маме. Я рэстаўрую яе вышытыя карціны, вунь, паглядзіце, якія яны прыгожыя. У мамы залатыя рукі былі. Яна так умела ўсё зрабіць дакладна, прыгожа. Мела добры густ, у дробязях бачыла нешта асаблівае, тонкае, самавітае. Дзякуй богу, пражыла 86 гадоў, дачакалася праўнукаў.
Талент у спадчыну ад маці
Зоя Васільеўна паказвае мне адрэстаўрыраваныя вышытыя карціны сваёй маці. Яны з’яўляюцца сапразўдным упрыгожваннем дома. І ўсе тыя дробязі: кветкі, зробленыя рукамі любай матулі, яе вышытыя сурвэткі, дэкаратыўныя цацкі, захоўваюцца, як каштоўныя скарбы, бо яны такімі і з’яўляюцца для дачкі.
Талент бачыць прыгожае ў звычайным перадаўся дачцы. Яна не толькі ўмее падарыць другое жыццё матуліным вышыўкам і другім вырабам, а і сама можа стварыць нешта такое, ад чаго займае дух. Яна піша карціны і не толькі на палатне, а і на звычайных талерках. Дорыць іх дачушкам, родным, сябрам.
Зараз ужо зіма, а вясною, летам і да позняй восені каля бацькоўскай хаты цвітуць самыя розныя кветкі. Іх вельмі любіла маці, яе душа зараз цешыцца, што амаль нічога не змянілася з тых пор, як яна пакінула гэты свет. Так і павінна быць. бо тыя, каго мы любім, заўсёды побач. Мы іх не бачым, але адчуваем душой.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіву сям’і Камяк
Электронная
подписка на «СГ»
Подробнее
подписка на «СГ»