banner

Я пакінула свой садок, свае сцежачкі

05 Февраля’16
1777

Я пакінула свой садок, свае сцежачкі

Леакадзіі Аляксандраўне Гурскай 1 студзеня споўніўся 101 год. Вось які доўгі шлях выпала ёй прайсці. Не была тая дарога лёгкай і шырокай, колькі раз за жыццё прыходзілася гнуцца да зямлі пад цяжарам крыжа, які быў ёй наканаваны. Усяго хапіла за стагоддзе.

Нарадзілася ў Скраблах, у шматдзетнай сям’і, там расла і замуж выйшла за добрага працавітага хлопца Мікалая. Быў ён краўцом, касцюмы шыў, кажухі, кашулі, сукенкі. Людзі да яго ішлі са ўсіх навакольных вёсак. Вельмі добрым быў майстрам. Але дзесяць, усяго дзесяць шчаслівых гадкоў было адмерана ім лёсам. Памёр Мікалай раптоўна. Сэрца схапіла, упаў і не ўстаў. Але па сённяшні дзень у душы Леакадзіі Аляксандраўны засталіся светлыя ўспаміны аб ім. Яна памятае кожны дзень, пражыты з любімым мужам, яго дабрыню, яго словы, яго дотыкі, яго погляд…
– Я засталася з двума маленькімі дзеткамі, – дзеліцца горкімі ўспамінамі даўно пасівелая бабулька. – А мы з мужам толькі-толькі хату новую сабраліся будаваць, бо жылі ў яго бацькоў, у маленькай хатцы. Без мужа будавалася і дзяцей адна падымала. Было так цяжка, што выказаць не магу. Працавала спіны не разгібаючы, свету не бачыла за працаю. Бывала, дадуць дзялку буракоў 30 сотак, бягу палоць, а дзяцей свякрові пакідаю. Сонца пячэ, ні вятрынкі няма, а я ўсё хутчэй ды хутчэй, бо трэба дадому, там гаспадарка. Восенню трэба кожны бурачок вырваць, пачысціць, а потым на прыцэп пагрузіць. А яны ж вялізарныя раслі, як падняць. На жываце скура балела, не дакрануцца было.
Лён самі рвалі, у снапкі вязалі, сушылі, потым часалі і здавалі. Толькі зімою можна было трошкі адпачыць. Але ж без працы таксама ніхто не сядзеў. Пралі, ткалі, вышывалі,  
Усё перажылося. І старасць хутка прыйшла, вось адна-адзінюткая засталася. Браты і сёстры паўміралі, і сыноў ужо пахавала. Старэйшы Мікалай ужо даўно памёр, а малодшы Юра ў агні загінуў зусім нядаўна…
Ніколі не думала, што на старасці лет прыйдзецца пакінуць свой куточак, які так цяжка будавала, дзе недаядала, недасыпала. Мне і ў сне не снілася, што праца мая з агнём пойдзе, што хатка мая галавешкай стане. І садочак мой там, і сцежачкі маімі ножкамі вытаптаны. Каб хто ведаў, як гэта балюча, як цяжка змірыцца.
Не хацелася мне пакідаць хатку, ой як не хацелася, калі мяне забіралі ў гэты дом. Душа адчувала, што астатні раз бачу яе, ды і сыночка таксама. Але другога выйсця ў мяне не было. За зіму памерла б, напэўна.
А тут мне добра. Тут мяне шкадуюць. Есці заўсёды наварана, і чыста, і ўтульна.  Не магу ні на што паскардзіцца. Вось ужо шосты месяц пайшоў, як я жыву ў Кабыльніках у доме сумеснага пражывання.
Леакадзія Аляксандраўна мае двух унукаў, трох праўнукаў і трох пра-праўнукаў. Яны памятаюць пра сваю бабулю, праведваюць яе, прывозяць гасцінцы. Яна ўдзячна дырэктару цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Мікалаю Іванавічу Арлу за яго прапанову прыехаць у гэты дом, за яго дабрыню і спагаду, удзячна сацыяльнаму работніку Святлане Міхайлаўне Чарнецкай за яе добразычлівасць, за тое, што дапамагае ва ўсім. Вось так і жыве бабуля Лёдзя, ходзіць з двума кіёчкамі, амаль аслепла на адно вока, але ўсё памятае, асабліва маладыя гады, калі хоць і цяжка жылося, але ўсё жыццё было наперадзе і светлыя надзеі раіліся ў галаве.

 

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Фото Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Девушки хотят служить в милиции