У лютым гэта прыгожая пара адзначыць сваю чарговую гадавіну. Споўніцца восем гадоў, як яны разам. Яны – гэта Дзмітрый і Ірына Германы, тата і мама слаўных сімпатычных хлопчыкаў Артура і Алёшкі. У іх доме пануюць згода і ўзаемапавага. Сваё пачуццё адзін да аднаго, якое здаўна людзі завуць каханнем, яны берагуць, як найвялікшы скарб. І Ірына, і Дзіма разумеюць адзін аднаго з паўслова, і таму ў іх не бывае канфліктаў і непаразуменняў.
Можа, таму, што святое Божае благаславенне падчас вянчання яны не ўспрымалі як прыгожы рытуал, а аднесліся да яго вельмі сур’ёзна, і словы, якія яны сказалі, гледзячы адзін аднаму ў вочы, для іх з кожным годам набываюць усё большы сэнс.
Ірына з маленства з мамай хадзіла ў касцёл, Дзіму мама вучыла праваслаўным малітвам, не забывала прыводзіць у храм на вялікія святы. І таму душа сына таксама цягнулася да Бога.
Калі аднойчы летам ён пазнаёміўся з прыгожай дзяўчынай, яна адразу запала ў яго сэрца. Яны сустракаліся год з паловай, і, калі Дзіма зрабіў прапанову рукі і сэрца, Ірына не вагалася, бо ведала, што ён будзе добрым мужам, надзейным і клапатлівым, за такога можна ісці замуж. Тое, што яна каталічка, а ён праваслаўны, бацькі абоіх успрынялі спакойна. Бог жа адзін, які сэнс спрачацца і разбіваць два шчаслівыя сэрцы.
І вось ужо амаль восем гадоў мінула з таго дня, як яны прысягнулі адзін аднаму ў вернасці і каханні да самых апошніх дзён.
Падрастаюць сыночкі: Артуру 6 гадоў, ён ходзіць у першы клас, любіць гуляць з татам у шахматы, летам – у футбол, моцна прывязаны да малодшага браціка Алёшкі і з задавальненнем важдаецца з ім, калі мама чым-небудзь займаецца па дому.
Святы сустракаюць усе разам. На каталіцкія Каляды ідуць да Ірынай мамы, на праваслаўныя – да Дзімінай. Гэта такая традыцыя – вялікія святы сустракаць разам з бацькамі. Тое ж самае і на Вялікдзень.
Наогул у сям’і Германаў вельмі шмат увагі ўдзяляецца выхаванню дзяцей. З маленькага хлопчыкаў вучаць, як трэба адносіцца да мамы з татам, да бабуляў, дзядуляў, наогул да дарослых людзей. Хлопчыкам тлумачаць, што такое сям’я, як трэба яе берагчы, каб ніколі не парваліся сямейныя сувязі, а, наадварот, мацнелі. Тата служыць для сыноў добрым прыкладам, ва ўсім дапамагаючы маме, шануе яе, клапоціцца аб ёй. Дзеці не чуюць брыдкаслоўя, сваркі, нават павышанага голасу. Тут пануюць любоў і згода.
Кожную нядзелю Ірына з Артурам (Лёшачка пакуль яшчэ маленькі) ідуць у касцёл, сынок даўно навучыўся маліцца і робіць гэта без напамінаў кожны вечар.
На сцяне побач вісяць два абразы: каталіцкі і праваслаўны. Гэтымі абразамі благаславілі маладых бацькі перад шлюбам, і зараз яны з’яўляюцца сямейнымі рэліквіямі, берагуць сям’ю ад усяго злога.
Сёння Ірына з Дзімам і сыночкамі зноў сабяруцца разам за вігілійным сталом у Ірынінай мамы. Будзе гучаць сумесная малітва, і ўсе падзеляцца аплаткам, жадаючы адзін аднаму здароўя, шчасця і Божага благаславення. А праз акно з высокага неба будзе ім слаць сваё прывітанне Бэтлеемская зорка. Няхай жа яе святло дакранецца да кожнага сэрца ў гэтай шчаслівай сям’і, няхай тое шчасце будзе вечным.
Ядзвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.