banner

Дзівоснае святло сямейнага шчасця

25 Декабря’11
2334

Дзівоснае святло сямейнага шчасця

Свята Ражаства! Самае светлае і прыгожае свята. Яго з нецярпеннем чакаюць і дарослыя, і дзеці. Першыя – вялікага цуда нараджэння Хрыста, другія – елачкі, падарункаў, прысмакаў. У святы вечар, калі на зямлю апускаецца змрок і на небе ўспыхвае першая зорачка, нас ахутвае нейкае дзіўнае пачуццё незямной асалоды і таямнічасці. Менавіта ў такія хвіліны прыходзіць адчуванне Вялікага Дзіва – з’яўлення на зямлю Сына Божага.

У кожнай сям’і гэтую навіну сустракаюць па-свойму. У вёсачкі да старэнькіх матуль з’язджаюцца дзеці і ўнукі, каб пасядзець за святочным сталом, падзяліцца аплаткаю, акунуцца ва ўспаміны дзяцінства і пацешыцца разам з такой Вялікай нагоды. У каго няма ўжо такой мажлівасці, сабіраюцца сваёй сям’ёй, адзначаюць Нараджэнне Езуса, дораць адзін аднаму падарункі і добрыя пажаданні.

Нехта ўсведамляе асаблівую значнасць той вялікай падзеі, што адбылася больш як дзве тысячы гадоў таму, для некага гэта проста добрая традыцыя, нагода лішні раз сабрацца за сталом.

Сёння пойдзе гаворка пра сям’ю, дзе добрыя традыцыі бацькоў і дзядоў не проста захаваліся, а шануюцца з асаблівым хваляваннем, як дарагая рэліквія. Гэта сям’я Дзямянчыкаў са Свіслачы. За дзве гадзіны гасцявання ў Марыі Іванаўны і Віталія Сцяпанавіча мне здалося, што знаходжуся ў нейкім іншым вымярэнні, так шмат тут цеплыні і ўтульнасці, шчырасці і добразычлівасці. Вось, здавалася б, так шмат гадоў знаёмы з людзьмі, амаль штодня вітаешся з імі на вуліцы, а так мала, амаль нічога, пра іх не ведаеш. Затое колькі непадробнай радасці адчуваеш, калі табе дазваляюць дакрануцца да гэтай таямніцы, акунуцца ў дзівоснае святло сямейнага шчасця…

Зараз Віталь не памятае, што гэта было за свята, калі ён прыйшоў у Студзеніцкі клуб. Там сабралася шмат людзей, а на сцэне ішоў канцэрт. Мясцовыя артысты спявалі, чыталі вершы, танчылі. І была сярод іх адна дзяўчына, ну зусім яшчэ маладзенькая, якая адразу кінулася хлопцу ў вочы. Раптам у грудзях нешта страпянулася, узнялася ў сэрцы такая цёплая хваля, што Віталь адразу зразумеў: гэтая дзяўчына лёсам яму наканавана.

Зразумець-то зразумеў, але ж не так проста было да яе падступіцца. Па-першае, яна была яшчэ зусім дзяўчо, у восьмы клас хадзіла, па-другое, ну зусім ніякай увагі на хлопца не звяртала, нават вокам ні разу не кінула. Але ж хлопец рукі не апусціў. Пайшоў, як кажуць, іншым шляхам: стаў пратоптваць дарожку да яе маці. Мацярынскае сэрца аказалася больш прадбачлівым і амаль адразу адкрылася наўсцяж насустрач будучаму зяцю. А той быў рады старацца: то дроў паможа прывязці, то сена схаваць, то бульбу выкапаць.

Тым часам Марыя падрастала і станавілася ўсё больш прыхільнай да такога дасціпнага хлопца. Скончыла дзесяцігодку, паехала паступаць у Брэсцкі педінстытут імя Пушкіна. Вось дзе было хваляванне Віталю! Гэта ж горад, новыя знаёмствы, а хлопцаў колькі, ураз могуць адбіць. Таму, калі Марыя не прайшла па конкурсу, ён нават быў рады. А дзяўчына вярнулася ў вёску і стала працаваць у Навасадскай школе важатай. А праз паўгода прыехалі туды загадчык раённага аддзела адукацыі з дырэктарам Студзеніцкай школы і прапанавалі стаць выкладчыкам англійскай мовы ў роднай школе. Вось гэта быў шок для дзяўчыны. Гэта ж не жартачкі, паўгода не прайшло, як сама там вучылася, а тут на табе… Адмаўлялася доўга, баялася — не выказаць, але ж у рэшце рэшт яе ўгаварылі.

