banner

Вярнуўся бусел – носіць унучанят

08 Января’09
2331

Вярнуўся бусел – носіць унучанятПершая сустрэча з вялікай сям’ёй Марыны і Аляксея Шарыкаў адбылася ў мяне роўна дзесяць гадоў назад. Праз некаторы час пасля таго Марыне Антонаўне быў уручаны ордэн Маці. Такую ўзнагароду, вядома ж, не за прыгожыя вочы даюць, а за вялікі мацярынскі подзвіг, за прысвячэнне сябе найважнейшай справе на свеце — быць Маці.

Шасцёра прыгожых дзетак нарадзілася ў гэтай сям’і, і кожнаму з іх хапіла цеплыні і любові, увагі і пяшчоты бацькоў, таму і раслі яны здаровенькімі, моцнымі, паслухмянымі, разумнымі. Для мамы і таты няма і не будзе нічога ў свеце даражэйшага за сынкоў і дачушак. Дзеці — іх надзея, радасць і шчасце. Кожнае дзіцятка было жаданым і любым, і ніякія цяжкасці не маглі параўнацца з пяшчотай іх, прамяністасцю ўсмешак, даверлівасцю вочак. Ці ёсць што на свеце каштоўнейшае за гэтыя скарбы?!

Аляксей Аляксеевіч па-ранейшаму працуе інжынерам-энергетыкам, толькі зараз у ДП “Свіслацкая сельгастэхніка”. Марына Антонаўна — лабарантка УАЗ “Свіслацкая ЦРБ”. Жывуць яны ў згодзе, ва ўсім падтрымліваюць адзін аднаго, цешацца дзеткамі.

Хутка бягуць год за годам. Вунь ужо самаму малодшанькаму Косціку 14 споўнілася. А двое старэйшых, Валодзя і Наталля, ужо не толькі пакінулі бацькоўскі дом, а і свае сем’і маюць. Уладзімір атрымаў дзве вышэйшыя адукацыі. Скончыў Беларускі дзяржаўны агратэхнічны універсітэт, атрымаўшы спецыяльнасць інжынера-энергеціка. А потым у той жа ВНУ — эканамічны факультэт. Абсталяваўся ў Мінску, працуе там у прыватнай фірме і гадуе з жонкай Алесяй дачушку Палінку. Наталля вывучылася ў Гродзенскім універсітэце імя Я. Купалы на дэфектолага. Яна вышла замуж за свіслачаніна Андрэя Грыку і нарадзіла яму дзвюх дачушак — Дашаньку і Дзіянку. Алёнка таксама ўжо вылецела з роднага гнязда. Таксама паспяхова адвучылася ў ГрДзУ імя Я. Купалы, завочна паступіла ў магістратуру і зараз працуе ў Гродне ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Ёй падабаецца праца, зносіны з дзецьмі, але, як толькі выпадае магчымасць, яна рвецца дадому, у Свіслач.

Вось-вось пакіне бацькоўскі дом Таццянка. У гэтым годзе яна атрымае атэстат аб сярэдняй адукацыі і пойдзе шукаць сваю жыццёвую дарогу. Яна скончыла школу мастацтваў. Актывістка, удзельніца ўсіх мерапрыемстваў, наогул, вельмі вясёлая і дасціпная дзяўчынка. Марыць Таццянка стаць гісторыкам. І мара яе, несумненна, споўніцца. Інакш і быць не павінна, мама з татам заўсёды вучылі яе быць настойлівай і дабівацца сваёй мэты. Застануцца дома толькі малодшанькія — Ігар і Косцік. Яны старанна вучацца ў дзевятым і восьмым класах САШ № 2 імя М. Масонава, дзе, дарэчы, вучыліся старэйшыя брат і сёстры. Ігар захапляецца камп’ютэрам, а вось Косця мае значныя дасягненні ў спорце. Ён чэмпіён вобласці па вольнай барацьбе, заняў трэцяе месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па гэтаму віду спорту, а таксама першае ў турніры імя А. Саўко. Ён няўрымслівы і дапытлівы, цікаўны і добразычлівы хлопец. Пэўна, дзякуючы ўсім гэтым якасцям, ён быў запрошаны ў Палац Рэспублікі на навагодняе дабрачыннае свята з удзелам Прэзідэнта А. Р. Лукашэнкі. Вярнуўся Косця адтуль з велізарным падарункам і цэлым “мехам” уражанняў. Ён з захапленнем расказваў сваім хатнім аб тым, якую цудоўную святочную праграму падрыхтавалі для дзяцей у Мінску, як цікава было пабачыць на ўласныя вочы Ксенію Сітнік, Аляксея Жыгалковіча і іншых артыстаў, якой прыгожай была ёлка. Вядома ж, весела было на гэтым свяце, але ўсё роўна няма ў свеце лепшага месца, чым родны дом, дзе такія любыя мама і тата, браты і сёстры. Дзе заўсёды так утульна і хораша, дзе чуецца такі лагодны матулін голас, дзе пахне яе смачнымі блінцамі і пірагамі.

Хутка, ах як хутка растуць дзеці. Яшчэ гадок па гадку і малодшанькія пакінуць бацькоўскі дом. Але, бадай што, сумаваць маме з татам часу не будзе. Той бусел, што некалі так добрасумленна насіў ім дзетак, пасля нядоўгага адпачынку ўзяўся насіць унукаў. Трое ўжо даставіў. Так што справы для бабулі з дзядулем таксама хопіць.

Няхай жа не сціхаюць дзіцячыя галасы ў гэтым гасцінным доме, няхай зорачкамі свецяцца вочкі ў кожным куточку, няхай і надалей пануюць тут любоў і згода.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

В хороводе — одаренные
Похожие новости
24 Февраля’21
1237
Пажылыя – пажылым
15 Мая’20
3102
Мечты сбываются