banner

У Беларусі ўводзяцца новыя падыходы да разліку паказчыкаў даўгавой нагрузкі і забяспечанасці крэдыту

29 Апреля’20
749

 Праўленне Нацыянальнага банка прыняло пастанову нумар 100 ад 31 сакавіка 2020 года "Аб разліку паказчыкаў даўгавой нагрузкі і забяспечанасці крэдыту", якая ўступае ў сілу з 1 мая, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Згодна з дакументам, пры ацэнцы крэдытаздольнасці заяўніка (крэдытаатрымальніка) - фiзiчнай асобы, за выключэннем індывідуальных прадпрымальнікаў, банк пры прадастаўленні крэдыту на спажывецкія патрэбы будзе выкарыстоўваць паказчык даўгавой нагрузкі, пры прадастаўленні крэдыту на фінансаванне нерухомай маёмасці - паказчык забяспечанасці крэдыту.

Для мэт разліку паказчыка даўгавой нагрузкі фізічнай асобы да крэдытаў на спажывецкія патрэбы адносяцца авердрафтныя крэдыты, крэдыты на аплату навучання, набыццё аўтатранспартных сродкаў, сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама вядзенне дзейнасці, якая не адносіцца ў адпаведнасці з заканадаўствам да прадпрымальніцкай (па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, рамесная дзейнасць і г.д.), крэдыты на ўмовах растэрміноўкі і інш.

Паказчык даўгавой нагрузкі разлічваецца як працэнтныя суадносіны сумы штомесячных плацяжоў фізічнай асобы і памеру яе сярэднямесячнага даходу. У прыватнасці, у разлік сумы штомесячнага плацяжу ўключаюцца плацяжы па прадастаўляемым крэдыце, аперацыях крэдытнага характару (плацяжы па крэдытных дагаворах, дагаворах пазыкі з мікрафінансавымі арганізацыямі, дагаворах факторынгу, лізінгу), дагаворах аб камерцыйных пазыках (рознічны продаж тавараў у крэдыт, адтэрміноўка або растэрміноўка аплаты тавараў, што рэалізуюцца ў рознічным гандлі), прадастаўленых фізічным асобам.

Паказчык даўгавой нагрузкі не павінен будзе перавышаць 40 працэнтаў. Перавышэнне ўстаноўленага значэння будзе дапускацца адносна запазычанасці па крэдытах (з улікам прадастаўляемага), што будзе складаць не больш за 10 працэнтаў ад агульнай сумы запазычанасці па крэдытах на спажывецкія патрэбы.

Паказчык забяспечанасці крэдыту будзе разлічвацца як працэнтныя суадносіны сумы крэдыту і кошту аб'екта нерухомай маёмасці, якая прымаецца ў залог у якасці забеспячэння, і (або) сумы іншага забеспячэння ў адпаведнасці з дагаворам. Гэты паказчык не павінен перавышаць 90 працэнтаў.

Предыдущая статья

«Прямую линию» проведет и.о. первого секретаря Свислочского районного комитета ОО «Белорусский республиканский союз молодежи» Алена Лобач