banner

Шчасце – гэта калі цябе абдымаюць

15 Октября’12
3805
Шчасце – гэта калі цябе абдымаюцьДва сыночка-званочка і дзве дачушкі-весялушкі гадуюцца ў сям’і Аліны і Аляксандра Чалбышавых з вёскі Пацуі. Таму тут не сціхаюць дзіцячыя галасы, напаўняючы дом радасцю і цеплынёй. А як цешыцца матуля, гледзячы на сваіх дзетак, як радасна б’ецца яе сэрца ад адчування мацярынскага і жаночага шчасця!
А яшчэ зусім нядаўна ў гэтым сэрцы жылі горыч расчаравання і адзіноты. Далейшы лёс здаваўся бязрадасным і самотным. Ды і што можа адчуваць жанчына, аўдавеўшая ў 30 гадоў. Менавіта столькі было Аліне, калі яна пахавала мужа і засталася з двума невялічкімі хлопчыкамі на руках. Было крыўдна і балюча, але яна з усёй сілы стрымлівала слёзы адчаю і поўнасцю аддавала сябе дзецям – Эдзіку і Уладзіку. Яны раслі добрымі і паслухмянымі, як маглі дапамагалі маме, шкадавалі яе. Аліна пры дзецях старалася быць вясёлай, не паказваць свайго адчаю. І толькі калі лажылася спаць, то доўга-доўга не магла заснуць ад успамінаў.
…Нарадзілася і вырасла Аліна ў Шурычах. Скончыла школу, паступіла ў Гродзенскі аграрны інстытут, бліскуча скончыла яго, атрымала чырвоны дыплом і спецыяльнасць заатэхніка і была накіравана на працу ў Новы Двор. Праз год вышла замуж за хлопца Анатоля з Янаўшчыны. Нарадзіліся адзін за адным сыночкі. Здавалася, што яшчэ трэба? Але жыццё не складвалася, хоць Аліна старалася з усёй сілы, каб у доме былі лад і згода. Не жыла – цярпела. На той час яны пераехалі ўжо ў Пацуі, гаспадарка выдзяліла дом з усімі выгодамі, ды толькі, відаць, не ў выгодах шчасце. Балела душа ад таго, што ўсё не так склалася, як хацелася, як марылася ў дзявоцтве. А потым раптам усё скончылася: неўзабаве памёр муж, і боль стаў яшчэ большым.
Жыла дзеля дзяцей, працавала заатэхнікам-селекцыянерам у ААТ «Акр-Агра» і не думала, не чакала, што яшчэ спаткае сваё шчасце, што будзе свята і на яе вуліцы…
Аляксандр Чалбышаў увайшоў у жыццё Аліны нечакана, як праліўны дождж сярод спякотнага дня. Увайшоў, адагрэў, падарыў надзею і шчасце. Ізноў у вачах засвяцілася радасць, і хацелася абняць цэлы свет. Радасць тая ўдвоілася, калі нарадзілася дачушка Ірынка, а праз год і два месяцы другая – Віка. Аліна ажыла. Яна нарэшце спазнала, што такое жаночае шчасце, што такое быць любай жонкай, што такое адчуваць абарону з боку надзейнага і любімага мужа.
Эдзіка і Уладзіка Аляксандр прыняў у сэрца, як родных. Яны таксама даверліва пацягнуліся да яго. І хоць называюць дзядзькам Сашам, але туляцца, як да бацькі, слухаюцца, раяцца з ім, проста любяць за шчырасць і дабрыню. А малодшых сястрычак проста абажаюць, увесь вольны час бавяць з дзяўчынкамі, могуць і пакарміць, і памперс змяніць, а тыя плацяць узаемнасцю і не адыходзяцца ад брацікаў.
Калі сям’я атрымала статус мнагадзетнай, то з дапамогай дзяржавы Чалбышавы купілі дом. У ім вось-вось скончыцца рамонт, і яны пераедуць на новае месца жыхарства. Там будуць уласныя пакоі і для хлопчыкаў, і для дзяўчынак, вялікі сад і вельмі шмат месца для гульняў.
У весцы, зразумела, мала часу на адпачынак. Але бацькі знаходзяць яго для дзяцей. Не раз ездзілі ўсе разам у Каробчыцы, Жыровічы, у Пружанскі аквапарк, на возера. Кожны дзень нараджэння сыноў і дачушак – свята. На стале абавязкова – торт, многа рознага смакоцця. А ў Дзень маці Аліна атрымае ад мужа кветкі, моцныя абдымкі, падарунак і пачуе многа добрых і ласкавых слоў. Да мамінага свята дзеці таксама рыхтуюцца загадзя. Яе абавязкова чакае прыемная неспадзянка, зробленая ўласнымі рукамі хлопчыкаў. Дзяўчынкі яшчэ маленькія, Ірынцы яшчэ не споўнілася двух гадкоў, а Вікулі ўсяго шэсць месяцаў, але маме даволі таго, што яны моцна абдымуць яе ручкамі за шыю і соладка пацалуюць. У такія хвіліны Аліна Іванаўна адчувае сябе самай шчаслівай у свеце.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота аўтара.

Предыдущая статья

Привьемся от гриппа