banner

Жыцця гадочкі залатыя

15 Мая’17
1444

Жыцця  гадочкі залатыя

З вялікай утульнай хаты Веры Васільеўны і Васіля Андрэевіча Гінчаў разляцеліся ў свет, нібы птушкі, чацвёра іх дзяцей.

 

Старэйшы Віктар з малога захапляўся радыётэхнікай, таму паступіў у Калінінград у ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча. Потым у Рыгу. Са сваёй сям’ёй лётчык-радыёінжынер аб’ездзіў амаль увесь былы Савецкі Саюз, служыў у Манголіі. Аляксандр пасля вучобы ў Жыровіцкім саўгасе-тэхнікуме разам з жонкай асеў на Скідзельшчыне. Мае мноства ўзнагарод і падзяк за добрасумленную працу. А вось Васіль пасля вучобы ў Бераставіцы застаўся ў роднай вёсцы, працуе з юнацтва ў родным калгасе на любай зямлі, як і малодшая сястра Ганна.

 

Зараз ціха і спакойна ў пакоях, і Вера Васільеўна – гаспадыня свайму часу. Няспешна займаецца ў свае 80 год няхітрымі хатнімі справамі. І дзякуе Богу, што сёння ёй жывецца добра і цёпла ад увагі родных і блізкіх.

 

Яна нарадзілася тут, у Грынках. Усяго тры гадочкі было, як на ваенныя зборы ў 1941 годзе забралі тату. Пачалася вайна. Адтуль ён быў прызваны на фронт ды так і не вярнуўся дамоў. Гадавала і падымала іх траіх маці Ганна Андрэеўна. Зямлі было шмат, а ў памочнікаў рукі малыя ды нядужыя. Не было рады за ўсё брацца. І вось ранняй халоднай вясной 1950 года маці прастудзілася на нарыхтоўцы дроў і аставіла сваіх маленькіх сіроткамі. Дзяцей забрала дзядзькава жонка ў гаманлівую шматдзетную сям’ю. Вучыцца Веры часу не было. Каб выжыць у той складаны час, трэба было працаваць. Так – хто лепей, хто горш – жылі ўсе вяскоўцы ў пасляваенныя гады.

 

Але маладосць брала сваё. Бегалі на танцы, збіраліся вечарамі, спявалі песні, расказвалі смешныя гісторыі, улюбляліся. У адзін з вечароў дадому высокая прыгожая Вера ішла не адна...

 

Пажаніліся маладыя ў 1957 годзе, вянчаліся ў Дабраволі ў царкве і пражылі душа ў душу амаль пяцьдзясят гадкоў.

 

Васіль Андреевіч таксама нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і. А што ўжо меў спрыт да працы – проста не расказаць. Усё гарэла ў яго руках. Адразу пасля вяселля на хутары Клеціск купілі дом, які дружная сям’я Гінчаў дапамагла перавезці ў Грынкі. Працавалі разам на ферме. Трымалі вялікую гаспадарку. Стараліся ўсё для дзяцей. «Галоўнае ў сям’і – лад і спакой, павага і разуменне, – зазначае Вера Васільеўна. – Залатыя гады майго жыцця – пражытыя разам з Васілём».

 

У дні васьмідзесяцігадовага юбілею да Веры Васільеўны з’ехаліся ўсе родныя і блізкія. Было шумна і весела, шмат успамінаў, размоў і песень.

 

Марыя САМАЛЕВІЧ,
аг. Грынкі.

Предыдущая статья

Восемь «Я» –дружная семья