На першы ўрок дырэктар прыйшоў. Пасядзеў, паслухаў і зразумеў, што не памыліўся. Мала таго, у хуткім часе Марыя вяла рускую мову і літаратуру, гісторыю, этыку, музыку і спевы. Адным словам, аказалася спецыялістам шырокага профілю.

Наступным летам зноў паехала ў Брэст і паступіла на завочнае аддзяленне. А ў снежні 1985-га акурат пасля свята Божага Нараджэння Віталь і Марыя пажаніліся.

І вось сёлета яны адзначаць ужо 26 дзень нараджэння сваёй сям’і. Паспелі вырасці сын Аляксандр і дачушка Аленка. У гэтым годзе нават нявестачка Надзея ўжо з’явілася. Яна з першых дзён лёгка і проста ўлілася ў цудоўны свет гэтай сям’і і адчувае сябе тут вельмі камфортна.

Кожная сямейная гадавіна для Дзямянчыкаў – свята. Віталь стараецца зрабіць жонцы што-небудзь прыемнае, каб дзень той надоўга запомніўся. Вось, напрыклад, які сюрпрыз ён зрабіў на 20-годдзе сумеснага жыцця. Яшчэ заранёў, пакуль Марыя была ў школе (а працуе яна настаўніцай пачатковых класаў СШ № 3 г. Свіслач і, дарэчы, сёлета заслужыла высокае званне «Настаўнік года-2011»), вынес у падвал касцюм, у якім браў шлюб (нават вясельны банцік захаваў), шампанскае, цукеркі і ружу. І вось вечарам, калі жонка вярнулася з працы, ён ціхенька выйшаў з хаты, пераапрануўся і пазваніў у дзверы з надзеяй, што адчыніць іх менавіта Марыя. Памыліўся – адчыніў сын. Сказаць, што ён здзівіўся, – нічога не сказаць. Перад хлопцам на парозе стаяў франт у чорным касцюме, белай сарочцы, з гальштукам і шлюбным банцікам на лацкане пінжака. У адной руцэ ён трымаў бутэльку шампанскага, у другой – вялікую каробку цукерак, а ў зубах – шыкоўную ружу. Вось гэта з’ява! Праз некалькі секунд разгубленай цішыні сын першы прыйшоў да сябе і паклікаў: “Мама, гэта да цябе…” Потым яны ўсе разам сядзелі за сталом, пілі шампанскае, елі цукеркі і над імі лунаў свет сямейнага шчасця.

Сёння ў каторы раз тут запаліцца вігілійная свечка і каляровымі агеньчыкамі будзе зіхацець елачка. Усе сабяруцца за прыгожа накрытым сталом і пасля шчырай малітвы падзеляцца аплаткаю. Сардэчныя пажаданні адзін аднаму будуць ліцца з самых сэрцаў і таму абавязкова споўняцца. А потым будзе, бадай, самае цікавае – падаруначная традыцыя. Аленка, як заўсёды (у яе такая “пасада” ў доме), палезе пад елачку за падарункамі. Там іх мноства, бо кожны член сям’і рыхтуе неспадзянку для сваіх родных. І таму кожны атрымлівае мінімум па тры падарункі. Колькі радасці, захаплення, вясёлага смеху, колькі любові ў вачах кожнага члена сям’і. А потым усе разам спяшаюцца ў касцёл на пастэрку, каб падзякаваць нованароджанаму Езусу за падоранае шчасце, каб папрасіць Яго благаславення для ўсіх родных і блізкіх.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

На снимке: Марыя і Віталій Дзямянчыкі з сынам і нявесткай.

Фота Ядвігі КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

Мама, я бачу!
Похожие новости
24 Февраля’21
1235
Пажылыя – пажылым
15 Мая’20
3099
Мечты сбываются